31 ліпеня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння заслужанага настаўніка Беларусі, краязнаўца, гісторыка, заснавальніка Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея Міхася Пет-рыкевіча (1913-1999).
Родам Міхась Петрыкевіч быў з вёскі Падкасоўе Наваградскага раёна. У 1925 годзе пасля заканчэння чатырохкласнай пачатковай школы бацька адвозіць сына, Міхася Петрыкевіча, у Адамполь (былы маёнтак графа Храптовіча), дзе польскія ўлады адкрылі двухгадовую школу для падрыхтоўкі кандыдатаў у настаўніцкую семінарыю. Вучыўся юнак добра. Але ў апошнім класе далучыўся да камсамольцаў Заходняй Беларусі, за што Наваградскі акруговы суд прыгаварыў яго да трох гадоў зняволення і пазбаваіў на 10 гадоў усіх грамадзянскіх правоў. У 1934 годзе Міхась Петрыкевіч выйшаў на волю, аднак вучыцца не меў права, ды і на працу не бралі. Таму падаўся ажно ў Налібоцкую пушчу. Уладкаваўся дрывасекам, але і там непрыкметна займаўся агітацыйна-масавай работай сярод лесарубаў і возчыкаў лесу.
У верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь прыходзіць савецкая ўлада. Міхась Петрыкевіч вяртаецца з Налібоцкай пушчы і едзе ў Наваградак. Там працуе загадчыкам аднаго са школьных інтэрнатаў першай Наваградскай школы, а ў вольны час рыхтуецца да паступлення ў інстытут. У 1940 годзе юнак паступае на літфак Беластоцкага педінстытута.
Калі пачалася Другая сусветная вайна, Міхась Петрыкевіч пакінуў Беласток і вярнуўся на радзіму. Летам 1944 года яго забралі служыць у войска. У 1946 годзе ён дэмабілізаваўся і адразу паступіў на другі курс Менскага педінстытута. Пачаў працаваць у Карэліцкай школе, а потым быў пераведзены на пасаду завуча ў Валеўскую сярэднюю школу Наваградскага раёна. Там у Міхася Фёдаравіча ўзнікла думка стварыць школьны краязнаўчы музей. Дапамагаў яму ў гэтым і настаўнік Уладзімір Урбановіч. Хутка школьны музей у Валеўцы стаў вядомы на ўсю Беларусь, а далёка за межы Наваградскага раёна разнеслася і чутка пра нястомнага настаўніка-краязнаўца Міхася Петрыкевіча. Яго запрасілі ў Дзятлава ствараць раённы музей. І ён з сям’ёй паехаў. У Дзятлаве адразу пачаў шукаць матэрыялы, ездзіць па архівах і музеях, па вёсках раёна, дык так захапіўся пошукамі матэрыялаў для будучага Дзятлаўскага раённага музея, што ўжо ні аб чым іншым не мог думаць. І музей быў адкрыты, ён існуе да сённяшніх дзён.
Дзякуючы нястомнай пошукавай і даследчай працы, Міхасю Петрыкевічу ўдалося адкрыць новыя імёны, вярнуць і ўвекавечыць забытую славу некаторых людзей. З яго ініцыятывы былі ўстаноўлены многія помнікі і адкрыты мемарыяльныя дошкі (у прыватнасці, Ігнату Дварчаніну ў вёсцы Погіры), а вуліцам прысвоена імя героя ці знакамітага земляка. Вяртанне гэтых імёнаў не заўсёды было простым. З 1967 года Міхась Петрыкевіч друкаваў у газетах і часопісах артыкулы на розныя краязнаўчыя тэмы. Вельмі шчыра сябраваў з беларускімі пісьменнікамі, асабліва з Уладзімірам Калеснікам, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Анатолем Іверсам, Фёдарам Янкоўскім, Янкам Скрыганам і многімі іншымі. Каля 20 гадоў ён аддаў Дзятлаўшчыне, роднаму музею. А потым пераехаў жыць у Вільню да дачкі Святланы і да ўнукаў, хаця не парываў сувязяў з музеем, часта прыязджаў у Дзятлава, пісаў пісьмы, даваў парады, цікавіўся музейнымі справамі. А ў Вільні Міхась Фёдаравіч наведваў Таварыства беларускай культуры, бываў на усіх беларускіх мерапрыемствах…
Да 100-годдзя з дня нараджэння Міхася Петрыкевіча выйшла з друку кніга яго гістарычна-краязнаўчых артыкулаў “Наро-джаны вечнасць тварыць”. У 2013 годзе ў Дзятлаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі адзначылі 100-годдзя з дня нараджэння Міхася Петрыкевіча. Падчас ушанавання супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама пасмяротна занеслі яго імя ў ганаровую Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Дакумент пра гэта і спецыяльны кубак уручылі сыну, Валерыю Петрыкевічу.
А на будынку музея некалькі гадоў таму адкрылі мемарыяльную шыльду.
Наш кар.