Яна знайшла мяне праз фэйсбук год таму. “Вітаю, Святлана! Прашу прабачэння, але вы вельмі зацікавілі мяне як даследчык Элізы Ажэшкі. Я ўраджэнка Ліды, жыву на Канарскіх выспах і ў Мадрыдзе”.
Яна пісала, што скончыла ўніверсітэт Ла-Лагуна на Тэнэрыфэ ды аспірантуру пры ім і вучыцца ў дактарантуры. Што тэма яе дысертацыі датычыцца творчасці Элізы Ажэшкі, у прыватнасці рамана “Над Нёманам”, а да мяне яна звяртаецца з просьбай “дапамагчы парадамі, артыкуламі, вашымі працамі”. Ведае пра мяне з гэтага боку праз лекцыі на YouTube і прадмову да новага беларускамоўнага выдання “Над Нёманам”. Не адгукнуцца я не магла. І вось праз год мы сядзім за столікам МакДональдса на рагу Бабруйскай і Ленінградскай. Пакуль чакалі замовіць каву, я расказала ёй, што на мяжы 1980-х – 1990-х тут быў кафетэрый, у які мы з аднакурсніцай, перш чым ісці на заняткі, заходзілі кожны раз пасля ранішняй электрычкі на абавязковую каву з булачкай, і гэты сняданак коштам у 25 капеек сілкаваў нас, будучых медыкаў, бывала, што і да вечара.
Знаёмцеся: Наталля Астрэйка, 27 гадоў, з іх сем пражыла за межамі Беларусі. Адпачывае на радзіме ў Лідзе, у Мінск прыехала сустрэцца з сябрамі і даць мне гэтае інтэрв’ю.
Маё першае пытанне да яе натуральнае, як узыход сонца над Нёманам.
– Чаму менавіта Ажэшка? Але пачынайце з аповеду, як вы апынуліся на Канарах.
“Я зразумела, чаго не хачу”
– Я нарадзілася ў Лідзе. У школе вывучала іспанскую мову. Пасля 9 класаў як алімпіядніца была без экза-менаў залічана ў гімназію, якая на той час (не ведаю, як цяпер) з’яўлялася адной з лепшых школ. Пакуль там вучылася, узнікла пытанне: ісці мне далей у лінгвістычны ці медыцынскі? Але перамагла любоў да замежнай мовы і літаратуры: з даволі высокім балам я паступіла ў “ін’яз”.
Вучылася паспяхова, стала адной з лепшых на факультэце. Але ўсё памяняў трэці курс. Я зразумела, што хачу навучаць, але не хачу быць школьнай настаўніцай на адпрацоўцы і атрымліваць за гэта 400 рублёў, губляючы не толькі два гады жыцця, але і мову, і тыя магчымасці, якія магу набыць за гэты час. На зімовых канікулах я паляцела адпачываць на Тэнэрыфэ. Мне паказалі ўсе Канарскія выспы і ўніверсітэт Ла-Лагуна. Я захапілася так, што магла сказаць толькі адно: “Мама, тата, хачу жыць на Тэнэрыфэ”. Гэта было ў студзені. А ў траўні я ўжо здала экзамены за 3 курс і паляцела на Канары шукаць лепшае жыццё.
– І як вас бацькі адпусцілі?
– Са скандаламі. Былі і крыкі, і слёзы. Але мне было 20 гадоў, я была ўпэўненая, што ўсё ў мяне атрымаецца, што я ўсё змагу. Я з’ем увесь свет, як у нас там гавораць. Бацькі: “Ты ж ідзеш тут на чырвоны дыплом, а што ў цябе будзе там? На што ты там будзеш жыць?” Я: “У мяне ўсё атрымаецца”.
Прыляцела ў нікуды, не маючы нічога, акрамя дакументаў. Патрэбны былі і жытло, і легальная праца. Усё давалася цяжка. Я абівала парогі. Але я хацела яшчэ і працягваць вучыцца, а гэта таксама патрабавала грошай. Працавала начамі, кім толькі ні была. Мне ўдалося атрымаць від на жыхарства, замяніць на яго маю студэнцкую візу, a потым ужо грамадзянства. Два апошнія гады ўжо не трэба было аплочваць вучобу, бо атрымала стыпендыю. А па заканчэнні ўніверсітэта я адчула і жаданне, і патрэбу вучыцца далей, бо з адным толькі філалагічным дыпломам асабліва нікуды не пойдзеш. Паступіла ў магістратуру на педагогіку – іншых варыянтаў не было. Мой дыплом звязаны з даследаваннем літаратуры і дазваляе выкладаць яе ў старэйшай школе. Вось я і пачала працаваць настаўніцай іспанскай мовы і літаратуры. Беларуска выкладала іспанскую мову іспанцам, што для іх было незвычайна: як так?..
