27 студзеня ў менскай бібліятэцы № 1 імя Льва Талстога прайшла юбілейная 15-я вечарына “Таццянін дзень” (свята ў гонар хрысціянскай пакутніцы і заступніцы студэнтаў). Вечарыны “Таццянін дзень” праводзяцца штогод у бібліятэках і музеях горада Менска, пачынаючы з 2010-га. У вечарыне прынялі ўдзел беларускія паэты, барды, празаікі, музыканты і навукоўцы, сярод якіх была і Таццяна – вядоўца імпрэзы, паэтка і літаратуразнаўца, перакладчыца і празаік Таццяна Барысюк. Але адкрыла вечарыну прадстаўніца іншага імя, Вольга Воінская – саксафаніст і піяніст, кампазітар, спявачка і педагог. Разам са сваімі вучнямі яна выканала шэраг вядомых святочных мелодый, а таксама ўласны музычны твор на піяніна.
Лацінская прымаўка кажа: “Nomen est omen” (“Імя – гэта лёс”). Імя Таццяна перакладаецца з грэчаскай мовы як “арганізатарка”, “наладжвальніца”, “заснавальніца”, а святую Таціяну Рымскую (у гонар якой і адзначаецца свята) аднолькава шануюць як у праваслаўнай, гэтак і ў каталіцкай цэрквах. Гэтае імя з’яўляецца шырока распаўсюджаным і на Беларусі. Сярод Таццян шмат вядомых дзеячаў культуры і вучоных – Т. Алешка, Т. Аляшкевіч, Т. Аўтуховіч, Т. Барысюк, Т. Вабішчэвіч, Т. Дасаева, Т. Кабржыцкая, Т. Мацюхіна, Т. Сівец, Т. Шамякіна, Т. Фіцнер і інш. Нямала гісторый, звязаных з Таццянамі, было распаведзена і на мерапрыемстве. Гучалі і ўласныя вершы, прысвечаныя Таццянам і не толькі, знітаваных тэматыкай кахання і высокіх пачуццяў. Вядоўца вечарыны, паэтка Таццяна Барысюк, прачытала багата сваіх вершаў, а таксама распавяла пра паходжанне імя Таццяна, пра гісторыю ўтварэння свята студэнтаў “Таццянін дзень”. Таццяну Барысюк можна і саму назваць адвечным навучэнцам, бо ёй шмат давялося вучыцца: закон-чыла педвучылішча №1, пасля філфак БДУ, аспірантуру Інстытута літаратуры НАН Беларусі, курсы дыктараў і вядоўцаў тэлерадыёперадач, курсы кінафотамадэляў і фотамастакоў, курсы кройкі і шыцця, польскай і французскай моў, камп’ютарнай графікі, Беларускі калегіюм, Школу практычнай генеалогіі. Так што, Таццяны любяць вучыцца!
Цяпер жа Таццяна Барысюк працуе ў навуцы – у Інстытуце літаратуразнаўства НАН Беларусі, піша дысертацыю “Ідэйна-жанравыя пошукі ў сучаснай беларускай паэзіі”, напісала яшчэ 5 аб’ёмных навуковых прац (“Сон у сучаснай беларускай і польскай паэзіі”, “Традыцыі англійскага і польскага рамантызму ў сучаснай беларускай паэзіі”, “Пошукі бессмяротнасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі”, “Нацыянальныя вобразы свету і чалавека ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі”, “Канцэпты “сваё” і “чужое” ў сучаснай беларус-кай і брытанскай англамоўнай паэзіі”). Яна аўтар больш за 150-ці літаратуразнаўчых і крытычных публікацый. Цяпер піша навуковую працу пра ўсходнія формы ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі. З’яўляецца аўтарам паэтычнага зборніка “Аўтапартрэт” (2002).
Выступіла і яшчэ адна прадстаўніца гэтага слаўнага імя, паэтэса Таццяна Пратасевіч, якая дэкламавала як класічныя вершы, так і створаныя ёй хоку – монастрафічныя трохрадковыя вершы, жанр японскай паэзіі.
Пачулі прысутныя і кіраўніка літаратурнага клуба “Экватар” Вячаслава Корбута, які прысвяціў шмат слоў удзячнасці вядоўцы вечарыны Таццяне Барысюк, якая вось ужо як 15 гадоў запар праводзіць гэтыя імпрэзы, узвальваючы увесь цяжар іх арганізацыі на свае кволыя жаночыя плечы.
Паэтэса Ксенія Ярмілава прачытала свае вельмі лірычныя, глыбакадумныя вершы, якія ўражваюць метафарамі і сілай пачуццяў. Пра свае думкі, пачуцці і ўражанні ад навакольнага свету распавёў Юрась Нераток, маці якога таксама звалі Таццянай. Уразіла выступленне і аднакурсніка Таццяны Барысюк Алеся Туровіча, які захапляецца эзатэрычнымі ведамі, а ягоны зборнік “Корпус” (1998) у свой час адным з першых з’явіўся ў беларускім інтэрнэце. Гучалі на вечарыне не толькі ўласныя вершы, але і беларускіх класікаў. Так, вучаніца Арнэла Давыдовіч зачытала на памяць прысутным верш Максіма Багдановіча. Ствараў музычную атмасферу і таленавіты паэт і бард Зміцер Захарэвіч, аўтар электроннай кнігі “Лірыка з элементамі радзімы і паганства”.
Чакалі прысутных гасцей-эрудытаў і памятныя прызы падчас адпаведнай тэматычнай віктарыны. Шмат пытанняў датычылася творчасці менавіта Таццян (Мушынская, Сівец), але згадваліся і творы беларускіх паэтаў, якія прысвячалі Таццянам свае вершы.
Віншуем усіх Таццян з гэтым прыгожым святам!
Алег Грушэцкі.