Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

16 лютага 2024, 07:39 літаратура 78
110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў (6 лютага [ст. ст. 24 студзеня] 1914, Саматэвічы – 4 лютага 1978, Нясвіж) – беларускі савецкі паэт, народны паэт БССР (1968).

Нарадзіўся ў сям’і настаўніка ў вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павета, Магілёўскай губэерні (цяпер Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці). Аляксандар Мікалаевіч, бацька Аркадзя Куляшова, пэўны час жыў у Маскве, калі быў маладым. Там ён спяваў у народным хоры. Маці Аркадзя Куляшова Кацярына Фамінічна Ратабыльская таксама спявала.

Яшчэ ў раннім дзяцінстве бацькі пазнаёмілі Аркадзя з творамі Пушкіна, Лермантава, Някрасава. З чатырохгадовага ўзросту ён робіць першыя вершаваныя спробы. Так назбіраў два сшыткі вершаў, якія аб’яднаў назвай “Собрание сочинений Кулешова-Несчастного”. Сшыткі з раннімі вершамі не захаваліся.

У першы клас пайшоў, калі яшчэ не меў 4 гадоў. Ад 1921 да 1928 года А. Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай школе-сямігодцы.

У 1924 годзе бацькі Куляшова развяліся, і ён стаў самастойна жыць у сваёй хаце, працягваў вучобу ў школе. Прыглядала за ім старэнькая жанчына, якую ў паэме “Далёка да акіяна” ён называе Тадораўнай.

У 1928 годзе паступіў у Мсціслаўскі педтэхнікум, дзе пазнаёміўся са Змітраком Астапенкам ды Юліем Таўбіным. Незадоўга да дзяржаўных экзаменаў пакінуў вучобу. Разам з Астапенкам і Таўбіным адпраўляецца ў падарожжа на Каўказ і ў Крым.

У 1930 годзе пераехаў у Менск, дзе ад 1931 года працягнуў навучанне на першым курсе літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе вучыўся да вясны 1933 года. Уваходзіў у БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў). У лютым 1931 года ўваходзіў у творчую групу пры БелАПП, якая называлася “Ударны пост”.

У 1934 годзе прыняты ў Саюз беларускіх пісьмен-нікаў. У 1934 годзе працаваў у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, з 1934 да 1936 года – на Беларускім радыё, літкансультантам пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. 27 студзеня 1936 у сям’і Аркадзя Куляшова ды Аксаны Фёдараўны Куляшовай (Вечар) нарадзілася дачка Валянціна.

Удзельнік вайны (з 1941 да 1943 года на фронце працаваў у армейскай газеце “Сцяг Саветаў” (“Знамя Советов”). У гэты час напісаў паэму “Сцяг брыгады” (1942). З 1943 да 1945 года – у Беларускім штабе партызанскага руху).

Пасля вайны на працягу 1945-1946 гадоў быў рэдактарам газеты “Літаратура і Мастацтва”, потым старшынём сцэнарнага аддзела, і ўрэшце з 1958 да 1967 году галоўным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 2-8-га скліканняў (1947-1978). У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Памёр у ноч на 4 лютага 1978 у санаторыі ў Нясвіжы, пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.

Пачаў друкавацца ў 1926. 30 верасня ў Клімавіцкай акруговай газеце “Наш працаўнік” пад псеўданімам Аркадзь Дуда быў апублікаваны верш “Ты мой брат”. Твор з’яўляецца літаратурным дэбютам Куляшова. У рэспубліканскім друку першыя вершы з’явіліся ў 1927 г. у часопісе “Чырвоны сейбіт”.

У траўні 1928 году ў Полымі № 5 быў апублікаваны верш “Бывай…”. Прататыпам вобразу Алесі была школьная сяброўка Куляшова Аляксандра Карыткіна (Белазорава), якая абудзіла ў падлетка пачуцьцё першага кахання. Верш пакладзены на музыку І. Лучанком. У выкананні ансамбля “Песьняры” музычны твор набыў шырокую вядомасць пад назвай Алеся.

Восенню 1930 года выйшаў першы зборнік вершаў “Росквіт зямлі”.

Суаўтар сцэнараў фільмаў “Чырвонае лісце” (з Алесем Кучарам, пастаўлены ў 1958), “Першыя выпрабаванні” (па трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”, з Максімам Лужаніным, пастаўлены ў 1960-1961) і “Запомнім гэты дзень” (з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1967).

Па матывах паэмы “Песня аб разведчыках” у 1967 знята тэлеопера “Ранак” (музыка Генрыха Вагнера).

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Вечар беларускай культуры ў Вялікім
Грамадства

Вечар беларускай культуры ў Вялікім

6 лістапада 2018, 10:3719
Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў беларускамоўнай школе
Навука

Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў беларускамоўнай школе

30 кастрычніка 2018, 13:1818
Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні
Грамадства

Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні

4 снежня 2018, 16:0918
Адбылася прэм’ера фільма пра Ларысу Геніюш
Грамадства

Адбылася прэм’ера фільма пра Ларысу Геніюш

8 лістапада 2018, 13:1918
Далучайцеся да нас