У пярэдадзень свята 1 Траўня адбылося адкрыццё абноўленай Дошкі пашаны Гарадзенскай вобласці, а таксама прайшло ўшанаванне пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў філармоніі. Адкрыў мерапрыемства старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.
– Павага і ўшанаванне чалавека працы – гэта адна з асноў нашай дзяржавы. На гэтай зямлі заўсёды жылі людзі, якія імкнуліся ўсяго дамагацца сваім розумам і сваёй працай. І нездарма Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка на VII Усебеларускім народным сходзе сказаў: “Толькі мы ведаем, якім павінна быць будучыня нашай Беларусі, якой павінна быць краіна і як зрабіць яе мацней. Толькі мы, і ніхто іншы”. Яркім пацверджаннем гэтай тэзы з’яўляецца тое, што ва ўмовах геапалітычнай нестабільнасці, ва ўмовах беспрэцэндэнтнага санкцыённага ціску наша краіна не толькі захавала стабільнасць, яна забяспечыла развіццё. Гэта датычыцца краіны ў цэлым і Прынёманскага краю ў прыватнасці. І заслуга ў гэтым ваша – працаўнікоў розных сфер дзейнасці. Сёння я хачу выказаць шчырыя словы падзякі вам і тым шматтысячным калектывам, якія вы прадстаўляеце. Усім без выключэння працаўнікам нашага рэгіёна, – падкрэсліў у сваім выступе Уладзімір Сцяпанавіч.
– А яшчэ я хачу сказаць словы велізарнай падзякі нашым ветэранам, якія стварылі вельмі трывалы падмурак. Мы цяпер рухаемся наперад, абапіраючыся на дасягненні папярэдніх пакаленняў беларусаў. Заўсёды беларусы марылі жыць у міры на сваёй зямлі. Нашым пакаленням выпаў гэты шанец. І наша задача цяпер сваёй працай забяспечыць развіццё і бяспеку нашай краіны, захаваць яе для будучых пакаленняў. Перадаць наступным пакаленням беларусаў суверэнную, незалежную камфортную для жыцця, добраўпарадкаваную краіну ў стадыі развіцця і перадаць наказ, пра тое, каб яны бераглі тое, што было дасягнута з такой цяжкасцю і перадавалі з пакалення ў пакаленне павагу да памяці мінулага і жаданне стваральна дзеяць у імя будучыні.
Лідзяне паднімаліся на сцэну не аднойчы. Старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргею Ложачніку ўручаны два дыпломы. Наш рэгіён заняў трэцяе месца ў першай групе ўдзельнікаў у намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-культурным развіцці” і другое – “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў будаўніцтве і развіцці галін будаўнічай індустрыі”.
Званне “Чалавек года Гарадзеншчыны” прысвоена начальніку ўчастка аздабляльных работ ААТ “Будаўніча-мантажны трэст № 19” Алене Жодзік і аздабляльніку выдзіманых вырабаў са шкла і крышталю ААТ “Шклозавод “Нёман” Валерыю Багінскаму. Годнае месца на абласной Дошцы пашаны таксама занялі ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” і ПУП “Столе”.
Падчас урачыстай цырымоніі таксама былі адзначаны працоўныя дынастыі. Лідскі раён прадставілі тры: дынастыя Курачкіных, агульны працоўны стаж якіх на ААТ “Шклозавод “Нёман” складае 287 гадоў, дынастыя Міцкевіч-Змітрэвіч, якія прысвяцілі працы ў Лідскім ГУП ЖКГ больш за 68 гадоў, і дынастыя Станюк-Калодка-Кудзі, якія сумарна працуюць на ААТ “Завод “Оптык” больш за 144 гады.
lidanews.by.
Фота Арцёма Турлая, Лілеі Лапшыной.