Беларускі літаратуразнавец, крытык, лексікограф і педагог Уладзіслаў Чаржынскі (1897-1974) нарадзіўся на Беласточчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. Скончыў Менскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт.
Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі.
З 1922 года Уладзіслаў Чаржынскі пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. Пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Улідзе друкаваў артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншым беларускім пісьменнікам, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю. Працы Уладзіслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 1920-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Вельмі шкада, што беларусы ў 1930 годзе страцілі дужа таленавітага, разважлівага і аб’ектыўнага крытыка. Яго крытычныя артыкулы і даследаванні параскіданыя па выданнях 1920-х гадоў.
19 лютага 1925 года была створана літаратурная секцыя Інбелкульту (40 сяброў), якая потым аб’ядналася з секцыяй беларускай мовы. Сакратаром аб’яднанай секцыі быў Уладзіслаў Чаржынскі. Ім жа апрацоўваліся матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры для кніг прафесара М. Янчука, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага. А ў 1926 годзе ён разам з Максімам Гарэцкім і Паўлам Караваем падрыхтаваў і выдаў дапаможнік “Выпісы з беларускае літаратуры XIX – пачатку ХХ стагоддзя”. Праўда, у Менску ў 1928 годзе выйшла і асобным выданнем праца Уладзіслава Чаржынскага “Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі”. І, як піша Аўген Калубовіч у сваёй кнізе “На крыжовай дарозе” (Мн., 1994. С. 87), Чаржынскі з’яўляецца таксама аўтарам “Слоўніка гісторыка-грамадазнаўчых тэрмінаў”.
28 чэрвеня 1930 года Уладзіслаў Чаржынскі быў арыштаваны ДПУ БССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. А праз 4 гады яго вызвалілі ад высылкі, але рэабілітавалі літаратуразнаўца толькі пасля смерці ў 1988 годзе.
З Татарстана больш беларус на Бацькаўшчыну не вярнуўся. Але ці поўнасцю адышоў ён ад літаратурнай і крытычнай дзейнасці – цяжка сказаць. Тым не менш, беларускімі пісьменнікамі, роднай літаратурай, лёсам сваіх сяброў ён цікавіўся да самай смерці.
У архівах і музеях Казані мне ўдалося адшукаць цікавыя звесткі пра Уладзіслава Чаржынскага. У архіве Казанскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта захоўваюцца дзве асабістыя справы Уладзіслава Чаржынскага за перыяд 1933-1946 гадоў і 1950-1971 гадоў. Найбольш каштоўнымі дакументамі з’яўляюцца асабісты лісток па ўліку кадраў і характарыстыкі Чаржынскага, розныя загады, справаздачы і выпіскі, фотаздымкі і іншыя матэрыялы. Знойдзена таксама аўтабіяграфія нашага земляка, якая была напісана ім асабіста 27 красавіка 1943 года:
“Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў былой Гарадзенскай губерні Сакольскага павета, вёсцы Стара-Каменная ў сялянскай сям’і. У бацькі майго было 5 дзесяцін зямлі, якую ён апрацоўваў сам асабіста пры дапамозе сваёй сям’і. Пачатковую адукацыю я атрымаў у пачатковым народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Гарадзенскую казённую гімназію, дзе і вучыўся да 1914 года (пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Менскую гімназію – С.Ч.). Матэрыяльную дапамогу атрымліваў ад старэйшага брата, які знаходзіўся на заробках у Амерыцы. У 1915 годзе мая радзіма была акупіраваная нямецкімі войскамі. Я паехаў у Ленінград, дзе і працягваў сваю адукацыю. У 1917 годзе я пераехаў у Менск і да 1920 года працаваў хатнім настаўнікам у Вілейскім павеце. У 1921 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, якое скончыў у 1925 годзе. У час вучобы ва ўніверсітэце, працаваў у беларускім дзяржаўным выдавецтве і выкладаў на рабфаку ўніверсітэта. З 1925 года працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Беларускай Акадэміі Навук. Адначасова выкладаў у Беларускім камуністычным універсітэце. У 1930 годзе я быў адміністратыўна высланы з Менска ў горад Казань, тэрмінам на пяць гадоў. У Казані з 1931-га да 1935 года я працаваў метадыстам у Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ў педагагічным інстытуце. З 1933 года па сумяшчальніцтве працаваў выкладчыкам у Казанскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (да 1936 года), а затым да 1940 года штатным выкладчыкам. З 1940 года штатную пасаду выкладчыка займаю ў Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, а ў КДМІ працую па сумяшчальніцтве”.
