СТАРАЯ СТУДНЯ
Праз паняверку з тропу зблудзіў,
Брыду няведама куды.
Мая душа – старая студня
Без жыццятворнае вады.
Атожылкі падземным рэкам
Не ручыць да яе прабіць,
Мінулых свят глухое рэха
Са змрочнай глыбіні гучыць.
Гусцее вогкая чарнота,
Як хмарны вечар у акне,
І зоры згаслыя лістотай
Залеташняй ляжаць на дне.
НА ПАЧАТКУ НОЧЫ
Накрыўся мяккім пледам горад,
Хаваючы парэшткі дня,
І сыдзе ў невараць “учора”
Чумацкім шляхам да відна.
Астудзяць развітальны жнівень
Струмені зорыстых дажджоў,
Ва ўсіх, каму я дробязь вінен,
Пазыку звёўшы на нішто.
Спакой і сопат свет напоўняць,
Ды ўсё ж, стаміўшыся чакаць
Усход, гарэзлівыя промні
У сне дзіцячым узгараць.
ПЯРУНАЎ ГНЕЎ
Ахопленая выша гневам –
Праз шал двухногіх на зямлі
Пярун, раз’юшыўшыся, неба
На ўсім абшары падпаліў.
Грукоча цяжка калясніца
Пад грозны пошчак капытоў
І не згасаюць бліскавіцы
Над пустацветам гарадоў.
Залева бізуном хвастае
Ядваб аголеных плячэй –
Спагады Грамавік не мае,
Хоць дыхаць робіцца лягчэй.
НА ДОСВІТКУ
Сыходжу ў гушчары туману
З чужых, няветлівых вачэй,
Надзеяй марнаю світанак
Цяпер ужо не апячэ.
Пакінуў мроянняў бязладдзе
Для ўзвышаных і маладых,
Мінуламу нібыта здрадзіў,
Спаліўшы за спіной масты.
Мае ахутваючы плечы,
Ад шкадаванняў сцеражэ
Сівая золь і нема сведчыць,
Што подых восені бліжэй.
ПЫТАННІ
Бярозы дробна трапяталі,
Гублялі лісце ў золь расы,
Калі над гаем праплывалі
У далеч смужную буслы.
Бо дрэвы знаюць – па адлёце,
Дзён спраўджваючы колабег,
З нябёс спусцелых на галлё іх
Аголенае ляжа снег.
І, хоць нядоўгі век завеяў,
Усё ж не сканчваюць пытаць:
Ці зноў налета заквітнеюць?
Ці ўвесну птушкі прыляцяць?
ПРЫКМЕТА
Грахі за дзень, нібы драбніцу,
Заход падлічыць пакрысе,
А ззянне промня вечарніцы
Бяз жалю згадкамі працьне.
Бяссонне сядзе пры пасцелі,
Каб раны памяці цвяліць,
І ветаха ламаны шэлег
Не выйдзе давідна згасіць.
Бо між бадзягаў ёсць прыкмета,
Якую спраўдзілі не раз, –
Туды, дзе назнарок манеты
Шпурляў, вяртаешся праз час.
НАВАЛЬНІЦА Ў МЕНСКУ
Сляза па шыбіне бяжыць –
У Менску дождж хвастае спёку,
Лістота ў сполаху дрыжыць
Ад водгулля грымот высокіх.
Змываючы бясчасся пыл,
Уладна рэй вядуць струмені,
І гіпсавыя балваны
Падобныя да збляклых ценяў.
Прад поступам нястрымным хмар,
Пад ветравеем асвяжальным
Сплывае з вуліц смаглых сквар
Кудысь да берагоў Антальі.
Навала збаўная, крапі
Зямлю задухі і змярцвення –
Нагбом з нябёсаў напаі
Яе вадою ўваскрашэння!
НА ІЛЛЮ
Не чуваць было зранку
грукатанне колаў Іллёвых,
Срэбнагрывы Пярун
сваіх стрэлаў не кідаў з вышынь,
Адно золак пацешыў
зыркай зліваю прамянёвай,
Пакрапіўшы спярша
шамаценнем нядоўгай імжы.
Дрэмле сонечны дзень
у абдымках разложыстых хвояў,
Далягляд разамлеў
у бяспечнай, глухой цішыні,
Адбівае рака
жамчуговы прадон над спакоем,
У якім не хапае
мне грымотаў і навальніц.
Досыць песцілі нас,
бестурботнасцю сну спавівалі,
Пранікнёна нашэптвалі
аб сабекошце быцця
Незаўважнага звонку,
і ў выніку закалыхалі,
Аж спусцеў – абязбожыўся –
некалі ройны прасцяг.
Хай шугаюць вятры!
Хай сусвет разарвуць бліскавіцы!
Хай пабудкай нясецца
віхураў бязлітасны смех
І з нябёс пашчапаных
насупар слязам баязліўцаў
Насланнё амарокі
зухвала
дазвання садзьме!
МАЛІТВА АБ ДАЖДЖЫ
Дзе ні ступіш – зямля рыхтык порах,
Кінь запалку і знішчыш Сусвет.
“Піць!..” – сіпіць увушшу кожны шолах,
Трызняць студні сасмяглыя ў сне.
Даўно хіба яна ўсцяж гарэла,
Далеч засцячы чадам баёў?
Праўда, сёння вісіць неба белае
Над зялёнаю ржою садоў.
Між якімі з-за шалу задухі
З вачэй высахлых ані слязы,
Угару прагна цягнуцца рукі
У малітве аб спорным дажджы.
