Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Навіны кнігарні. Кніга пра рэпатрыяцыю беларусаў Беласточчыны, 1944-1948 гады

Навіны кнігарні. Кніга пра рэпатрыяцыю беларусаў Беласточчыны, 1944-1948 гады

12 верасня 2024, 20:02 Выданні 185
Навіны кнігарні. Кніга пра рэпатрыяцыю беларусаў Беласточчыны, 1944-1948 гады

Цікавая кніга выйшла з друку ў Беластоку. Гэта даследаванне Сяргея Чыгрына пра пасляваенную рэпатрыяцыю беларусаў Бе-ласточчыны ў 1944-1948 гадах. Тэма малавядомая і зусім недаследаваная.

Напрыканцы Другой сусветнай вайны, паводле савецка-польскіх пагадненняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 года і 16 жніўня 1945 года, улады СССР перадалі Польшчы са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Берасцейскай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. Падчас дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнай рэпатрыяцыі, насельніцтва з Беларусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 1945-1948 гадах пераехала больш за 270 тысяч чалавек (беларусы-католікі, якія дэкларавалі сябе палякамі).

Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падполля, неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне, частка беларусаў пасялілася ў Памор’і (раёны Гданска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і іншых гарадах. А тысячы беларусаў Беласточчыны пакідалі родныя мясціны і ехалі на ўсход Беларусі і нават далей. Няпростым было іх развітанне з роднымі вёскамі, хутарамі, мястэчкамі, з цёплымі хатамі і багатымі агародамі, са сваімі землякамі і сваякамі. Але іншага выхаду не было, бо беларусы хацелі спакойна жыць, працаваць, вучыцца, гадаваць дзяцей. А ў другой палове 1940-х гадоў у Польшчы ім спакойна жыць не давалі. Таму людзі шукалі шчасце ў іншых рэгіёнах Бацькаўшчыны. Пра такіх беларусаў Беласточчыны аўтар шмат гадоў шукаў звесткі.

Яшчэ захоўваюцца матэрыялы пра беларусаў-рэпатрыянтаў з Беласточчыны, якія ў 1945-1948 гадах прыехалі ў Слонімскі, Дзятлаўскі, Наваградскі, Ваўкавыскі, Мастоўскі, Карэліцкі і іншыя рэгіёны Беларусі, у беларускіх архівах. Напрыклад, у фондах Наваградскага занальнага дзяржаўнага архіва аўтару ўдалося выявіць дзесяткі розных дакументаў, звязаных з беларусамі Беласточчыны, якія прыехалі на Гарадзеншчыну ў 1947 годзе. Там захоўваюцца розныя заявы, спісы, акты, рашэнні, пастановы, выпіскі, звароты – адным словам, усё тое, што было звязана з тымі беларусамі, якія прыехалі на пастаяннае месца жыхарства.

Аўтар кнігі на працягу некалькіх гадоў, пачынаючы з 2000 года, ездзіў па Беларусі і запісваў успаміны беларусаў, якія не па сваім ўласным жаданні пакінулі родныя мясціны на Беласточчыне пасля Другой сусветнай вайны. Гэта ўспаміны запісаны ад людзей старэйшага пакалення беларусаў Польшчы, а таксама іх унукаў і праўнукаў.

У кнізе Сяргея Чыгрына “Рэпатрыяцыя беларусаў Беласточчыны, 1944-1948 гг.” таксама публікуецца шмат фотаздымкаў і дакументаў. Яны ўсе дапаўняюць праўдзівыя ўспаміны беларусаў-рэпатрыянтаў.

Ала ДАНІЛКІНА.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0020
Студэнцкі хакатон у Гродна
Грамадства

Студэнцкі хакатон у Гродна

11 лістапада 2018, 00:0517
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4916
Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын
Грамадства

Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын

5 снежня 2018, 20:4616
Далучайцеся да нас