У медыцынскіх навучальных установах Казані Уладзіслаў Чаржынскі выкладаў латынь, нямецкую і рускую мовы. Пра гэта гавораць розныя загады і выпіскі з загадаў кіраўнікоў навучальных устаноў Казані. А знойдзеная характарыстыка на выкладчыка кафедры замежных моваў Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Чаржынскага Уладзіслава Вікенцьевіча дае поўнае ўяўленне пра гэтага выкладчыка і чалавека наогул:
“Чаржынскі У.В., які працаваў выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута з 1 верасня 1933 года і вызвалены з працы 1 снежня 1947 года, як сумяшчальнік, у сувязі з яго асноўнай працай у Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, 1 верасня 1950 года быў зноў залічаны выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, дзе і працуе па сённяшні час. Тав. Чаржынскі У.В., кваліфікаваны, вопытны і дысцыплінаваны педагог, адносіцца з любоўю і стараннасцю да сваёй работы. Прымае актыўны ўдзел у метадычнай рабоце кафедры, выступаў на пасяджэннях кафедры з дакладамі па пытаннях методыкі выкладання моў. Чаржынскі У.В. сістэматычна займаецца павышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню, актыўна ўдзельнічае на занятках, якія арганізавалі для выкладчыкаў кафедры, хто самастойна вывучае гісторыю СССР. Пастаянна працуе над удасканаленнем сваёй вытворчай кваліфікацыі, прымае ўдзел у рабоце кафедры над складаннем дапаможнікаў па нямецкай мове для медыкаў. Сярод таварышаў па працы і студэнтаў тав.Чаржынскі У.В. карыстаецца заслужаным аўтарытэтам”.
Сярод выяўленых казанскіх дакументаў ёсць і цікавая выпіска з загада № 91 рэктара Казанскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга медыцынскага інстытута імя С.В. Курашова ад 19 траўня 1967 года. У ёй гаворыцца, што ў “сувязі з 70-годдзем і 45-годдзем педагагічнай дзейнасці, з якіх 35 гадоў аддадзена падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў у стаматалагічным і медыцынскім інстытутах Казані, за бездакорную творчую працу, чулыя і прынцыповыя адносіны да студэнтаў старшаму выкладчыку У.В.Чаржынскаму аб’явіць падзяку з занясеннем у асабістую справу. Падстава: прапанова загадчыка кафедры К.Л. Раскіна. Рэктар інстытута – прафесар Х. Хамітаў”. Дарэчы, у той час у Казанскіх медыцынскіх навучальных установах працавала вельмі многа ўраджэнцаў Беларусі, асабліва шмат было яўрэяў. Той самы Канэль Раскін быў родам з-пад Оршы, Ісак Алуф быў родам з Полацка і іншыя. Магчыма, дзякуючы іх дапамозе, Уладзіслаў Чаржынскі ў 1930-х гадах і ўладкаваўся на працу ў Казанскі медінстытут. А, магчыма, дзякуючы яго жонцы Чэрні Плаўнік – роднай сястры Змітрака Бядулі.
У чэрвені 1971 года Уладзіслаў Чаржынскі напісаў на імя рэктара заяву “вызваліць яго ад займаемай пасады ў сувязі з уходам на пенсію”. Тым больш, што яму ўжо было тады 74 гады. Рэктар задаволіў просьбу Чаржынскага.
У Казані Уладзіслаў Чаржынскі пражыў яшчэ тры гады і 2 красавіка 1974 года яго не стала. Там беларуса і пахавалі на Арскіх могілках.
Але гэта будзе пазней. Таму давайце вернемся ў 1920-я гады, у той час, калі літаратуразнавец працаў у часопісе “Полымя”.