І ўсё ж я разумела, што самае маё – гэта працягваць займацца вывучэннем літаратуры. Таму я цяпер дактарантка. Яшчэ, як кажуць, конь не валяўся ў напісанні маёй дысертацыі, але ж пакрысе вынік будзе. Калі мы з навуковым кіраўніком, які называецца ў нас навуковым дырэктарам, абмяркоўвалі тэму, шукалі, што цікавае можна яшчэ адкрыць, бо шмат ужо наадкрывана свету з іспанскай літаратуры, вырашылі спыніцца на параўнаўчым літаратуразнаўстве. Мая магістарская праца прысвечана творчасці іспанскай пісьменніцы ХІХ стагоддзя, якая лічыцца першай прадстаўніцай рэалізму ў Іспаніі. Пісала яна пад мужчынскім псеўданімам – як Фернан Кабальера, таму што ў яе часе жаночую творчасць, як вядома, не вельмі віталі. А сапраўднае яе імя – Сесілія Бёль дэ Фабер. Пісала яна па-французску, а потым яе творы перакладаліся на іспанскую. Калі я пачала шукаць аўтарку ёй у пару, для параўнання (а мне было вельмі важна выбраць аўтарку з Беларусі), я прыглядзелася да Элізы Ажэшкі. На прыкмеце яна як зямлячка была, зразумела, увесь час, але калі я пачытала яе творы ў большым, чым раней, аб’ёме, то зразумела, што гэта ўвогуле ідэальнейшы варыянт, каб зрабіць параўнанне на навуковым узроўні дзвюх літаратур, іспанскай і беларускай, якія на першы пагляд ніякіх кропак судакранання не маюць.
– Па вялікім рахунку, з ХІХ стагоддзя з бела-рускай зямлі вы нікога з жанчын, акрамя Элізы Ажэшкі, і не маглі ўзяць.
– Так, ніякіх іншых раманістак і не было, тым больш, такога ўзроўню. Але і тэмы, якія яна асвятляла ў творчасці, – каханне, здрада, стасункі мужчын і жанчын, побыт і праблемы вяскоўцаў – вельмі ўсё з Сесіліяй Бёль дэ Фабер супадае. Гэта захапіла мяне яшчэ больш. Мне хочацца пазнаёміць іспанскі свет з такой цікавай аўтаркай, як Эліза Ажэшка, і калі я скончу доктарскую дысертацыю, то абавязкова перакладу на іспанскую мову які-небудзь яе твор. Гэта цяпер мая асноўная мэта – каб свет наноў адкрыў для сябе такую пісьменніцу. Я пазнаёмлю іспанцаў з жанчынай, якая пісала праўдзіва і таленавіта пра нас, беларусаў. Пра беларусаў з вёскі, якімі мы ёсць.
“Вязу і вязу з Беларусі на Канарскія выспы кнігі нашых пісьменнікаў”
– Нягледзячы на тое, што ў мяне два грамадзянствы, я адчуваю сябе беларускай. Не хачу губляць ні свае крані, ні свае веды. Каб не страціць у беларускім маўленні, я кожны раз, калі прыязджаю сюды, купляю беларускія кнігі. Я так хвалявалася, едучы на інтэрв’ю, каб не атрымалася ў мяне замест мовы трасянка…
– О, трасянкай яшчэ трэба ўмець гаварыць.
– Я вязу і вязу з Беларусі на Канарскія выспы кнігі нашых пісьменнікаў. Караткевіч, Купала, Ажэшка… Вяртаючыся да апошняй: мяне вельмі ўражваае тое, што знаходзяцца аднолькавыя моманты ў яе і маім жыцці. Чытаю яе лісты, асабліва пра закаханасць у доктара, – і… Калі мы адна адну разумеем на гэтым, прыватным узроўні, то і свет яе літаратуры адкрываецца мне зусім іншым. Я прачытала яе “Дзікунку” ў вашым перакладзе. Мне вельмі каштавала знайсці гэтую кнігу, але цяпер я прывезла яе з сабой, каб вы падпісалі. Гераіня “Дзікункі” ў многіх момантах – я. І мне здаецца, што калі творчасць пісьменніка не чапляе даследчыка нечым асабіста, то і даследаванне гэтай творчасці атрымліваецца механічным, штучным, без сэрца. А мне Эліза Ажэшка яшчэ і зямлячка. Першы яе твор, які я прачытала, – гэта раман “Над Нёманам”.
– Вы пачыналі адразу з твора, з якім яна намінавалася на нобелеўку.
– Так атрымалася.
– А як, на вашу думку, магла б гучаць фармулёўка “за што”, калі б яна яе ўсё ж атрымала?
– Калі б я была ў нобелеўскім камітэце, то прысудзіла б прэмію Ажэшцы за тое, што яна праўдзіва, сапраўдна перадала ўсю сутнасць нашага простага люду, яго пачуцці, перажыванні і волю да змагання за лепшае. Гэта, канешне, не ўлічваючы мастацкіх прыёмаў, якія пісьменніца выкарыстала. Я, калі прачытала гэты раман, усё і адразу зразумела пра моц яе творчасці. Адзін з самых любімых маіх эпізодаў – калі Ян прывозіць Юстыну на магілу Яна і Цэцыліі. Таямніца кахання, якую перанесла на паперу Ажэшка, прымушае нас верыць у непазбежнасць яго на зямлі, і, як вы пішаце ў “Эфекце прысутнасці” (назва прадмовы да выдання “Над Нёманам”, выдавецтва “Беларуская навука”, 2020 год – заўв. аўтара), у заручынах Яна і Юстыны прачытваецца непазбежнасць не толькі новай барацьбы за незалежнасць, але і будучы поспех гэтай барацьбы. Сёння гэта чытаецца яшчэ больш актуальна. Ян Багатыровіч сімвалізуе ўвесь наш народ, яго неверагодную моц і неўміручую веру ў лепшае.
Пазней, калі я пачала больш чытаць пра жыццё пісьменніцы, я прыйшла да высновы, што хачу адолець усё, што яна напісала. Яго шмат, але яно таго вартае. Хаця я цяпер павінна чытаць не толькі яе творы, але і творы іспанскай аўтаркі, і тэарэтычную літаратуру. Чытаю ўсё па чарзе.
– З вышыні ўжо прачытанага з творчасці іх абедзвюх: якая паміж імі істотная розніца?
– Істотная розніца ў тым, што ў Заходняй Еўропе ў той час жанчыны былі пад большым прыгнётам, чым у нас. Іспанская пісьменніца Сесілія Бёль дэ Фабер адчувала менш свабоды, чым наша Эліза Ажэшка. Наша – не баялася падпісвацца сваім іменем, не мела патрэбы хавацца за мужчынскім псеўданімам. Яна пісала пра тое, пра што хацела і што лічыла патрэбным пісаць, і смела рассылала свае творы па рэдакцыях, а не баялася, што нехта даве-даецца пра яе, як пісьменніцу. Гэта, я лічу, іх галоўнае адрозненне.
Я не ведаю, як іншыя еўрапейцы, але іспанцы любяць гаварыць і часта ў размовах са мной прамаўля-юць, што мужчыны ў нас шавіністы, а жанчыны прыгнечаныя. Я ім адказваю: расплюшчыце вочы. Пра нашых жанчын я б сказала наадварот: яны больш бойкія, чым мужчыны, і здольныя вытрымаць нашмат больш жыццёвых цяжкасцей.
“Іспанцаў зацікавілі б “Над Нё-манам” і “Хам”
– Мне хочацца мець навуковыя публікацыі тут і там – і ў Іспаніі, і ў Беларусі. Я ўжо напісала артыкул пра Святлану Алексіевіч. Ва ўніверсітэцкім філалагічным часопісе быў апублікаваны запыт на артыкулы пра жанчын на вайне, вось я падумала: чаму б не напісаць пра “У вайны не жаночы твар”? Напісала. Цяпер я чакаю выхаду сваёй першай публікацыі на іспанскай мове. Алексіевіч на іспанскую перакладзена. Наступны артыкул буду ўжо пісаць пра Ажэшку.
– Што будзе далей, пасля абароны дысертацыі?
– Мая спецыялізацыя будзе і далей палягаць у параўнальным літаратуразнаўстве. Ажэшка – толькі пача-так. Магчыма, на лекцыях па ўніверсальнай літаратуры я буду прэзентаваць беларускіх аўтараў. Бо наша літаратура вельмі багатая і вельмі цікавая. Найперш жа чакае мяне час перакладу. Гэта будзе няпроста. Але мой навуковы дырэктар ужо пагадзіўся дапамагаць і кансультаваць. Ёсць яшчэ такая асаблівасць: каб пераклад меў вагу, трэба, каб перакладчык меў навуковы статус.
