12 – 13 жніўня адзін з самых старажытных і прыгожых гарадоў Беларусі – Нясвіж – адзначыў 800-годдзе.
Першай згадкай Нясвіжа прынята лічыць 1223 год. У гэты час, згодна з легендай, у бітве з мангола-татарамі на рацэ Калцы прымаў удзел князь Юрый Нясвіжскі. Найбольш ранняя дакументальная згадка аб населеным пункце належыць да 1446 года.
Сэрцам горада з’яўляецца Нясвіжскі замак. Ён быў закладзены князем Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам у 1582-1583 гадах. Будынак з’явіўся на месцы драўлянага замка. На працягу ХVI-ХIХ стагоддзяў ён неаднаразова перабудоўваўся. Так ён ператварыўся ў спалучэнне розных прыёмаў і стыляў: сярэдневяковага дойлідства, позняга рэнесансу, барока, класіцызму, каларытных ідэй мясцовых майстроў.
У канцы ХХ стагоддзя замак прыйшоў у запусценне. Са стварэннем музея-запаведніка “Нясвіж” у 1993 годзе пачаўся новы этап яго адраджэння. Рэстаўрацыя палацава-паркавага ансамбля вялася з 1997 года, Нясвіжскага замка – з 2004 года. Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. У 2005 годзе палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы быў унесены ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ у ліпені 2012 года экспазіцыя музея-запаведніка “Нясвіж” цалкам адкрылася для наведвальнікаў.
Акрамя Нясвіжскага замка ў горадзе Нясвіжы да гэтага часу захаваліся і іншыя ўнікальныя помнікі архітэктуры. У 1587-1593 гадах у горадзе па праекце Джавані Бернардоні быў пастаўлены першы на беларускіх землях храм у стылі барока – касцёл Божага Цела. Касцёл і цяпер з’яўляецца дзейным. У 1982 годзе на пляцоўцы за агароджай заходняга фасада касцёла пастаўлены помнік вядомаму дзеячу Рэфармацыі XVI стагоддзя Сымону Буднаму.
У 1596 годзе была пабудавана Нясвіжская ратуша, помнік архітэктуры XVI-XVIII стагоддзяў, які з’яўляецца найстаражытнейшым сярод ратушных пабудоў, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі. З 1997 па 2004 год на помніку праводзіліся рэстаўрацыйныя работы. У выніку фасады будынка набылі свой першапачатковы выгляд, адноўлены верхнія ярусы вежы, зноў (як і ў XVI стагоддзі) вежу ўпрыгожыў гарадскі гадзіннік і назіральная пляцоўка.
Гарадская Слуцкая брама з’яўляецца ўнікальным помнікам беларускага барока. Гэта адзіная з пяці гарадскіх брам, пабудаваных у сістэме гарадскіх умацаванняў у канцы XVI – пачатку XVII стагоддзяў, што захавалася ў Нясвіжы. У 2006-2007 гадах праведзены капітальны рамонт Слуцкай брамы, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол помніка. Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
У паўднёвай частцы горада размяшчаецца комплекс пабудоў былога кляштара бенедзікцінак. Яго заснаванне адносіцца да 1590-1595 гадоў. Гэта быў першы ў Беларусі жаночы каталіцкі кляштар.
Нясвіж вядомы як месца правядзення буйных культурных мерапрыемстваў. З 1996 года ў горадзе праводзіцца рэспубліканскі фестываль старажытнай і камернай музыкі “Музы Нясвіжа”. З 2010 года штогод праходзяць Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў.
У 2012 годзе Нясвіж быў культурнай сталіцай Беларусі. Гэта сведчыць аб высокай ацэнцы дасягненняў горада ў сферы культуры як у мінулым, так і цяпер.
У ліпені 2023 года ў горадзе ўпершыню прайшоў двухдзённы летні фестываль музыкі “Джаз у горадзе N”, сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага канцэрт-нага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга і гістарычна-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.