Першы вялікі крытычны артыкул Уладзіслава Чаржынскага ў “Полымі” з’явіўся ў № 2 за 1923 год. Гэта была рэцэнзія на трэці том “Беларусаў” Яўхіма Карскага. Літаратуразнавец грунтоўна спыніўся на даследаванні Яўхіма Карскага і выказаў шэраг слушных заўваг. Асабліва, што датычаць гістарычна-літаратурнага матэрыялу, раздзелу ў “Беларусах” “Навейшай беларускай літаратуры”. “Незразумелым для нас з’яўляецца той метад, паводле якога аўтар размясціў ў гэтым раздзеле пісьменнікаў, – піша Уладзіслаў Чаржынскі. – Калі аўтар трымаўся метаду літаратурнай магутнасці, то чаму паставіў Цётку раней за Янку Купалу, Альберта Паўловіча, Гальяша Леўчыка і Канстанцыю Буйло раней Бядулі-Ясакара, які, безумоўна, вышэй за ўсіх? Калі ж аўтар трымаўся храналагіч-нага прынцыпу, то чаму Альберт Паўловіч, Ядвігін Ш. апынуліся пасля М. Багдановіча, К. Буйло і г.д. А калі аўтар размяшчаў пісьменнікаў паводле арганічнай сувязі і сваенства матываў, стылю, крыніц творчасці і г.д., то чаму за М. Багдановічам пастаўлены А. Паўловіч, З. Жылуновіч, Ядвігін Ш., а не Бядуля-Ясакар, які, безумоўна, як стылем, так і матывам бліжэй да М. Багдановіча, чым яны. Па нашай думцы, ужо куды лепш размеркаваны адпаведны раздзел у М. Гарэцкага, у яго “Гісторыі беларускай літаратуры”. З другога боку, незразумела для нас і тое, чаму аўтар пакінуў у гэтым раздзеле К. Каганца (вынес яго ў матэрыялы для слоўніка беларускіх пісьменнікаў), у той час, як ён займае ў гісторыі беларускага найноўшага пісь-менства, безумоўна, больш выдатнае месца, чымся, напрыклад, Г. Леўчык і іншыя, якім, аднак, удзяляецца даволі значная ўвага…”. І з Уладзіславам Чаржынскім нават сёння можна пагадзіцца. Бо ён тады меў рацыю.
Наогул, артыкул “Беларусы” Я.Ф. Карскага” вельмі цікава чытаецца. Крытык дасканала прааналізаваў і станоўчыя, і адмоўныя якасці гэтай працы Карскага. Матэрыял быў падпісаны псеўданімам Ул. Дзяржынскі.
Невядома толькі, як зрэагаваў на гэтую рэцэнзію сам Яўхім Фёдаравіч Карскі (1860-1931), які яшчэ жыў у Ленінградзе і, магчыма, матэрыял прачытаў.
Друкуе крытык у “Полымі” (1923, №2) і невялікую нататку-рэцэнзію на змест “Вестника Народного Комиссариата Просвещения ССРБ” (выпуск 11- 12, кастрычнік-лістапад). Асабліва звярнуў увагу на артыкулы Уладзіміра Пічэты і Змітрака Бядулі. І нават папракае рэдакцыю “Вестника…”, каб “Беларускі аддзел” у ім не праяўляў у будучым хістанняў, каб не быў у адным нумары бяднейшым, чым у папярэднім, а паступова павялічваўся і пашыраўся, паглыбляючы і высвятляючы такім чынам праблемы беларускай культуры. Гэты матэрыял у “По-лымі” быў апублікаваны пад псеўданімам Ул. Дзяр-жынскі.
У 1924 годзе Уладзіслаў Чаржынскі пад псеўданімамі Улідзе публікуе ў часопісе “Полымя” рэцэнзіі на зборнік грамадскае думкі, навукі, літаратуры і мастацтва Заходняй Беларусі “Заходняя Беларусь” (Вільня, 1924), на зборнік вершаў Янкі Журбы “Заранкі” (Менск, 1924), Цішкі Гартнага “Трэскі на хвалях” (Менск, 1924).
Рэцэнзію на “Заходнюю Беларусь” Уладзіслаў Чаржынскі пачынае так: “Вільня – гэта калыска беларускага нацыянальна-культурнага рэнесансу. На зары яшчэ XIX стагоддзя яно прабуе ўзнавіць свае гістарычныя традыцыі і ажыццявіць іх прынамсі ў галіне культурнай. Павевы заходняга рамантызму, пранікнуўшы на Беларусь, асталёўваюцца перш-наперш у Вільні, згуртоўваюць тут сваіх адэптаў і прымушаюць іх у той ці іншай форме працаваць над абуджэннем нацыяналь-нага беларускага духу, рыхтаваць грунт для беларускага рэнесансу…”. Далей аўтар разглядае артыкул Антона Навіны “Крызіс ідэі, ці крызіс грамадзянства”, нарыс Рамана Суніцы “Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча”. У гэтым артыкуле пададзены ліст Дуніна-Марцінкевіча да польскага літаратара Юзафа Крашэўскага. Ліст гэты знаходзіцца ў архіве бібліятэкі Кракаўскай Акадэміі Навук і быў надрукаваны ў часопісе “Gazeta Polska” (1861, № 111). Цікава, ці карысталіся гэтым лістом даследчыкі творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў канцы ХХ – пачатку ХХI стагоддзяў?