“Усяўладны, дзяцей чалавечых
Не пакінь – сваю ласку пралі,
Вярні воды бурлівыя рэчак
І патоляй палі напаі!
Уратуй ад нішчымніцы злое,
Дай бязвінным малым ацалець,
Каб наш край абышлі стараною
Невідушчыя голад і смерць!..”
Пот па змучаных тварах струменіць
Тых, што пад зіхаценнем крыжоў
Спадзяюцца прыждаць на каленях
Гром спагадным адказам Яго.
Ён ці чуе літанні аб долі?
Трэпле ветрык жыты валасоў,
Аплывае маўклівая долу
Спёка золатам з абразоў…
ЗЛАМАНЫЯ ЯБЛЫНІ
Да восені яшчэ траціна лета,
Аднак ужо – бясхібная прыкмета
Сыходу – дні драбнеюць безупынку
І ў вырай нетаропка павуцінка
Плыве ў паветры, і прырода з намі
Зычліва дзеліцца зямлі пладамі.
Усцяж сады купаюцца ў праменні,
А я на свой гляджу ў зніякавенні –
Віхура, наляцеўшы ў час залевы,
У ім збяёдала, зглуміла дрэвы,
Якія пасадзіў, з вайны прыйшоўшы,
Дзед Юзаф, попел з друзам шуфлем згробшы.
Нястомна гадаваў ён без прынукі
Дачкам наедак і гасцінцы ўнукам,
І яблыні нас шчодра частавалі,
Але сягоння ўночы не стрывалі
І непагоды, і гадоў цяжару –
Зламаліся пад хмарнаю чамарай,
Хоць позірк цешылі, нібыта ўборам,
Чаканым ураджаем толькі ўчора.
Цяпер ляжаць на травяной пасцелі
Галлё й плады, што выспець не паспелі.
Раз-пораз так і ў лёсе чалавечым –
Неспадзяванка будучынь нявечыць.
Чакае яблыні прысуд суровы –
Калісь квітучыя пойдуць на дровы,
І ўрэшце ў небе восеньскім настылым
З мінуўшчынай без следу знікнуць дымам.
НЯПЭЎНАСЦЬ
Звініць птушыны пераспеў
Яшчэ ў празрыстасці настылай,
Але час спакваля прыспеў
Харыстам выпраўляцца ў вырай.
Што промністыя галасы
Па іх адлёце нам заменіць?
Ці толькі – чвяканне слаты
І нуднае выццё мяцеліц?
Якой уцятых дзён пара
Запомніцца па завяршэнні?
Няўжо зноў праз цяжар радна
Па-над азнакамі здранцвення?
Ці ўсім налета трапіць стрэць
Чароды з берагоў бязвізу,
Каб кроў у жылах адагрэць
Пад неўтаймоўнасць вакалізу?
Калі і чым аддзячым ім?
Свет тоне ў нотах развітальных,
А ў небе падарожных клін
Пераўтвараецца ў пытальнік.
Няпэўнасць прышласці гняце,
Знайсці адказы няма змогі,
І ўсё-ткі спеўнай грамадзе
Гукну: “Шчаслівае дарогі!”
НА РОЗВІТ
Золь, і жаль, і ўсмешкі бліц на ўдачу –
Панадворак пакідаю твой.
Ні “replay” націснуць, ні зыначыць –
Памахай на розвіт мне рукой.
Згадкі пра завершанае лета
Спавіваючы сівой тугой,
Датляваюць нашы цыгарэты –
Памахай на розвіт мне рукой.
Пуста ў садзе – ураджай сабраны,
Жураўліны клін над галавой.
Не прынадзіш яблыкам крамяным –
Памахай на розвіт мне рукой.
Прышласць згасла ў позірку апошнім,
Хоць наперадзе гадоў сувой.
Не ўстурбуем ліставаннем пошту –
Памахай на розвіт мне рукой.
Знікну я ў вакзальным шматгалоссі,
Ты ў будзённы вернешся спакой.
Закідае лісцем след мой восень –
Памахай на розвіт мне рукой.
УРАНІЦЫ
Яшчэ ні трохі не адчуў
Прышэсця восеньскіх туманаў,
Старонне скрозь смугу сачу,
За сонца яблыкам румяным.
Ізноўку абяцае дзень
З усмешкай цёплай – быць праменным,
Хаця ў ім спеюць пакрысе
Бязрадасныя перамены.
Ды вырачанасць не гняце,
Адно вакол люструюць вокны,
Як знічкай на плячо зляцеў
Лісток, апоўначы пажоўклы.
РЭФЛЕКСІЙНЫ КРАЯВІДЗІК
Сплывае дым – скурэў у попел
Лагодны жнівень цыгарэтай,
У памяці расце некропаль,
Чарговае прыняўшы лета.
Чародаў крыкі песняй жальбы
Над хмарнай далеччу лунаюць,
Скуль птушкі ў вырай ратавальны,
Як душы продкаў, адлятаюць.
Цяпельца на вятрыску пэўней
З павевам кожным узгарае,
І ўсё, зрабіць што не паспеў я,
У ім бульбоўнікам знікае.
ПАВУЦІНКА
Сівою павуцінкай шытыя
Мае і шнары, і ўспаміны,
Таму між пожняй і блакітам я
Слядоў нягойных не пакіну.
Вятрамі ўзняты ў вераснёвую
Празрыстасць развітаўся з плоццю,
У часу невараць скіроўваю,
Нібы вальсуючы ў палёце.
Да ўчорашняга абыякавы,
Нябачным рушачы гасцінцам,
На збаўным раздарожжы ўдзячліва
Растану лёгкай павуцінкай.