Інфарматык Кардэлія Шмід і інжынер Рыхард Оберле атрымалі ўзнагароду ў катэгорыях “Даследаванні” і “Прамысловасць”.
Сярод лаўрэатаў Еўрапейскай прэміі “Вынаходнік года” ў 2024 годзе – даследчыца штучнага інтэлекту і інжынер з Германіі. Інфарматык Кардэлія Шмід атрымала прэмію ў катэгорыі “Даследаванні” за сваю працу ў сферы кампутарнага зроку. Паводле апісання Еўрапейскага патэнтавага ведамства, яе даследаванні накіраваны на тое, каб даць магчымасць штучнаму інтэлекту “бачыць” і інтэрпрэтаваць складаныя візуальныя дадзеныя ў рэжыме рэальнага часу. Адна са сфер ужывання – аўтаномнае кіраванне. Кардэлія Шмід з’яўляецца дырэктарам па даследаваннях французскага Нацыянальнага інстытута даследаванняў у вобласці лічбавых навук і тэхналогій (INRIA).
У катэгорыі “Прамысловасць” узнагароду атрымалі немец Рыхард Оберле і італьянец Ф’ёрэнца Дыоні. Разам яны распрацавалі для італьянскай кампаніі IDRA Group самую вялікую ў свеце машыну для ліцця пад ціскам – Giga Press. Машына вырабляе дэталі для электрамабіляў і, паводле заключэння Германскага ведамства па патэнтах і таварных знаках (DPMA), “істотна скарачае колькасць адыходаў, спажыванне энергіі і транспартныя выдаткі”.
Еўрапейская прэмія “Вынаходнік года” ўручаецца раз у год Еўрапейскім патэнтавым ведамствам. Старшыня DPMA Ева Шэвіёр павіншавала абодвух лаўрэатаў з Германіі. Яна адзначыла, што даследчыца ШІ Кардэлія Шмід істотна павялічыла хуткадзейнасць дадаткаў на базе ШІ ў вобласці кампутарнага зроку, з дапамогай самаўдасканальваючыхся мадэляў машыннага навучання, пашырыўшы межы таго, што тэхналогіі могуць зрабіць для нашага жыцця. Кажучы пра працу інжынера Рыхарда Оберле, Шэвіёр заявіла, што новая тэхналогія дазваляе “выкарыстоўваць інавацыйны падыход, каб зрабіць вытворчасць аўтамабіляў яшчэ больш эфектыўнай”.
Мюнхен (d.de).
На фота: даследчыца ІІ Кардэлія Шмид© Europеisches Patentamt.