Арыгінальна напісаў Уладзіслаў Чаржынскі пра зборнік Янкі Журбы “Заранкі”. Нават адзін сказ з усяго аналізу зборніка гаворыць пра многае: “Вершаваная беларуская літаратура павялічылася прыблізна 3000 радкамі вершаў, якія, безумоўна, маюць права лічыцца вершамі…”.
Шмат піша для “Полымя” Уладзіслаў Чаржынскі ў 1925 годзе. У першым нумары пад псеўданімам Улідзе ён аналізуе зборнік вершаў “Вецер з Украіны” ўкраінскага паэта Паўла Тычыны. “Лірыка П. Тычыны – наскрозь шчыра-пачуццёва. І гэта шчырасць і свежасць пачуцця так дадатна адгукаецца не толькі на мастацкіх асаблівасцях яго паэзіі, але і на яе ідэалогіі…”, – піша крытык пра паэзію Паўла Тычыны.
У некалькіх нумарах “Полымя” Уладзіслаў Чаржынскі надрукаваў вялікі артыкул “Беларуская літаратурная сучаснасць (1920-1925)”. Чытаючы гэты артыкул, прыходзіш да высновы, што сёння, на вялікі жаль, падобных літаратурных крытыкаў у Беларусі няма. Бо артыкул Уладзіслава Чаржынскага чытаецца так, быццам напісаны цяпер, у ХХI стагоддзі. Ён яшчэ раз пацвярджае, што ў тыя 1930-я гады сталінскіх рэпрэсій быў знішчаны вялікі талент перспектыўнага і яркага крытыка. І наша беларуская літаратура шмат ад гэтага страціла. Хаця прыгадваюцца з гэтай нагоды словы лаўрэата Нобелеўскай прэміі Уільяма Фолкнера, што “чалавек не існуе проста сам па сабе, у ім – выяўленне яго мінулага. Няма такой з’явы, як “было”, таму што мінулае – “ёсць”. Тым не менш – беларускі крытык умеў аналізаваць творы прафесійна, без ніякай стракатасці, ён умеў выразна праглядваць у новых грамадскіх умовах тое лепшае, што паспела выпрацаваць у той час наша літаратура.
У сваёй “Беларускай літаратурнай сучаснасці” Уладзіслаў Чаржынскі грунтоўна прааналізаваў некаторыя творы класікаў беларускай літаратуры. Гэта творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Цішкі Гарт-нага, Міхася Чарота і іншых. Напрыклад, абагульняючы паасобныя моманты свайго даследавання творчасці Янкі Купалы напачатку ХХ стагоддзя, Уладзіслаў Чаржынскі падрэсліў і выдзеліў наступныя момаманты:
- Ліра песняра не маўчыць, а адгукаецца на найвышэйшыя падзеі сучаснасці.
- Літаратурныя выступленні песняра не былі дысанансам эпосе, а наадварот, як нельга лепш гарманізавалі з гэтай эпохай.
- Перабудаваная на сучасны лад (“Безназоўнае”) ліра песняра не страціла сваёй ранейшай моцы, а гучыць так жа пераможна, як і раней.
- Паэт застаўся верным сабе і пры новых акалічнасцях, грунтуючыся ў сваёй творчасці на аб’ектыўныя рэальнасці і выступаючы, як і раней, пад літаратурным знакам мастацкага рэалізму (павевы неакласіцызму ў “Тутэйшых” не запярэчваюць гэтаму, бо неакласіцызм бліжэй да рэалізму, чым да рамантыкі.
“Усе гэта сведчыць аб тым, што Янка Купала… становіцца вельмі значным фактарам прагрэсу ў беларускім літаратурным мастацтве”, – адзначаў літаратуразнавец.
