16 студзеня 1829 года 195 год таму назад у Рэчыцы нарадзіўся таленавіты адвакат, публіцыст, палеміст і даследчык літаратуры Уладзімір Данілавіч Спасовіч. Ён і яго бацька былі праваслаўнымі, яго дзед быў уніяцкім святаром у Менску, а маці і сястра былі каталічкамі. Бацька адваката Данііл Восіпавіч Спасовіч быў лекарам. Ён скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта і практыкаваў у асноўным у асяроддзі мясцовых рэчыцкіх яўрэяў. Даніла Спасовіч карыстаўся вялізным аўтарытэтам у пацыентаў і шанаваў гэта. Калі юны Уладзімір па дзіцячай дурасці ў прысутнасці бацькі вырашыў пасмяяцца над рэчыцкімі яўрэямі, якія маліліся ў суседняй сінагозе, то атрымаў ад бацькі вельмі моцны наганяй. Ён не забыўся пра гэта нават па сканчэнні многіх дзесяцігоддзяў і не хаваў гэтага ва ўспамінах. Уладзімір Спасовіч адкрыта расказаў пра гэта на юбілейным вечары 31 траўня 1891 года, прысвечаным 25-годдзю яго адвакацкай дзейнасці.
Асяроддзе рэчыцкіх яўрэяў юнаму Уладзіміру Спасовічу давялося змяніць на менскіх татараў, паколькі сям’я пераехала ў Менск. Тут Уладзімір Спасовіч павінен быў жыць у адным з прадмесцяў цяперашняй беларускай сталіцы – у Татарскай слабадзе. Спасовічы купілі тут “драўляны дом на каменным падмурку з флігелем”, які стане шырока вядомы ў горадзе.
Татарская слабада існавала яшчэ з часоў Вітаўта Вялікага, калі татары перайшлі на службу да вялікага князя літоўскага. Першая менская татарская мячэць была драўляная, яна размяшчалася ў раёне цяперашняга гатэля “Юбілейны”. У ёй некалькі разоў бываў Уладзімір Спасовіч разам з аднагодкамі. Вучыўся ён у Менскай мужчынскай гімназіі. Яе, дарэчы, таксама наведвалі выхадцы з татараў.
Неўзабаве бацька Спасовіча становіцца інспектарам Менскай урачэбнай управы. Гэта дастаткова высокая пасада, падобна цяперашняму начальніку ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама.
Яшчэ адзін неардынарны факт: Уладзімір Спасовіч пайшоў у гімназію адразу ў 4-ы клас. З 1838 г. у гімназіі было забаронена выкладанне на польскай мове, прадметы выкладалі выключна на рускай. Беларуская мова ў той час у Расійскай імперыі ўвогуле была пад забаронай, кнігі друкаваць на ёй не дазвалялася.
Менская мужчынская гімназія размяшчалася ў самым цэнтры Старога горада на Высокім рынку, у старажытным будынку, пасталеным яшчэ ў ХVІІ стагоддзі для мужчынскага базыльянскага манастыра. Гэты 3-павярховы будынак да гэтага часу красуецца на плошчы Свабоды ў Менску. На ім устаноўлена адразу некалькі мемарыяльных бронзавых дошак. На адной з іх сярод самых знакамітых выпускнікоў Менскай мужчынскай гімназіі 4-м зверху значыцца прозвішча Уладзіміра Спасовіча.
У 1845 г. Уладзімір Спасовіч з адзнакай скончыў Менскую гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У Пецярбургу прайшла большая частка жыцця знакамітага юрыста. Тут ён пачаў сваю працоўную дзейнасць, спачатку ў якасці дзяржаўнага службоўца, затым выкладчыка і вучонага. У.Д. Спасовіч выкладаў права ў ваенна-навучальных установах: Пецярбургскім універсітэце, Вучылішчы правазнаўства, Аўдытарскім вучылішчы. Як прызнаваўся вучоны, выкладчыцкую працу ён лічыў сваім прызваннем, і толькі волей лёсу Спасовіч быў вымушаны спыніць педагагічную дзейнасць. Справа ў тым, што ў 1863 г. У.Д. Спасовіч выдаў першы ў Расійскай імперыі “Учебник уголовного права”. Гэта работа была абаронена аўтарам у Пецярбургскім універсітэце ў якасці доктарскай дысертацыі. Аднак прагрэсіўныя ідэі, выказаныя вучоным у падручніку, не знайшлі падтрымкі ў колах маскоўскай кансерватыўнай прафесуры. Вучоныя з Маскоўскага ўніверсітэта С.І. Баршчаў і П.Д. Юркевіч напісалі данос у III аддзяленне Асабістай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі. У выніку чаго ў снежні 1864 г. была створана спецыяльная камісія на чале з начальнікам III Аддзялення М.У. Мезенцавым. Падчас правядзення “экспертызы” камісія знайшла ў падручніку 36 фрагментаў, “содержащих враждебные мысли” і пастанавіла выкрасліць кнігу з ліста рэкамендаванай для навучання літаратуры, а яе аўтару забараніць ажыццяўленне выкладчыцкай дзейнасці.
