11 лістапада ў Мірскім замку адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя, паведамляе polymia.by.
У рамках культурнага праекта “Даследаванне і факсімільнае выданне помніка беларускай пісьменнасці Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя” была створана факсімільная копія святыні. Арыгінал налічвае 347 старонак, факсімільная копія – 740. Арыгінал святыні захоўваецца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, дзе яна апынулася не пазней за 1947 г.
Жухавіцкае Евангелле – помнік старабеларускага кнігапісання. Мірскі замак ініцыяваў вяртанне на Радзіму рукапіснай святыні. У верасні гэтага года першы асобнік факсімільнага выдання быў перададзены ў царкву Раства Іаана Прадцечы ў Малых Жухавічах. Наклад факсімільнага выдання складае ўсяго 99 асобнікаў.
Сапраўднае месца стварэння Евангелля дагэтуль невядомае, але мяркуецца, што яно было створана для царквы ў сяле Малыя Жухавічы, вядомым з XVI стагоддзя. Папярэдне 40-мі гадамі таго ж стагоддзя датуюць і стварэнне Евангелля. Паводле запісу, які захаваўся на адным з аркушаў рукапісу, у кастрычніку 1733 года Евангелле знаходзілася ў мясцовай царкве. У пратаколе генеральнай візітацыі Цырынскага і Наваградскага дэканатаў 1798 года сярод маёмасці царквы святога Іаана Хрысціцеля меліся два Евангеллі – “Ruska i Polska”. Пад “Рускім Евангеллем”, відавочна, меўся на ўвазе названы помнік.
Рукапіс складаецца з 347 аркушаў, напісаных мастацкіх паўуставам цёмна-карычневай і чырвонай фарбамі.
Евангелле мае не толькі гістарычную, але і эстэтычную каштоўнасць, але яго даследаванне ўскладняе дрэнная захаванасць.
Кніга ўпрыгожаная чатырма мініяцюрамі з выявамі евангелістаў Мацвея, Марка, Лукі і Яна, выкананымі на срэбным фоне вохрыста-залацістымі фарбамі, чатыр-ма застаўкамі і чатырма па-мастацку аздобленымі вялікімі літарамі-ініцыяламі.
Дзве застаўкі выкананыя ў “балканскім стылі” з элементамі “пляцёнкі”, а іншыя, відаць, у народнай традыцыі з крыху спрошчанай інтэрпрэтацыяй раслінных матываў.
Прэзентацыя пачалася з малебна, які правёў сакратар Наваградскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Дзмітрый Сёмуха.
Дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандр Лойка адзначыў:
– Вельмі рады вітаць вас у нашым музеі, бо сёння сапраўды свята. Вынікам работы нашых навуковых кіраўнікоў, калектыву Мірскага замка мы можам прэзен-таваць факсімільнае выданне Жухавіцкага Евангелля. Многія з вас ведаюць, што арыгінал знаходзіцца ў Вільні, у бібліятэцы імя Урублеўскіх, і, упершыню пазнаёміўшыся з выданнем, з’явілася ідэя зрабіць яго копію. Тры гады мы вялі інтэнсіўныя перагаворы з уладальнікам нашай унікальнай спадчыны, нашай святыні і вось нарэшце можам патрымаць яе ў руках.
Слова ўзяў протаіерэй Дзмітрый Сёмуха:
– Для ўсіх нас сёння вельмі радасна быць на гэтым мерапрыемстве. Вера сапраўды ўмацоўвае ў чалавеку жыццёвыя сілы, дае імпульс, каб чалавек жыў і дзейнічаў, ствараў новае ў гэтым свеце. Калі мы з вамі гаворым аб Евангеллі, якое было напісана ў XVI стагоддзі для Жухавіцкай царквы, мы гаворым аб працы тых людзей, якія шчыравалі над гэтай кнігай, каб слова Божае было пачута ўсімі жыхарамі. Кіраўніцтва музея “Замкавы комлекс “Мір” зрабіла вялікую справу, як і тыя людзі, які стваралі Жухавіцкае Евангелле, і мы гэтую працу з удзячнасцю прымаем.
Па дабраслаўленні архіепіскапа Наваградскага і Слонімскага Гурыя Аляксандр Лойка быў узнагароджаны медалём Беларускай праваслаўнай царквы Наваградскай епархіі прападобнага Елісея Лаўрышаўскага.
Перад гасцямі выступілі Ірына Будзько і Алена Пікулік, якія даследавалі мову Жухавіцкай святыні. Моваведы адзначылі, што вяртанне страчаных духоўных каштоўнасцей – першасная задача навукоўцаў і ўвогуле беларусаў. Сіламі Акадэміі навук, Нацыянальнай бібліятэкі, музеяў і Беларускай праваслаўнай царквы распачата праграма вяртання кніжнай спадчыны, створанай на нашых землях. Так, у выглядзе факсімільных выданняў былі вернуты Полацкае Евангелле ХІІ ст., Слуцкае Евангелле, Жыровіцкае. Сёння, дзякуючы Мірскаму замку, надыйшоў час для азнаямлення шырокай грамадскасці з Жухавіцкім Евангеллем.
Выдатным завяршэннем прэзентацыі стала выступленне дзіцячага хора “Званочак” СШ № 8 г. Слоніма.
Пасля прэзентацыі ўсе ахвотныя маглі наведаць капліцу Святаполк-Мірскіх, дзе была арганізавана выстава праваслаўных абразоў, арганізаваная Карэліцкім раённым краязнаўчым музеем.
polymia.by.