Дарэчы, у лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладзіславай Францаўнай непадалёку ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я. Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы “Татарстан”. З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі новы 1942 год на кватэры Юдзіных у г. Верхнім Услоне.
Янка Купала часта выступаў на мітынгах, па радыё, з дакладамі сярод беларускай і татарскай інтэлігенцыі, пісаў вершы і прадмовы. Заходзіў ён у госці і да сям’і Чаржынскіх. З Уладзіславам Чаржынскім Янка Купала ў Казані шмат гутарыў, яны вялі размовы пра вайну, пра 1920-1930-я гады і рэпрэсіі, а таксама пра літаратуру.
4 траўня 1942 года Янка Купала зноў сустрэўся з сям’ёй Чаржынскіх, якая наведала яго ў Пячышчах. Пясняр падараваў Чаржынскім сваю кнігу вершаў і паэм “От сердца”, што выйшла на рускай мове ў Маскве. На кнізе Купала напісаў: “Дарагім Чаржынскім на памяць. Янка Купала. Пячышчы. 4.V.1942 г.”.
Высока ацэньваў крытык на старонках “Полымя” паэму Якуба Коласа “Новая зямля”. Вось некалькі выказванняў крытыка пра яе:
- Найбагацей у паэме выяўлена нацыянальная псіхіка беларускага селяніна.
- Якуб Колас – рэаліст з рэалістаў, усёй сваёй творчасцю ўрос у рэальную рэчаіснасць, асабліва гэта справядліва адносна “Новай зямлі”.
- “Новая зямля” дапамагае пазнаць сучаснасць і верыць у яе будучыню.
- Уся паэма прасякнута барацьбой на грунце эканамічным, на грунце паляпшэння матэрыяльнага дабрабыту…
Уладзіслава Чаржынскага вельмі любілі і паважалі Янка Купала і Якуб Колас. Якуб Колас нават запрашаў крытыка ў Менск і прапаноўваў узначаліць свой літаратурны музей. Але Уладзіслаў Чаржынскі не асмеліўся вярнуцца на Радзіму, бо яшчэ працягваліся рэпрэсіі.
Жыць далёка ад Беларусі Уладзіславу Чаржынскаму было не проста. А ў лютым 1952 года з Казані ён напісаў пісьмо Якубу Коласу. У ім беларус паведамляў, што ўпраўленне Казанскай гарадской міліцыі забараняе яму жыць у Казані, бо яна стала горадам першай катэгорыі. Уладзіслаў Чаржынскі просіць паратунку ў Якуба Коласа. Песняр хутка адрэгаваў на гэтую просьбу сябра і даслаў тэлеграму на адрас міністра дзяржаўнай бяспекі Татарстана Токарава. Гэта і выратавала літаратуразнаўца ад высялення яго з Казані і вандроўкі па невядомых мясцінах Расіі. Дарэчы, ліст Якубу Коласу Уладзіслаў Чаржынскі па пошце не дасылаў, а яго Якубу Коласу ў Менск прывезла жонка Уладзіслава Чаржынскага Чэрня Чаржынская.
У бацькоў Змітрака Бядулі было сямёра дзяцей: чатыры дачкі – Марыя, Геня (Чэрня), Рэня і Соф’я. І тры браты: Самуіл, Ізраіль і Мацвей. Па-беларуску вершы пісаў Ізраіль Плаўнік, які разам з Сяргеем Дарожным у 1926 годзе выдаў зборнік вершаў “Звон вясны”. А Змітрок Бядуля стаў класікам беларускай літаратуры. Добра па-беларуску размаўлялі і іншыя Плаўнікі. Чэрня Плаўнік пазнаёмілася з Уладзіславам Чаржынскім у Менску. Чэрня была вельмі прыгожая дзяўчына. Яна нават на адным з тагачасных конкурсах прыгажосці заняла першае месца. Калі маладыя пажаніліся, то жылі ў беларускім інтэрнаце на Маскоўскім завулку, 1 у Менску. Іх пакой знаходзіўся над беларускай сталоўкай. Інтэрнатам у той час кіраваў Язэп Лёсік. Пра гэта згадвае ў адным з лістоў Зоська Верас да Аляксея Пяткевіча 1 студзеня 1982 года (Зоська Верас. Я помню ўсё. Гародня-Wroclaw, 2013, с.227). Пасля ліквідацыі інтэрната, маладыя Чаржынскія жылі ў кватэры Змітрака Бядулі. А калі Уладзіслава выслалі далёка ад радзімы, то Чэрня Чаржынская паехала следам за мужам у Казань.
