Дзясяткі новых і абноўленых аб’ектаў з’явяцца ў Лідзе ў год 700-годдзя горада. Якія новабудоўлі ўжо завершаны, а дзе яшчэ будаўнікі наводзяць глянец, якія разыначкі з’явяцца да юбілею, карэспандэнтка БЕЛТА дазналася ў старшыні Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка.
Свята рыхтуюцца маштабна адзначыць у верасні. А літаральна напярэдадні, да пачатку новага навучальнага года, адчыніць дзверы пасля рэканструкцыі сярэдняя школа №1 у мястэчку Першамайскім. Тут будуць спасцігаць веды 256 вучняў, а яшчэ 44 маленькія жыхары мястэчка і навакольных вёсак прыйдуць у дзіцячы сад. Паводле ўказу Прэзідэнта, рэканструкцыя ўстановы адукацыі вядзецца па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. Значную частку выдаткаў узяў на сябе абласны бюджэт. Усяго ў абнаўленне школы ўкладзена каля Br13 млн.
Дзіцячы сад на 190 месцаў будзе ўведзены ў эксплуатацыю і ў раённым цэнтры. Яго будаўніцтва завяршаецца ў мікрараёне “Поўнач” за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Прыгожую назву “Паўночнае ззянне” прыдумалі новабудоўлі самі лідзяне. З некалькіх варыянтаў гараджане абралі яго галасаваннем.
– Мікрараён “Поўнач” будзе самым вялікім у Лідзе, – адзначае старшыня райвыканкама. – І самым маладым. Таму дзіцячы сад тут – аб’ект першачарговай важнасці. Забудова разлічана больш чым на 33 тыс. жыхароў і прадумана так, каб усім тут было максімальна камфортна. Да прыкладу, шматпавярхоўкі будуюцца з закрытымі ад машын і шуму ўнутранымі дварамі, і нават пяціпавярховыя новабудоўлі абсталяваны ліфтамі. У кватэрах усталяваны толькі электрычныя пліты. На гульнявых пляцоўках для дзяцей выкарыстоўваецца гумовае пакрыццё. Усюды ўладкована безбар’ернае асяроддзе.
Што да магістральных дарог, то яны ў новым мікрараёне бетонныя. Практычна ўвесь раён злучаюць роварадарожкі, уладкаваны роварапаркоўкі, ёсць і павільёны для захоўвання ровараў. Што яшчэ адзначаюць госці горада, дык гэта зручнае размяшчэнне нумароў дамоў на тарцах будынкаў – заблудзіцца ў мікрараёне “Поўнач” складана нават таму, хто бывае тут упершыню.
Будуецца ў “Поўначы” і арэнднае жыллё. З трох шматкватэрных жылых дамоў, якія ўведзены ў эксплуатацыю сёлета, два – з арэнднымі кватэрамі. У планах да канца года завяршыць будаўніцтва яшчэ шасці шматпавярховак, і дзве з іх таксама будуць з арэнднымі кватэрамі.
Вельмі хутка ў маладым мікрараёне з’явяцца дзве новыя вуліцы, названыя ў гонар Герояў Беларусі лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі.
Усяго ж у горадзе сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 69,4 тыс. кв.м жылля. У тым ліку 30 тыс. кв.м з дзяржаўнай падтрымкай, 3,8 тыс. кв.м арэнднага. Новым жыллём будуць забяспечаны 93 шматдзетныя сям’і.
На вуліцы Чырвонаармейскай у юбілейны год пачнуць будаваць шляхаправод над чыгуначнымі каляямі.
– Гэта даўняя праблема лідзян, – тлумачыць старшыня райвыканкама. – У горадзе растуць новыя мікрараёны, а “бутэлечнае рыльца” ў іх кірунку заставалася і абцяжарвала праезд. Простае пашырэнне дарогі да чатырох палос і наяўнасць чыгуначнага святлафора не пазбавіла б гараджан ад аўтамабільных затораў. А з будаўніцтвам “Поўначы” прапускную здольнасць вуліцы вельмі неабходна павялічыць. Для гэтага і будуецца шляхаправод – каб забяспечыць зручны і хуткі праезд жыхароў мікрараёна “Поўнач” і некалькіх размешчаных у тым жа кірунку ў самы час пік. Толькі на пачатковы этап рэалізацыі праекта выдзелена Br1,5 млн з раённага бюджэту.
Дарогам сёлета на Лідчыне ў цэлым надаецца павышаная ўвага. Галоўны аб’ект тут – рэканструкцыя аб’язной дарогі М11. Праект распрацаваны ўнікальны. Прадугледжаны асвятленне ў раёне жылой забудовы, ровара- і пешаходныя дарожкі, ходнікі. Яго рэалізацыя дазволіць павялічыць бяспеку, палепшыць экалагічную сітуацыю, будзе спрыяць развіццю ровараруху.
– Ліда – буйны прамысловы цэнтр, мы ўваходзім у лік 11 гарадоў краіны з насельніцтвам звыш 80 тыс. чала-век, і аб’язная дарога нам неабходна, – перакананы Сяргей Ложачнік. – Яна разгрузіць горад ад транзітнага транспарту. Мае значэнне таксама і тое, што побач з дарогай засяроджаны шэраг буйных прадпрыемстваў.
Актыўна ідуць рамонты дарог і будаўніцтва вуліц у горадзе. Так, значна падоўжылі вуліцу Сасновую – гэта дазволіла пусціць новы аўтобусны маршрут да мікрараёнаў Індустрыяльны і Чэхаўцы. У мікрараёне прыватнай забудовы Чэхаўцы пачата будаўніцтва пяці пяшчана-жвіровых вуліц. На чэрзе – мікрараёны індывідуальнай жылой забудовы Астроўля і Ёдкі.
Новае палатно з’явілася ўжо на дзесяці вуліцах, яшчэ 13 у рабоце. Для выгоды плануецца ўстаноўка святлафораў з выклікнымі кнопкамі на некалькіх абноўленых вуліцах.
Разыначкай Ліды абяцае стаць вуліца Замкавая. Цяпер тут вядуцца работы па добраўпарадкаванні. А да верасня яна стане пешаходнай. На Замкавай размесцяцца кавярні, гандлёвыя аб’екты. Паступова яна будзе напаўняцца новымі лакацыямі. Ажыўляць атмасферу прапануем юным музыкам. Побач размяшчаецца музычны каледж, і адвострываць сваё майстэрства яго навучэнцы змогуць, граючы open air. Можна сказаць, што да 700-годдзя лідзяне атрымаюць свой уласны Арбат.
Ёсць яшчэ дзве значныя будоўлі: за сродкі рэспубліканскага бюджэту завяршаецца будаўніцтва комплексу будынкаў Лідскага РАУС, а з дапамогай абласнога бюджэту ідзе рэканструкцыя Лідскага філіяла Гарадзенскай вучэльні алімпійскага рэзерву.
– Рыхтуемся да юбілею нашага старадаўняга і па-ранейшаму маладога горада. І зробім усё для таго, каб 700-гадовая Ліда сустрэла свята прыгожай, абноўленай і з упэўненым поглядам у будучыню, – падкрэсліў Сяргей Ложачнік.