Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
190 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ельскага

190 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ельскага

21 чэрвеня 2024, 06:24 Грамадства 16
190 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ельскага

16 чэрвеня споўнілася 190 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, перакладчыка, этнографа, гісторыка, краязнаўца Аляксандра Ельскага (1834-1916). Паходзіць Аляксандр Ельскі з абшарніцкай сям’і шляхецкага роду Ельскіх гербу “Пелеш” вёскі Дудзічы Ігуменскага павета Менскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласці).

Дзед Станіслаў быў пяцігорскім палкоўнікам у часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Бацька, медык па адукацыі, добра іграў на скрыпцы, нават сам пісаў музыку.

Аляксандр вучыўся ў Менскай гімназіі. У 1852 г. пайшоў у рускую армію, праслужыў усю Крымскую вайну (1853 – 1856) і выйшаў у адстаўку ў чыне паручніка і пасяліўся ў вёсцы Замосце (цяпер Пухавіцкі раён), дзе пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну фальварак. Быў жанаты, у сям’і выхоўваліся сын і дачка.

 Заняўся навуковай дзейнасцю. Здзіўляе яго сапраўды тытанічная праца ў гэтым кірунку. Бібліяграфія асобных кніг, артыкулаў, заметак па краязнаўстве і гісторыі, эканоміцы і геаграфіі Беларусі налічвае звыш тысячы адзінак. Акрамя гэтага, толькі для “Польскай ілюстраванай энцыклапедыі” і “Геграфічнага слоўніка зямель польскіх і іншых краёў славянскіх” ён напісаў больш за дзесяць тысяч артыкулаў, падаўшы звесткі бадай пра ўсе населеныя пункты Менскай і суседніх губерняў. Стала супрацоўнічаў у польскіх часопісах “Кraj” i “Chwila” i інш. У 1864 г. арганізаваў у Замосці прыватны краязнаўчы музей, у якім налічвалася да 7000 кніг, каля 20 000 рукапісаў, 2000 гравюр, малюнкаў і эскізаў беларускіх і заходнееўрапейскіх мастакоў, шмат археалагічных і этнаграфічных экспанатаў, калекцыі слуцкіх паясоў, гадзіннікаў, старадаўняй мэблі і мноства розных рэчаў, якія датычыліся мінулага Беларусі, яе гісторыі, літаратуры і мастацтва. Больш за дзесяць тысяч кніг на розных мовах налічвала бібліятэка.  Падчас першай сусветнай вайны многія экспанаты былі альбо знішчаны, альбо вывезены за мяжу, толькі невя-лікую частку збіральнік паспеў перадаць музею і Ягелонскаму ўніверсітэту ў Кракаве, а таксама Таварыству сяброў навук у Вільні, сёе-тое трапіла ў Менск і ў Варшаву.

Шмат працаваў А. Ельскі і ў галіне філалогіі, займаўся літаратурнай творчасцю. Ён надрукаваў цікавы артыкул “Пра беларускую гаворку” (1885), “Слоўнік жабрачае гаворкі на Белай Русі” (1886), выдаў кніжку “100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народа” (Вільня, 1908). У 1892 г. у Львове выйшаў яго пераклад на беларускую мову першай часткі паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. А. Ельскі выдаў вершаваныя брашуры “Сынок! – расказ з праўдзівага здарэння” (1895) і “Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы” (1900).

Аляксандр Ельскі актыўна займаўся грамадскімі справамі. З 1861 года ён працаваў міравым суддзёй у адной з акруг Ігуменскага павета, у 1882-1887 гадах – членам апякунскага савета рэальнага вучылішча ў Менску, а з 1901 года – ганаровым апекуном павятовага Таварыства ўзаемастрахоўкі ад пажару.

 У 1860 годзе ў газеце “Віленскі веснік” упершыню апублікаваны былі літаратурна-публіцыстычныя творы Аляксандра Ельскага. Яго кола інтарэсаў – эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні, літаратура і мастацтва, гісторыя, этнаграфія. Публікацыі часта падпісаны псеўданімамі Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін, Свядомы.

 Аляксандр Ельскі з’яшляецца аўтарам нарысаў-даследаванняў “Піва і піваварства ў нашым мінулым” (1883), “Заўвагі пра сялянскае пытанне ў нас і ў іншых краінах” (1884), “Згубны культ іншаземшчыны ў нас у святле айчыннай літаратуры” (1901), “Нарыс гісторыі Менскай каталіцкай епархіі” (1907), “Пакаранне ў хрысціянскай сям’і” (1908) і іншых твораў, якія былі выдадзены ў Менску, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Кракаве.

Сярод найбольш значных твораў Аляксандра Ельскага – напісаны ў 1883 годзе краязнаўчы нарыс “Пра бібліятэку святой памяці Юльяна Бергеля, пастара ў Слуцку”. У ім аўтар расказаў пра паездку разам з дачкой Алесяй і яе сяброўкай з маёнтка Замосце ў Слуцк, пра выгляд горада і яго гісторыю.

Найбольшай славутасцю Слуцка Аляксандр Ельскі лічыў бібліятэку Юльяна Бергеля.

 Акрамя названага вышэй нарыса ў дачыненні да нашага краю Аляксандр Ельскі выдаў “Гістарычныя звесткі пра Радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку” (1893), “Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак ва Урэччы Радзівілаўскім на Літве” (1899), у 1889 годзе напісаў краязнаўчы нарыс “Слуцк”.

Памёр 10 верасня 1916 г. ў сваім маёнтку ў Замосці, пахаваны ва ўрочышчы Кобань ля Дудзічаў.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3621
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0418
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3118
Далучайцеся да нас