У 1925 годзе ў Менску ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі выходзіць з друку зборнік вершаў Янкі Купалы “Безназоўнае”. Уладзіслаў Чаржынскі хутка адгукнуўся на гэтае выданне і апублікаваў у “Полымі” (№ 2) невялікую нататку, станоўча адзначаючы і паэму “Безназоўнае”, і ўсе вершы зборніка.
Публікуе крытык у “Полымі” рэцэнзіі на “Сымона-музыку” Якуба Коласа, “Урачыстасць” Цішкі Гартнага, на першы том збору твораў Янкі Купалы.
У 1927 годзе Уладзіслаў Чаржынскі зрабіў у “Полымі” агляд творчасці Янкі Купалы ў крытыцы нашаніўскіх сучаснікаў. А праз год літаратуразнавец публікуе ў часопісе два вялікія матэрыялы: “Дзейнасць З. Жылуновіча ў абсягу Беларускае літаратурнае крытыкі” (1928, № 9) і рэцэнзію на кнігу Якуба Коласа “У глыбі Палесся” (№ 1).
Артыкул “Дзейнасць З. Жылуновіча ў абсягу беларускай літаратурнай крытыкі” быў вельмі актульны на той час, і сёння ён не страціў сваёй гістарычна-літаратурнай фактуры. Як мы ведаем, сам Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч, 1887-1937) пісаў вельмі шмат: апавяданні, вершы, раман, літаратурныя агляды, крытычныя манаграфіі, крытычна-палемічныя артыкулы, рэцэнзіі і г.д. Менавіта на характарыстыцы некаторых жанраў крытыкі Цішкі Гартнага спыніўся Уладзіслаў Чаржынскі. Ён не толькі зрабіў вычарпальны агляд дзейнасці З. Жылуновіча ў кантэксце беларускай літаратурнай крытыкі, але паспрабаваў класіфіцыраваць яго крытычныя працы як з боку ідэалагічна-метадалагічных прынцыпаў, так і з боку літаратурнай формы і стылю. Падобная праца ў беларускай літаратуры тады была новай і даволі нялёгкай. І яе наўрад ці хто змог бы адужаць. Хіба што толькі сам Чаржынскі.
Што датычыць кнігі Якуба Коласа “У глыбі Палес-ся” (Мн., 1927), то крытык Чаржынскі паказаў у сваім артыкуле тое адметнае, новае, што з’явілася ў Коласа-празаіка ў тыя гады, сказаў пра дасканаласць, віртуознасць партрэтнага жывапісу, разумеючы апошняе даволі шырока – не толькі як апісанне знешняга партрэта, але і як выяўленне характару. Крытык параўноўваў аповесць з партрэтнай галерэяй, праз якую праводзіць аўтар “зачараванага і захопленага чытача”, раскрываючы яму багацце і разнастайнасць чалавечых тыпаў-характараў. Крытык Чаржынскі не аспрэчваў, не ставіў пад сумненне эфектыўнасць такога шляху выяўлення псіхалогіі чалавека, якім ішоў Колас-празаік, але вымушаны ўсё ж прызнаць, што эвалюцыя характару галоўнага героя не ўсюды пададзена па-мастацку доказна…
Калі сёння сабраць толькі “палымянскія” артыкулы Уладзіслава Чаржынскага пад адну вокладку, то гэта атрымалася б вельмі добрая, вартая і цікавая кніга, напісаная ім амаль сто гадоў таму. Ды і павучыцца нам, літаратарам, было б у яго шмат чаму, найперш, традыцыям і наватарству, якія ён спалучаў з жыццём свайго народа і тым часам, калі жыў і пісаў. Але ўсе працы беларускага крытыка, раскіданыя па выданнях 1920-х гадоў, застаюцца да сённяшняга часу невыдадзенымі.
І апошняе. Пад псеўданімам Улідзе Уладзіслаў Чаржынскі 25 снежня 1926 года апублікаваў у “Савецкай Беларусі” артыкул, прысвечаны 5-годдзю часопіса “Полымя”. Артыкул называўся “Літаратурная трыбуна”.
Сяргей ЧЫГРЫН.