Дзень работнікаў культуры – свята ў нашай краіне адносна маладое, але, тым не менш, за дваццаць пяць гадоў яно паспела стаць знакам творчай працы. Бо дарыць людзям прыгожае, несці асвету ў масы – гэта вельмі няпростая праца.
На Гарадзеншчыне – без малога 7200 супрацоўнікаў культуры: 2200 – клубнай галіны, 900 бібліятэкараў, 500 музейных работнікаў, 650 – тэатральнай, 250- кінавідовішчнай, 2700 – адукацыі ў галіне культуры.
Лідчына – таксама край, багаты талентамі. Тут жывуць людзі, па-сапраўднаму захопленыя сваёй справай, якія шчыра любяць сваю малую радзіму.
Прафесійнае свята яны адзначылі творчай праграмай у Палацы культуры.
Лепшых работнікаў павіншавалі і ўручылі ўзнагароды старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Белуш Інэса Генадзеўна, намеснік старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Владыка Генадзій Анатольевіч, начальнік аддзела Леўшунова Наталля Фёдараўна і старшыня райкама прафсаюза Дукі Марыя Чаславаўна. З наказам і пажаданнямі ў шэрагі работнікаў культуры прынялі девяць маладых спецыялістаў. З музычным падаркам для калег выступіў пераможац Х-фактара Андрэй Панісаў. А галоўным падарункам для Палаца культуры горада Ліды стала ўручэнне сертыфіката на мікрааўтобус!
У гэты дзень вельмі прыемна сустрэцца з таленавітымі людзьмі, пагутарыць і ад душы павіншаваць з прафесійным святам.
Не так даўно наш горад адзначыў сваё 700-годдзе. У дні святочных мерапрыемстваў я ўпершыню пазнаёмілася з творчасцю народнай вакальнай студыі “Талісман”. Яе кіраўнік – Дзяніс Варановіч – чалавек, несумнеўна захоплены сваёй справай. Калісьці ён пачынаў свой творчы шлях у студыі эстраднай песні “Ліда-Мюзікл”, а зараз з’яўляецца кіраўніком народнай вакальнай студыі “Талісман”, а таксама стваральнікам дзіцячай эстраднай групы “Талісман-КІДС”. Абодва творчыя калектывы паспелі стаць удзельнікамі і лаўрэатамі міжнародных конкурсаў і фэстаў. Летась студыі давялося выступаць у Александрыі.
– З культурай і эстрадай звязана ўсё маё жыццё, – распавядае Дзяніс Анатолевіч. – Я жыў недалёка ад Палаца культуры. Маё самае першае выступленне прайшло ў сценах гэтай установы. Нават у войску служыў у Ансамблі песні і танцу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Скончыў эстраднае аддзяленне Гарадзенскага каледжа мастацтваў. Некалькі гадоў жыў у Менску, а калі вярнуўся на сваю малую радзіму, лёс ізноў прывёў у Палац культуры, дзе я заняўся стварэннем музычнага эстраднага калектыва “Талісман”, які за чатыры гады сваёй творчай дзейнасці атрымаў статус Народнай вакальнай студыі. А дзякуючы Лідскаму раённаму выканаўчаму камітэту і непасрэдна яго старшыні Сяргею Васільевічу Ложачніку ў нашай студыі з’явіліся касцюмы. Велізарная падзяка за садзейнічанне і падтрымку! Ну, а культуру Лідчыны я сапраўды ўвабраў з ранняга дзяцінства. Бо па збегу акалічнасцяў нават Дажыначная плошча каля Палаца культуры знаходзіцца на тым самым месцы, дзе калісьці стаяла хата, у якім прайшло ўсё маё дзяцінства.
Бібліятэкар першай катэгорыі філіяла “Інтэгра-ваная бібліятэка аграмястэчка Бердаўка” ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” Алена Чэчат пайшла па слядах сваёй свякрухі Валянціны Сцяпанаўны, працягваючы краязнаўчы кірунак у працы бібліятэкі. На сённяшні дзень у сценах Бердаўскай бібліятэкі захоўваюцца такія краязнаўчыя альбомы, як “Летапіс аграгарадка Бердаўка”, “Рэлігія: гісторыя, сучаснасць”. А рукапісны альбом “Помні іх імёны: яны прайшлі дарогамі вайны”, прысвечаны бердаўскім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца адным з самых каштоўных у краязнаўчай працы Валянціны Сцяпанаўны.
Вельмі складана ўявіць неверагодна прыгожую Алесю Ярунічаву метадыстам аддзела мета-дычнай і культурна-масавай працы дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Таленавітую і актыўную дзяўчыну заўважылі яшчэ ў тую пару, калі яна працавала па размеркаванні мастацкім кіраўніком у Доме культуры аграмястэчка Ёдкі.
– Я, вядома, больш чалавек мастацтва і творчасці, – дзеліцца сваёй гісторыяй Алеся Юр’еўна. – Таму, апроч метадычнай працы, ужо шэсць гадоў з’яўляюся ўдзельніцай народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік” філіяла “Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу”. Як толькі я прыйшла працаваць у сферу культуры, мяне адразу ж запрасілі ў калектыў вакалісткай. З задавальненнем удзельнічаю ў дзейнасці народнай студыі гісторыі і мастацтвы эпохі Сярэднявечча і ранняга Рэнесансу “Дама сэрца” (“Domina Cordis”), якой кіруюць Ірына Вашкевіч і Ірына Струмскіс. Метадыстам працую чуць больш года, спрабую сумяшчаць прыемнае з карысным.
На першы погляд дарыць людзям прыгожае так лёгка! Але, маючы зносіны з працаўнікамі культуры, разумееш: ва ўсё прыгожае ўкладваецца значная порцыя працы і бязмерная любоў да творчасці. Са святам вас, дарагія працаўнікі культуры! Заставайцеся заўсёды пазітыўнымі, яркімі і прыгожымі, бо ваша праца нясе святло ў нашы сэрцы!
Аксана Глініна.
https://lidanews.by/news/life/31113news.html.