Яго называлі “каралём рускай адвакатуры”. Некаторыя лічаць, што В.Д. Спасовіч не быў прыхідьнікам рэвалюцыйнага руху. Пры гэтым добра вядома, што ён актыўна, хаця і таемна ўдзельнічаў у паўстанні Кастуся Каліноўскага, які, дарэчы, быў сярод яго студэнтаў. Як можна сумясціць гэтыя два ўзаемавыключальныя сцвярджэнні, нам да гэтага часу не зразумела.
У 1861 годзе з-за бурных студэнцкіх хваляванняў, прафесараў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта спрабавалі падлучыць да рэпрэсій супраць студэнтаў. Пятнаццаць з 29 сяброў універсітэцкай рады, у тым ліку В.Д. Спасовіч, запярэчылі, што паліцэйскія абавязкі не ўваходзяць у кола дзейнасці прафесараў. Папячыцель адрэзаў: “Дзяржаўная служба мае свае патрабаванні, і, хто не жадае несці абавязкаў яе, вольны яе пакінуць”. Неўзабаве ў Пет-рапаўлаўскую цвердзць заключылі 300 арыштаваных студэнтаў. У знак пратэсту пяць прафесараў, у тым ліку В.Д. Спасовіч, падалі ў адстаўку.
Яшчэ ў канцы 50-х гадоў ХІХ стагоддзя Уладзімір Спасовіч узяўся за падрыхтоўку перавыдання згаданага Статута ВКЛ 1588 года. Аднак выхаду яго перашкодзіў пачатак паўстання, адным з кіраўнікоў якога ён стаў. Яго імя неаднаразова называлася ў час допытаў на пасяджэннях следчай камісіі. Ды настолькі добрым канспіратарам з’яўляўся, што Мураўёў-вешальнік у скрусе паведаміў папячыцелю Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акругі Івану Дзялянаву: “Спасовіч больш за яго (Яафата Агрызку – журналіста, выдаўца польскамоўнай газеты “Слова”, з якім сябраваў з часу вучобы ў гімназіі. – К. Л.) віноўны, але застаўся цэлы таму, што не трапілася ніводнай літары, напісанай яго рукой”.
Як любіў ён сваю радзіму, відаць, хай у нечым і ўскосна, з яго артыкула “Аб мове ў галіне судаводства”. Быў перакананы, што расійскія судовыя чыноўнікі павінны ведаць мову таго народа, сярод якога працуюць і справы прадстаўнікоў якога разглядаюць. А хіба не красамоўны такі факт?! З гонарам прызнаваўся, што меў шчасце асабіста ведаць Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлю. – К. Л.). Яму прысвяціў і манаграфію. Не абышлося без яго ўдзелу і заснаванне польскамоўных часопісаў: “Атэнэум” – у Варшаве і “Kraj” – у Пецярбургу. Гэта ў “Кrаj” Аляксандр Ельскі выступіў з артыкулам “Пра беларускую гаворку”, завяршыўшы свае развагі такой упэўненасцю: “Калі народ любіць і ўшаноўвае песняй сваё гняздо, ужо гэта адно добра аб ім сведчыць; у такім выпадку, хто можа, няхай памагае яму палюбіць і захаваць для ўласнай славы і шчасця айчынную мову, якая з’яўляецца яго сапраўдным скарбам, без якога не быў бы ён тым, чым ёсць, і не спяваў бы так чулліва і слаўна, як спявае пра родны край!..” (пададзена ў пера-кладзе Генадзя Кісялёва). Аўтарам “Краю”, як вядома, быў і Францішак Багушэвіч. Пра сваё паходжанне і выхаванне ўдакладняў: “У маленстве я акунуўся ў іншы асяродак, дакладней у глыбокае возера, у хвалях якога я паздаравеў і падужэў. Гэтае возера была мая радзіма, мая Літва, ці Белая, ці Чорная Русь, – розныя па-рознаму яе называлі”.
Напрыканцы свайго жыцця ён пакінуў Пецябург і перабраўся ў Варшаву, дзе і памёр 26 кастрычніка 1906 г. У.Д. Спасовіч быў пахаваны ва ўласным маёнтку ў сяле Лемешаўка Вінніцкага павета Падольскай губерні побач са сваімі бацькамі.
Алесь Рэзнікаў.