Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Захавальнiкi песенных традыцый

Захавальнiкi песенных традыцый

4 верасня 2024, 20:45 Культура 88
Захавальнiкi песенных традыцый

1 верасня споўнілася 55 гадоў найпапулярнейшаму беларускаму ансамблю “Песняры”. 1 верасня 1969 года гурт “Лявоны” пасля мастацкага савета Белдзяржфілармоніі атрымаў статус вакальна-інструментальнага ансамбля. З такой назвай гурт праіснаваў да 1970 года, калі змяніў яе на “Песняры” на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады. Шматгранны талент Уладзіміра Мулявіна – кіраўніка ансамбля, спевака, аранжыроўшчыка, кампазітара, высокі ўзровень выканаўчага майстэрства спрыялі стварэнню песень, якія з’яўляюцца істотным укладам не толькі ў беларускую эстрадную музыку, але і ў скарбніцу сусветнай музычнай культуры. Непаўторнае гучанне ансамбля, мастацкi почырк i стыль захоўваюць спадкаемцы – сёняшнiя маладыя артысты.

Пра поспехі тых, хто прадстаўляе сёння гэты сусветна вядомы беларускі музычны брэнд, мы пагутарылі з мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” – Раманам Козыравым. Наша сустрэча адбывалася ў знакамiтай песняроўскай студыi, на сценах якой, як памяць, захоўваюцца старыя пласцiнкi i дыскi, узнагароды.

– Раскажыце, калі ласка, як быў адноўлены склад гурта і хто ў яго ўвайшоў?

– У 2003 годзе Міністэрства культуры вырашыла, что важна захаваць традыцыю, закладзеную Уладзімірам Мулявіным, і быў аб’яўлены агульнабеларускі конкурс сярод музыкантаў і таленавітай моладзі. У студыі Уладзіміра Мулявіна было арганізавана двухдзённае праслухоўванне. У якасці адборачнага журы выступілі вядомыя эксперты i калегi незабыўнага песняра.

Мы усе, маладыя артысты, прайшлі дастаткова сур’ёзны адбор. І потым доўгі час вывучалі песенную творчасць калектыва, даследвалi аўдыя- і нотные запісы, якія засталіся ў студыі, у тым ліку і партытуры Уладзіміра Мулявіна. Дзевяць асобаў увайшлі ў склад адноўленага калектыва. Нас натхняў у той час мастацкі кіраўнік Вячаслаў Шарапаў. У склад калектыва сёння ўваходяць артысты з розных гарадоў:  саліст Ігар Дударчык – са Слоніма, Артур Міхайлаў – з Маладзечна, Юры Туравец – з Мазыра,  Сяргей Гарбацкі – з Пінска, Сяргей Баёк – з Менска, я – з Гомеля, як бачыце, прадстаўлены розныя вобласці.

Я вучыўся спачатку ў музычнай вучэльні, а потым у БДУКіМ, у легендарнага прадстаўніка “Песняроў” – кампазiтара, i аранжыроўшчыка, цудоўнага педагога Ар-кадзя Барысавіча Эскіна, які быў клавішнікам і піяністам ансамбля “Песняры”. Гэта была для мяне лёсавызна-чальная сустрэча.

Сяргей Баёк, бас-гітарыст, скончыў Кансерваторыю па класе баяна, Юры Туравец вучыўся ў Кансерваторыі па класе ўдарных інструментаў. Алег Жалезнякоў – самабытны артыст з Рэчыцы, харызматычны выканаўца, геолаг па першай адукацыі, які ўсё жыццё спяваў у Рэчыцы, яго голас нагадвае голас Уладзімір Мулявіна.

Сяргей Гарбацкі, таленавіты гітарыст, кампазітар, скончыў БДУКiМ выступаў у гурце “Дразды”, і мы заахвоцілі яго перайсці да нас. Артур Міхайлаў скончыў Інстытут сучасных ведаў, вучыўся ў Пятра Ялфімава, прадстаўляў Беларусь на “Славянскім базары”. Мы заўважылі яго талент і запрасілі яго ў калектыў. Ігар Дударчык – малады саліст, якi праявіў сабе на тэлевізійным конкурсе “Звязда”, служыў у войску і выступаў на конкурсе армейскай песні са cпевам “Жняя”.

– Лета было багатым на яркія музычныя падзеі?