Свой 800-гадовы юбілей горад адзначыў з вялікім размахам. У Нясвіжы прайшоў фестываль гістарычных рэканструкцый “Нясвіжская фартэцыя”, разыграны эпізоды перыяду XIV-XIX стагоддзяў (конны турнір, пешыя двубоі, турніры лучнікаў, бітвы пяцёрак). Быў разгорнуты горад майстроў, для гасцей арганізаваны майстар-класы, выступілі прафесійныя і аматарскія калектывы мастацкай творчасці.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне жыхарам Нясвіжа і Нясвіжскага раёна з нагоды 800-гадовага юбілею горада.
“Нясвіж – горад-легенда, калыска беларускага кнігадрукавання, тэатральнага, мастацкага і музыч-нага мастацтва, каштоўная жамчужына на карце Беларусі. Яго архітэктурную прыгажосць і культурныя багацці стагоддзямі стваралі многія пакаленні нашых продкаў. Штогод сюды накіроўваюцца сотні тысяч турыстаў, каб дакрануцца да самабытнай і яркай гісторыі мудрага, таленавітага і працавітага беларускага народа“, – гаворыцца ў віншаванні.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, годна прадаўжаючы старажытныя традыцыі, Нясвіжскі раён сёння адыгрывае важную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці Менскай вобласці, з’яўляючыся лідарам у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У аснове гэтых высокіх дасягненняў беражлівыя адносіны да сваёй зямлі і любоў да малой радзімы жыхароў рэгіёна.
“Перакананы, што і ў далейшым вы будзеце рабіць усё магчымае, каб родны горад, раён і ўся наша краіна працвіталі”, – падкрэсліў беларускі лідар.
Ён пажадаў усім жыхарам горада і раёна моцнага здароўя і новых здзяйсненняў, каб вынікі іх працы сталі прадметам гонару для будучых пакаленняў
А галоўным падарункам да 800-годдзя Нясвіжа, турыстычнай пярліны, і аднаго з самых паспяховых аграрных і прамысловых раёнаў краіны, стаў новы будынак паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы. Рашэнне пра яе будаўніцтва было прынята Прэзідэнтам 1 ліпеня 2020 года. Будаўніцтва прадугледжана перспектыўным планам забудовы Нясвіжа. Праектна-каштарысная дакументацыя была распрацавана, і атрымана станоўчае заключэнне дзяржаўнай экспертызы ў 2021 годзе.
Са знакавай падзеяй жыхароў і гасцей горада павіншавалі міністр аховы здароўя Зміцер Піневіч і старшыня Менгарвыканкама Аляксандр Турчын.
Кіраўнік вобласці ўручыў галоўнаму лекару Вікторыі Пражэнік сертыфікат ад Менаблвыканкама на 10000 рублёў на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстановы.
Паліклініка ўяўляе сабою сучасны шматпрофільны комплекс аддзяленняў і кабінетаў для аказання ўсяго спектру лячэбных і дыягнастычных паслуг пацыентам на амбулаторным этапе магутнасцю 400 наведванняў у змену.
Агульная плошча трохпавярховага будынка складае 9739,28 квадратных метра. Будынак збудаваны з улікам патрабаванняў безбар’ернага асяроддзя для фізічна аслабленых асобаў. Побач добраўпарадкавана тэрыторыя і арганізавана паркоўка для наведвальнікаў.
У новай паліклініцы будзе аказвацца першасная і кваліфікаваная медыцынская дапамога па 25 спецыяль-насцях. Закуплена сучаснае абсталяванне для лекараў-спецыялістаў і дыягнастычных аддзяленняў.
А свята працягвалася. Адбыўся парад стылізаванай тэхнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна “Нясвіж: 800 гадоў у дарозе”, упершыню адбыліся фестывалі сыру і марожанага. Прайшлі кніжныя выставы, спаборніцтвы па пляжным валейболе. Гулянні прайшлі на 14 пляцоўках. Завяршылася свята феерверкам на Ратушнай плошчы, дыскатэкай і лазерна-прамянёвым шоў.
Кар. БЕЛТА.