Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Руплівы птах літаратурных мясцін Беларусі. (Успамін з нагоды)

Руплівы птах літаратурных мясцін Беларусі. (Успамін з нагоды)

10 студзеня 2024, 21:54 літаратура 78
Руплівы птах літаратурных мясцін Беларусі. (Успамін з нагоды)

6 студзеня старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесю Мікалаевічу Карлюкевічу споўнілася 60 год. Хто толькі не ведае яго! З кім толькі не сустракаўся ён! Каго толькі ён не ўвекавечваў у сваіх кнігах!

Добрыя стасункі склаліся з ім і ў мяне. Яшчэ з 2008 года. Мала ні мала – ужо 15 гадоў!

Прызнаюся, што і да гэтага я з ім быў знаёмы, праўда, праз публікацыі (як і шматлікія прыхільнікі краязнаўства і гісторыі беларускай літаратуры) у газетах “ЛіМ”, “Звязда” і інш.

У 2007 годзе ў №5 часопіса “Маладосць” было змешчана маё апавяданне “Хведар”. І так склалася, што гэты твор увайшоў у лік лепшых публікацый сярод маладых пісьменнікаў Беларусі, змешчаных у “Маладосці” за 2007 год. У намінацыі “Паэзія” ўзяў першынства Арцём Кавалеўскі за нізку вершаў “Аддаленасць і адданасць” (№ 8), у “Публіцыстыцы” – Маргарыта Латышкевіч з артыкулам “З народнай міфалогіі” (№ 3) і я, Алесь Хітрун, з апавяданнем “Хведар” (№ 5).

Нас, намінантаў, запрасілі на юбілей часопіса “Маладосць”, які адзначылі ў траўні 2008 года. Мерапрыемства адбылося ў “Доме літаратара”. Мне, маладому творцу, было за радасць паглядзець на слынных пісьменнікаў, пра якіх я ведаў толькі з кніг, а тут яны сабраліся ў актавай зале! За радасць было сустрэцца і з Андрэем Федарэнкам, які ўзначальваў у часопісе аддзел прозы і дзякуючы якому я быў заўважаны ў “маладой” літаратуры. Адзін за другім на сцэну выходзілі знаныя пісьменнікі, віншавалі рэдкалегію “Маладосці” з юбілеем і па выкліку запрашалі на сцэну намінантаў. Мая чарга. У прэзідыуме – Раіса Баравікова, Алесь Бадак… Уручыць узнагароду было даверана Алесю Карлюкевічу, які на той час быў дырэктарам рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва”. Моцны поціск яго рукі, атрыманне ганаровай граматы “За лепшую публікацыю ў часопісе “Маладосць” у намінацыі “Проза” за 2007 год і за плённую дзейнасць у развіцці беларускай літаратуры і мастацтва” мяне акрылялі, далі штуршок далучыцца да пісьменніцкага асяроддзя Беларусі. Гэта быў парыў душы, гэта была першая прыступка на літаратурны Алімп!

dav

З той урачыстай імпрэзы засталіся мне часопісы “Маладосць”, “Нёман”, публікацыі ў “ЛіМ”е, у “СБ. Беларусь сегодня”, а таксама фотаздымкі. Адзін з іх – падчас уручэння ганаровай граматы Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам (спадзяюся ўжо некалькі год, што пашанцуе мне ўсё ж знайсці фотаздымак ад фатографа, які зафіксаваў гэты момант, бо стаяў ён бліжэй каля сцэны).

