Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Апошнім афіцыйным мерапрыемствам з удзелам нунцыя Ёзіча ў Беларусі стала гашэнне беларуска-ватыканскай маркі ў Гародні

Апошнім афіцыйным мерапрыемствам з удзелам нунцыя Ёзіча ў Беларусі стала гашэнне беларуска-ватыканскай маркі ў Гародні

27 верасня 2024, 19:13 Грамадства 76
Апошнім афіцыйным мерапрыемствам з удзелам нунцыя Ёзіча ў Беларусі стала гашэнне беларуска-ватыканскай маркі ў Гародні

16 верасня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылося ўрачыстае гашэнне паштовай маркі, прысвечанай цудадзейнаму абразу Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай, які ўжо больш за тры з паловай стагоддзі ўшаноўваецца ў горадзе над Нёманам.

Як адзначае прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі, марка была сумесна выпушчана Рэспублікай Беларусь і Ватыканам.

Яе гашэнне стала апошнім афіцыйным мерапрыемствам у Беларусі з удзелам Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, які завяршыў сваё амаль чатырохгадовае служэнне ў нашай краіне і ў бліжэйшыя дні скіруецца на новую місію ў прадстаўніцтве Святога Пасаду ў Грузіі і Арменіі.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня Канфе-рэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Менску ксёндз прэлат Крыштаф Сэрокa, які да прызначэння новага нунцыя будзе выконваць абавязкі Часовага паверанага ў справах Святога Пасаду ў Беларусі, духавенства, кансэкраваныя асобы, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні.

Сярод запрошаных гасцей былі намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч і намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава. Прысутнічалі прадстаўнікi абласной і гарадской уладаў, а таксама Праваслаўнай Царквы і лютаранскай супольнасці Гародні.

Напачатку пробашч гарадзенскай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі пазнаёміў удзельнікаў з гісторыяй абраза Маці Божай Кангрэгацкай, пасля чаго з прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп Кашкевіч. Пастыр Касцёла Гарадзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што Гародня прыцягвае мноства людзей сваёй самабытнай гісторыяй.

– Шмат турыстаў і пілігрымаў застаецца пад вялікім уражаннем і ад наведвання нашай катэдральнай базылікі, у якой мы цяпер знаходзімся.

А сустрэча з Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, пакідае ў сэрцы незвычайны спакой і радасць, заахвочвае чыніць дабро і будаваць мір у свеце,- сказаў біскуп, нагадаўшы, што сёлета адзначаецца 360-я гадавіна прысутнасці абраза Маці Божай Кангрэгацкай на Гарадзеншчыне. Біскуп выказаў надзею на тое, што ўрачыстасць гашэння паштовай маркі з выяваю абраза “прычыніцца да яшчэ большага ўзрастання веры, адкрыцця на хрысціянскія каштоўнасці і любові да Бога ў нашым народзе”.

Намеснік міністра Амбразевіч у сваім слове адзначыў, што Святы Пасад заўсёды быў надзейным партнёрам Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. Дыпламат нагадаў пра супольныя прыярытэты абодвух бакоў – імкненне да сацыяльнай справядлівасці і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў – ды выказаў надзею на далейшае развіццё двухбаковых адносін дзеля дабра ўсяго беларускага народа.

Нунцый Ёзіч у сваёй прамове назваў вялікім гонарам для сябе тое, што яго апошні афіцыйны візіт у якасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі прысвечаны цудадзейнаму абразу Нябеснай Маці, які на працягу некалькіх стагоддзяў ахоўваў беларускі народ і дагэтуль застаецца мэтай пілігрымак для жыхароў не толькі Гарадзеншчыны, але і ўсёй краіны.

Прадстаўнік Папы дадаў, што вельмі ўдзячны бе-ларускай і ватыканскай поштам за ўвагу да гэтай святыні і да беларускіх вернікаў, якія яе ўшаноўваюць, а таксама за сумеснае выданне на беларускай і італьянскай мовах маркі, якая адлюстроўвае абраз Маці Божай Кангрэгацкай і паказвае веру беларускага народа.

Апостальскі нунцый падзякаваў прадстаўнікам уладаў Рэспублікі Беларусь за прысутнасць і за падтрымку гэтага супольна рэалізаванага праекта.

Сваю прамову нунцый Антэ Ёзіч завяршыў такімі словамі:

– Я прашу Маці Божую, прадстаўленую ў цудадзейным Гарадзенскім абразе, каб Яна ахоўвала гэты горад і натхняла ўвесь беларускі народ ісці за тымі каштоўнасцямі, якія ніколі не згасаюць, але нясуць збаўленне ўсяму чалавецтву.

Арцыбіскуп Станеўскі ў слове да прысутных заўважыў, што гарадзенская катэдра доўгі час з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам і чалавека з чалавекам. Старшыня ККББ выказаў упэўненасць у тым, што сумесная беларуска-ватыканская паштовая марка “разам з нашымі добрымі словамі і справамі паляціць, як голуб міру, на паштоўках і канвертах беларускай і ватыканскай поштаў, абвяшчаючы добрую вестку па ўсім свеце дзеля захавання міру і сяброўства між народамі”.

Намеснік міністра Рабава падкрэсліла, што дзень, калі адбываецца гэтая памятная падзея, вельмі важны, напаўняе жаданнем адкрывацца на духоўнае і будаваць адзінства ў грамадстве.

Канверты першага дня з маркамі пагасілі спецыяльным штэмпелем усе, хто звярнуўся з прамовамі да ўдзельнікаў цырымоніі.

Паводле: Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі. Фота: Grodnensis.by.

Catholic.by.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4718
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0415
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4915
ЯК МАЛЯВАЛІ МЕЖЫ БЕЛАРУСІ
Грамадства

ЯК МАЛЯВАЛІ МЕЖЫ БЕЛАРУСІ

15 кастрычніка 2019, 14:1614
Далучайцеся да нас