– А што хочаце перакласці?
– Яшчэ перад тым начытаюся твораў. Але з таго, што я ўжо прачытала, іспанцаў, ведаю, зацікавіў бы раман “Над Нёманам”. І яшчэ “Хам” – як гімн хрысціянскага стаўлення да жыцця. У іспанскай аўтаркі ёсць вельмі падобны твор. Можна надрукаваць абодва – Элізы Ажэшкі і Сесіліі Бёль дэ Фабер – у адным томе з адмысловай прадмовай…
“Я б вучылася ўсё жыццё”
– Мой стандартны працоўны дзень пачынаецца з пад’ёму а шостай. Цяпер маё жыццё знаходзіцца паміж Канарскімі выспамі і Мадрыдам. Вырашыла не сядзець на адным месцы, а працягваць працаваць яшчэ больш. Каб мець магчымасць жыць паміж двума месцамі, трэба вельмі шмат працаваць. На жаль, студэнты дактарантуры далёка не ўсе атрымліваюць стыпендыю, ды на яе і не пражывешь. А працую я цяпер у сферы лагістыкі і ў якасці перакладчыка.
– Ажэшка спрабавала ўладкавацца тэлеграфісткай, яе не ўзялі.
– Мяне сама праца знайшла, бо я дзеля заробку шмат перакладала дакументаў з рускай на іспанскую для адной фірмы. Я прыняла яе прапанову, бо з такой працай маю час на тое, каб па вечарах быць ва ўніверсітэце. Калі з’ехала ў Мадрыд, давялося шукаць іншую працу, але ж таксама не было асаблівых цяжкасцей. Канешне, гэта часова. Калі ўсё будзе добра і я стану доктарам навук, тады ўжо буду выкладаць ва ўніверсітэце. Не ведаю чаму, але вельмі хачу папрацаваць і ў беларускім універсітэце. Я паспрабую гэтага дасягнуць.
Літаратура і яе даследаванне – тое, што мяне захапляе і цікавіць больш, чым што іншае. Калі б не наша патрэба ўвесь час працаваць, калі б не неабходнасць зарабляць грошы няспынна, бо іначай не выжыць, я была б самым шчаслівым чалавекам, седзячы дома і чытаючы кнігі. Калі б за гэта плацілі грошы, я б вучылася ўсё жыццё. Я нават марыла атрымаць яшчэ адну адукацыю, вывучаць нешта іншае. Але цікавага ў свеце шмат, а вучыцца бясконца нельга, трэба з пэўнага моманту пачынаць вяртаць атрыманае: распаўсюджваць веды, а не толькі іх паглынаць.
З дзяцінства я разумею, што ў кнігах усе адказы. На ўсе жыццёвыя пытанні. Хоць літаратура – гэта не тая галіна дзейнасці, якая дае выхады ў будучыню. Каб ёю займацца, патрэбна ёй захапляцца.
Маці мной цяпер ганарыцца. Але калі мы размаў-ляем з ёй па тэлефоне, яна часам плача: як я там адна? У яе за мяне баліць сэрца. Канешне, я маю там шмат сяброў, хоць большасць з іх іспанцы. Мой дом ужо там. А калі я прыязджаю сюды, у Беларусь, мае беларускія сябры здзіўляюцца: як ты можаш хацець вяртацца? Што табе тут рабіць? А я, калі б магла, адсюль бы ўжо не паехала. Калі б я магла… Калі б былі сродкі, я жыла б на абедзве краіны… А яшчэ я займаюся музыкай. Скончыла ў Беларусі музычную школу. Два гады таму набыла сабе на Тэнэрыфэ “Ямаху”. Белую. Калі-нікалі саджуся іграць, разгортваю ноты паланеза Агінскага – і тады ўсё… Цякуць слёзы. Творы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Элізы Ажэшкі побач са мной, на паліцах. Я не ведаю, як людзі, якія павінны былі шмат гадоў жыць за кардонам, вытрымалі такое жыццё. Бо я, пражыўшы сем гадоў за мяжой, ведаю, што гэта значыць. Я не магу сказаць: “Усё там цудоўна, усе прыязджайце”. Еўропа – прыгожы кут, але мае шмат сваіх мінусаў. І шмат такіх поглядаў на жыццё, з якімі я не пагаджаюся, і не пагаджуся ніколі. Не магу і пра Беларусь сказаць, што тут усё добра або ўсё кепска. Але гэта наша краіна…
Гутарыла Святлана Воцінава.