Цыкл святочных мерапрыемстваў у Лідзе, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыў мітынг на пляцы па вуліцы Савецкай. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, вайскоўцы, моладзь.
Першым узяў слова старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік.
– У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя даты, якія становяцца кропкай адліку новага этапу гісто-рыі, – звярнуўся да лідзян кіраўнік раёна. – Для Беларусі такой вехай стаў дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 80-годдзе якога мы ўрачыста адзначаем сёлета. Наша незалежнасць заснавана на заслугах пакалення пераможцаў. Кожны год у гэты святой для нас дзень мы аддаём даніну найвялікай павагі бяспрыкладнаму подзвігу беларускага народа. Я хачу выказаць словы падзякі за стойкасць, адвагу і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нашым ветэранам. За мэтанакіраванасць, працоўную дзейнасць у паваенныя гады, за тое, што яны і цяпер уносяць годны ўнёсак у будаўніцтва нашага грамадства.
Святочную праграму працягнуў урачыста-святочны марш лідскіх сілавых структур, ветэранаў Узброеных Сіл, навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў, удзельнікаў таварыства роварааматараў Лідчыны і Лідскага мотаклуба.
У знак яднання двух значных для беларусаў святаў – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – на пляцы з’явілася 80-мятровае палатно Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, а потым усклалі кветкі і вянкі да мемарыяла часткам-вызваліцелям горада Ліды. Абеліск быў пастаўлены ў гонар тых, хто ў ліпені 1944 года ваяваў за вызваленне нашага горада.
Святкаванне Дня Незалежнасці працягнулася на Дажыначным пляцы. Для гараджан і гасцей горада была падрыхтавана святочная тэматычная праграма “Наша краіна! – Наша Беларусь!”, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, ганаровыя госці і працоўныя калектывы Лідскага раёна.
– Сёння мы святкуем Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Для нас, жыхароў нашай краіны, для Беларусі – гэта дата мае глыбокі сэнс і гістарычны змест, – звярнулася да прысутных на свяце старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. – 3 ліпеня – гэта баявая дата. Сёння трэба гаварыць і пра працоўныя подзвігі тых, хто здолеў аднавіць з руін разбураную краіну. Гэта велізарная праца многіх пакаленняў лідзян і беларусаў.
Традыцыйна ў Дзень Незалежнасці старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік павіншаваў Ганаровых грамадзян Лідскага раёна і выказаў падзяку за значны ўнёсак у развіццё нашага рэгіёна: Сяргею Бугасаву, пракурору Лідскага раёна з 1984 па 2003 г.; Станіславу Мамчыцу, лекару-ўролагу медыцынскага цэнтра “Экватар” сумеснага закрытага акцыянернага таварыства “Ліпласт-Спб”, загадчыку ўралагічнага аддзялення Лідскай ЦРБ з 1988 па 2011 год; Ядзвізе Стацэвіч, дырэктару ДУ “Бярозаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”; Андрэю Худыку, старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта з 2004 па 2011 год; Уладзіміру Юфе, генеральнаму дырэктару ААТ “Лідскае піва” з 1986 па 2009 год.
Ад імя Ганаровых грамадзян Лідскага раёна слова прадставілі Андрэю Худыку:
– Я ганаруся, што мне давялося працаваць з вамі, шаноўныя лідзяне. Кожны перыяд часу як дзяржавы, так і чалавека, і любога рэгіёна не просты. Але, разам з тым, людзі жывуць і працуюць. І сёння я ганаруся і рады таму, што Лідчына развіваецца, квітнее. Лідчына – для людзей. У гэты знамянальны для нашай дзяржавы дзень шчыра хачу сказаць дзякуй краіне, Прэзідэнту, беларускаму народу за мудрасць, сілу, мужнасць, за тое, што захаваны стабільнасць і мір. Са святам!
На галоўнай сцэне выступілі лепшыя творчыя калектывы Лідчыны і артысты Палаца культуры. Канцэртная праграма была насычанай і не пакінула абыякавай ніводнага гледача.
Пасля канцэрту святкаванне Дня незалежнасці працягнулася каля Кургана Неўміручасці, ля пляцоўкі, дзе знаходзіцца выстава ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Там гасцей чакала канцэртная праграма “Вас музыкі запрашаюць”, у якой прынялі ўдзел народныя калектывы Лідчыны. Артысты выконвалі песні ваенных гадоў, прыпеўкі, народныя песні і танцы.
Паводле lidanews.by.