dav

Час ішоў. У тыя гады я быў яшчэ студэнтам філфака Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мае публікацыі на краязнаўчую тэму ўжо знаходзіў чытач у “Лідскім летапісцы”, “Лідскай газеце”. У № 4 (52) за кастрычнік-снежань 2010 года у часопісе “Лідскі летапісец” быў змешчаны мой матэрыял “Заўсёды сэрца поўніцца тым, што вечна помніцца. Алесі Бурак – 80”. Ім зацікавіўся Алесь Карлюкевіч і шукаў сувязь са мною. У гэтай справе паспрыяў прафесар купалаўскага ўніверсітэта Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч: ён падзяліўся яго каардынатамі са мною. Цікавасць да гэтай публікацыі прыцягнула асоба Алесі Аляксандраўны Бурак, якая у свой час закончыла Дукорскую СШ Пухавіц-кага раёна. А з гэтых краёў, як стала вядома, родам Алесь Карлюкевіч. Паміж намі (мною, Алесяй Бурак і Алесем Карлюкевічам) завязалася перапіска. Шаноўны даслед-чык свайго краю цікавіўся творчасцю сваёй зямлячкі, пра яе змяшчаў матэрыялы ў розных перыядычных выданнях. У большасці ўся перапіска вялася праз мяне, праз элект-ронную пошту і папяровы варыянт. З задавальненнем я атрымліваў ад яго і кнігі з дарчымі надпісамі. З трывогай ён прыняў паведамленне пра страту Алесі Аляксандраў-ны, аб чым таксама падзяліўся ў некаторых СМІ. Але ж гэта не спыніла яго прыхільнасць і да маёй дзейнасці. З цікавасцю ён пачаў ставіцца і да лідскай тэрыторыі. І гэта недарэмна. Яшчэ ў далёкім 1982 годзе ў раённай лідскай газеце “Уперад” былі змешчаны яго публікацыі “Песня” (навела) і “Тайна Падкасянскага лесу” (апавяданне), быў знаёмы з лідскім журналістам і краязнаўцам Аляксандрам Жалкоўскім, з такім жа апантаным у краязнаўчай справе Анатолем Куляшом і з іншымі. І да гэтага дня трымае сувязь з журналістам і лідскім пісьменнікам Уладзімірам Васько, з краязнаўцам і галоўным рэдактарам “Лідскага летапісца” Станіславам Суднікам. У кнізе “Пухавіччына: літаратурнае гняздо Беларусі” (2020), змешчаны матэры-ялы пра мясціны, якія вядомыя аўтару гэтай кнігі, як напрыклад “Дукора”, на старонках кнігі згадваецца Алеся Бурак і маё прозвішча. А ў “Навагрудчына: літаратурнае гняздо Беларусі” (2023) чытач прачытае пра лідскую паэтэсу Станіславу Белагаловую, дзякуючы Станіславу Судніку – рэдактару літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” № 10. Час ад часу Алесь Мікалаевіч змяш-чае ў “ЛіМ”е, у “Полымі” рэцэнзіі на кнігі Уладзіміра Васько. Хочацца спадзявацца, што дойдзе чарга ў Алеся Карлюкевіча і да лідскіх мясцін, якія таксама знітаваныя душою і сэрцам таленавітых творцаў – пісьменнікаў і краязнаўцаў, чые шляхі пракладзены па землях Беларусі і за яе межамі. І звярнуць увагу на іх варта.

Застаецца пажадаць шаноўнаму юбіляру моцнага здароўя, нязгаснага натхнення і далейшага працягу разгортваць і насычаць старонкі радзімазнаўства і гісто-рыі беларускай літаратуры.

Алесь Хітрун.

Алесь Карлюкевіч, поўнае імя Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч (нар. 6 студзеня 1964, в. Зацітава Слабада, Пухавіцкі раён, Менская вобласць) – беларускі краязнавец, літаратуразнавец, журналіст, дзяржаўны функцыянер. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2017-2020). Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 2022).

Бацька – Мікола Карлюкевіч – працаваў у мясцовым калгасе рабочым, маці (дзявочае прозвішча Ладуцька) была настаўніцай малодшых класаў. Старэйшая на 5 гадоў сястра Людміла займалася выхаваннем. У пачатковую школу Алесь Карлюкевіч хадзіў у Зацітавай Слабадзе, а сярэднюю скончыў у Пухавічах.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1985) і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2002). У 1981-1995 гадах служыў ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. Працаваў у газетах “Звязда” (1995-1998), “Чырвоная змена” (1998-2002) – галоўны рэдактар, “Советская Белоруссия” (2002-2006). У 2006-2011 гадах дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва”. Адначасова ў 2009-2011 гадах галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”, што ўваходзіла ў склад названай установы.

8 лістапада 2011 года прызначаны галоўным рэдактарам газеты “Звязда”. З лістапада 2012 года – адначасова выконваючы абавязкі, са снежня 2012 – дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”. З кастрычніка 2011 года адначасова быў старшынём Менскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (да 2016 года).

15 снежня 2016 года стаў намеснікам міністра інфармацыі Беларусі, 28 верасня 2017 года – міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Звольнены з пасады міністра 4 чэрвеня 2020 года. З ліпеня 2020 года – галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка”.

20 жніўня 2020 года зноў прызначаны галоўным рэдактарам газеты “Звязда” і дырэктарам Выдавецкага дома “Звязда”.

У кіраваным Карлюкевічам холдынгу “Звязда” на беларускай мове ў 2022 годзе выпушчана 1 067 назваў кніг і брашур тыражом 2,83 млн экз. Найбольш тыражнай у беларускамоўным сегменце з’яўляецца вучэбная літаратура, якая адносіцца да катэгорыі сацыяльна значная. У 2022 годзе выдадзена 972 назвы мастацкай літаратуры тыражом 1,13 млн экз., пры гэтым сярэдні тыраж аднаго выдання склаў 1,16 тыс. экз.

Член Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі. 22 сакавіка 2022 года на з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч быў выбраны старшынём пісьменніцкай арганізацыі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Даследаваў мову нашых продкаў
Мова

Даследаваў мову нашых продкаў

7 жніўня 2024, 09:5215
Творчасці чароўныя ніці нас з’ядналі ў дружную сям’ю
Культура

Творчасці чароўныя ніці нас з’ядналі ў дружную сям’ю

12 красавіка 2023, 22:2115
Далучайцеся да нас