Выйшла ўнікальная кніга Леаніда Лаўрэша і Галіны Лаўрэш “Там, дзе спыніўся час…. Лідскія гістарычныя некропалі”, 222 с.
У кнізе, грунтуючыся на архіўнай інфармацыі, працах гісторыкаў, мемуарах лідзян і артыкулах старых газет, расказваецца гісторыя старажытных (да паловы XX ст.) могілак горада Ліда.
Кніга пачынаецца з двух эпіграфаў:
Люблю я могілкі з каплічкай,
Прыселле насыпаў і пліт,
Дзе крыж і страшыць, і галубіць,
Слязой дзе кожан дол абмыт.
Янка Купала.
Тут, дзе стагоддзі ў землю ўбіты,
Дзе пахавана войнаў замяць,
Між мёртвых помнікаў і плітаў
Жывым вятрыскам вее памяць.
Станіслаў Суднік.
Напачатку аўтары дзеляцца разважаннем, “што нікога не можа здзівіць думка, што большасці жыхароў любога горада сярод нас ужо няма, яны памерлі, і мы, тыя хто жыве зараз, у нейкім сэнсе дзелім нашы гарады з імі. Прычым, для іх гісторыя ўжо адбылася, і героі назаўжды застануцца героямі, мярзотнікі мярзотнікамі, а звычайныя, добрыя людзі, якія заўжды былі большасцю, добрымі людзьмі. У кожным старым горадзе ёсць месцы, дзе фізічна адчуваецца прысутнасць тых, хто раней за нас нарадзіўся, любіў, ненавідзеў, пакутаваў і радаваўся. Гэтыя месцы – старыя гарадскія могілкі. Усім вядомы могілкі на Росах у Вільні, Кальварыя ў Менску ці Лычакоўскія могілкіў Львове. Ёсць такія ж старажытныя, толькі зразумела, меншыя ў Лідзе – гэта старыя гарадскія (сярод жыхароў горада яны маюць назоў “каталіцкія”) і старыя праваслаўныя могілкі. Тут, сярод клёнаў і соснаў жыве мінулае нашага горада, і мы, калі прыходзім сюды, рухомыя сваёй цікаўнасцю да гісторыі, найчасцей каб адшукаць магільны помнік кагосьці з тых, пра каго пішам, адчуваем сапраўдны подых мінуўшчыны”.
І адна з аўтараў, а менавіта Галіна Лаўрэш, прайшла старыя каталіцкія могілкі ўздоўж і поперак і не адзін раз.
Старыя лідскія могілкі – ахвяра вандалізму канца савецкай эпохі. Больасць помнікаў тут разбіта і пера-вернута. Аднак, дзякуючы валанцёрам, старыя гарадскія (каталіцкія) могілкі ў 2017-2020 гг. былі прыведзены ў адносны парадак, узноўлена тое, што яшчэ можна ўзнавіць і складзены спіс пахаванняў па помніках, на якіхяшчэ нешта можна было прачытаць. Актыўны ўдзел у працы валанцёраў прымала менавіта Галіна Лаўрэш. Яна не толькі апрацавала спіс усіх расчытаных прозвішчаў, але і наслухалася самых розных гісторый ад далёкіх сваякоў нябожчыкаў, якія падчас рэстаўрацыі наведваліся на могілкі.
У канцы кнігі змешчаны спіс людзей, пахаваных на праваслаўных могілках, які склалі прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Змешчаны спіс людзей, пахаваных і на старых каталіцкіх могілках. Вось гэты спіс апрацавала Галіна Лаўрэш. Спісу людзей, пахаваных на Слабадскіх могілках, няма. Ён яшчэ чакае свайго складальніка.
Падаецца ў кнізе інфармацыя пра старажытныя ўніяцкія могілкі, пра старажытныя рыма-каталіцкія могілкі, пра яўрэйскія могілкі, пра вайсковыя могілкі. Даецца інфармацыя пра знакамітых лідзян, пахаваных на гэтых могілках. Цікавым ёсць факт, што пахаванне адмірала Зарэцкага на старых каталіцкіх могілках спрычынілася да таго, што лідскае згуртаванне вайсковых маракоў узяло самы чынны ўдзел у рэстаўрацыі гэтых могілак.
У кнізе падаецца інфармацыя пра змаганне лідзян супраць зносу старых могілак. У апошнія ўжо гады савецкай улады лідскія чыноўнікі вырашылі расправіцца такі з могілкамі: і з каталіцкімі, і з праваслаўнымі. На месцы старых каталіцкіх могілак меліся зрабіць парк, а ў капліцы Св. Барбары ці то краму рытульных тавараў, ці то піўбар…
Кніга ўжо выклікала цікавасць у жыхароў Ліды, і яе яшчэ можна знайсці ў лідскай кнігарні, а для тых, хто не паспеў, кніга ёсць у бібліятэцы.
Станіслаў Суднік.