– У ліпені мы удзельнiчалi ў “Славянским базары” ў Вiцебску, бралі ўдзел у святочнай імпрэзе “Купалле  з “Песнярамі”  ў Аляксандраўскім скверы ў Менску, арганізаванай Міністэрствам культуры. Мы выканалі апрацоўкі беларускіх народных песень і новыя творы, узгадалі старыя шлягеры – “Белавежскую пушчу”, “Александрыну”, “Веранiку” i iншыя. Нас падтрымаў ансамбль “Сябрынка ”  і  цудоўная маладая салістка Ксенія Галецкая.

Наперадзе ў нас – святочны юбілейны канцэрт з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусi, якi адбудзецца 30 лістапада. Слухачам будзе прапанавана тэматычная праграма, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі, будзе і народны блок, прысвечаны абрадавым спевам, будуць хіты. Плануем запрасіць Анатоля Кашапарава, які зараз знаходзіцца ў ЗША. Многія прыхільнікі творчасці “Песняроў” ужо засумавалі па ім.

– Раскажыце, калі ласка пра Вашы нядаўнія падарожжы.

– Не так даўно мы выступалі ў Волагдзе. Нам было цiкава праехаць па горадзе, пабачыць палісады, аздобленыя разьбой. Горад у гэтым годзе стварае цэлы скульптурны комплекс “Песняроў”, бо ў наступным годзе будзе адзначаць 880-годдзе з Дня заснавання. Яны ставяць знакавыя помнікі, скульптуры.                       

Выходзіў на сцэну спявак, саксафанiст i клавiшнiк Уладзімір Нікалаеў. Ураджэнец Валагодскай вобласцi, ён далучыўся да ансамбля Песняры, ён спрычынiўся да таго, каб песня “Волагда” стала такой папулярнай, i менавiта ён прапанаваў канцэпцыю пазнавальнага баяннага ўступу. Песня патрапіла на тэлебачанне ў 1976-тым і адразу стала хітом.

Раней мы выступалі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Вільні, спявалі і ў Рызе, у Таліне, у Нарве. Прыбалтыка нас сустракала вельмі ветліва. Выконваем залатыя хіты і песні з новага рэпертуара. Слухачы вельмi любяць “Паланэз Агінскага”, мы спяваем яго на чатырох мовах.

Мы ўдзельнічалі ў вялікім туры – “Дзве краіны, адзін народ”, праехалі сто гарадоў і даехалі да Іркуцка. Плануем у гэтым годзе даехаць да Уладывастока  і  далей.

– З кім з сучасных паэтаў і кампазітараў Вы супрацоунiчаеце?

– Мы працуем з Дзмітрыем Даўгалёвым і Аленай Атрашкевіч. Мы адкрытыя для многіх аўтараў. Трэба сказаць, што мы самi пiшам музыку, ў нас ёсць кампазітары ў калектыве – Алег Жэлезнякоў, Сяргей Гарбацкі і я.

На “Славянскім базары” мы прадставілі песню на вершы Рыгора Барадуліна “Мы не сустрэнемся”. Музыку напісаў Улад Мазуркевіч. Гэты нумар на адкрыцці “Славянскага базара” быў прысвечаны ўсiм выбiтным гістарычным асобам – выхадцам з Віцебска. На экране дэманстравалiся працы Марка Шагала і выявы многіх творчых знакамiтых асобаў, жыццё якiх было звязана з Вiцебскам.

На апошнім дыску “Ты прыдзi да мяне каханнем” – шмат аўтарскай музыкі, гэта песні на вершы класікаў, на вершы Янкі Купалы. Радок з верша стаў назвай альбома. Альбом “Шчаслівасць” выйшаў да 130 годдзя Янкі Купалы i быў складзены цалкам на вершы са зборніка “Жалейка”. Ідэйным натхняльнікам дыска cтаў наш кіраўнік Валеры Шарапаў. Раней выходзiлi альбомы – “Хмель малады”, “Прысвячэнне майстру”.

– Знайчная частка поспеху артыстаў залежыць ад вонкавага выгляду. Цікава, хто стварае Вашы прыгожыя касцюмы?

– Над дызайнам касцюмаў працуе Наталля Губіна, дызайн дыскаў стварае  Андрэй Бандарэнка.

– Жадаем Вам прыемных падарожжаў i шчаслiвых сустрэч са слухачамi!

Гутарыла Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас