Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Падарунак з водарам малой радзімы

Падарунак з водарам малой радзімы

2 жніўня 2023, 01:07 Выданні 50
Падарунак з водарам малой радзімы

Напрыканцы ліпеня 2023 года пабачыла свет яшчэ адна кніга паэта, лаўрэата Прэміі імя А.І. Дубко ў галіне літаратуры за 2022 год, Мікалая Іваноўскага “Духмяны падарунак”.

 

Нават зірнуўшы на вокладку новай кнігі паэта з Гарадзеншчыны Мікалая Іваноўскага “Духмяны падарунак”, нібыта пачынаеш адчуваць пах мёду, лекавых зёлак, яблыкаў, пагружаешся ў народны каларыт і аўтэнтычнасць. Ад новага паэтычнага зборніка спадара Мікалая быццам бы ідзе прыемны водар, і хочацца адгарнуць кнігу і далучыцца да чароўнай вясковай атмасферы.

Усяго ў зборніку “Духмяны падарунак”, які прызначаны для аўдыторыі школьнікаў сярэдніх і старэйшых класаў, але таксама падыходзіць і для сямейнага прачытання, змешчана пяць паэтычных частак. Прычым, усе яны звязаныя па сэнсе і эмацыянальным настроі: першая нібыта перацякае ў другую – і гэтак далей. Агульны настрой кнігі ўзвышаны і прыгожы, і гэта не дзіўна, бо аўтар натхняўся пры напісанні вершаў прыгажосцю навакольнай прыроды, роднымі краявідамі невялічкай вёсачкі Пачуйкі, назіраў за яе крылатымі і чатырохлапымі жыхарамі.

Першая частка выдання пад назвай “Дары пры-роды” змяшчае ў сваім складзе дзве падчасткі: “Дары лесу – грыбы” і “Ягады і плады” – і назвы гэтыя гавораць самі за сябе. Цікава, што вершы першай часткі “Духмянага падарунка” пабудаваны на аснове размоваў дзядулі са сваім маленькім унукам, якому стары распавядае пра лес, у якім расце шмат чаго цікавага, а найперш, канешне, грыбы. А сярод іх царом, як кажуць у народзе, з’яўляецца баравік:

Баравік лістком прыкрыўся

І нагою ў мох зарыўся.

Ён вялікі і прыгожы,

З аднаго зварыць суп можна.

Іх тут цэлая сям’я.

Аднаго знайшоў і я.

Шапку вытыркнуў ён з моху

І застыў з перапалоху,

Бо падрэзаў дзедаў нож,

І пайшоў грыбок у кош…

 

Падрабязна распавядае дзядуля ўнуку і пра іншыя грыбы: лісічкі, маслякі і сыраежкі, падасінавікі і г.д., – і вучыць малога іх збіраць, не забываючы пры гэтым расказаць пра тое, якія грыбы ў лесе браць нельга, бо яны атрутныя.

Асобнае месца адведзена ў першай частцы зборніка ягадам: тут ёсць вершы пра чарніцы, суніцы, маліны, ажыны, брусніцы і, канешне, пра беларускія журавіны:

Ягады ляжаць на моху,

Нібы сыпнулі гароху.

Іх чырвоныя хусцінкі,

На сцяблінках – павуцінкі.

Невялічкае ў іх лісце,

Шмат ад ягад тых карысці.

Далікатная расліна

На балоце журавіна.

Ласавацца любіць жораў

На балоце гуртам-хорам.

Журавіны – нібы вішні.

Жораў іх збірае ўвішна.

Ягады прыбавяць сілы,

Каб падняцца зноў на крылы…

 

“Чароўнае лета” – другая частка кнігі пачынаецца са шчымлівага верша “Вішня”. Ён прысвечаны дрэву, якое насамрэч расце каля брамы Мікалая Іваноўскага і з’яўляецца напамінам аб ягонай любай маці:

Прыгожая вішня расце каля брамы,

То памяць матулькі, ад нашае мамы.

Бялёсую травень накіне сукенку

І вішаньку зробіць чароўнай паненкай.

Красуе букетам яна каля бруку,

Страчае з дарогі і гладзіць нам рукі.

Улетку прывабіць гасцінцам прахожых,

Твар дзецям фарбуе і робіць прыгожым.

 

Таксама ў другой частцы маляўніча распавядаецца пра гародніну, якая расце каля дома Мікалая Іваноўскага: пра кабачкі, памідоры, гурочкі, бульбу і г.д. Здаецца, што аўтар размаўляе з гэтымі раслінамі, нібы з жывымі істотамі…

Трэцяя частка зборніка, якая носіць назву “Пах духмяных палёў”, прысвечана прыгажосці навакольных краявідаў, што побач з роднымі Пачуйкамі спадара Мікалая. Не забыў аўтар распавесці і пра жыхароў тых мясцін: баброў, буслоў, жораваў і г.д. З асаблівай любоўю піша паэт  пра сваіх дарагіх пчолак:

Даўным-даўно, ад часу ў час

Сябруе чалавек у нас,

Ён не прыносіць пчолкам шкоды,

Будуе вуллі і калоды…

 

А колькі радасці, натхнення,

Яу у садку пры задуменні,

Пачуеш гул! Не чутна ветру,

Дзе водар, пах на кожным метры…

 

У чацвёртай частцы зборніка, якая называецца “Зачараваны”, аўтар гаворыць пра сваю любоў не толькі да малой радзімы, але і да Беларусі цалкам і жадае сваёй краіне міру:

Лясы, дубравы, нашы пушчы,

З жывіцай сосны, нібы з тлушчам,

Што кронамі трымаюць неба.

Квітнее рунь на роднай глебе.

 

О, Беларусь, мая краіна!..

Жыццёвай крочу каляінай.

Шануйце, людзі, вас малю,

Старонку любую маю!

 

У пятай частцы кнігі Мікалай Іваноўскі дзеліцца з чытачамі сваімі філасофскімі роздумамі і ўспамінамі, аўтарам уздымаюцца тэмы вайны і міру, дабрыні і зла, важнасці захавання беларускай мовы і прадаўжэння нацыянальных традыцый.

Вось такі ў спадара Мікалая атрымаўся прыгожы і натхняльны “Духмяны падарунак” – чароўная, яркая, маляўнічая кніга. Усім зычу прыемнага прачытання: і дзецям, і дарослым!..

Інга Вінарская.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0422
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5421
Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу
Навіны

Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу

26 сакавіка 2020, 10:1420
На Слонімшчыне будуць разводзіць аленяў
Грамадства

На Слонімшчыне будуць разводзіць аленяў

12 кастрычніка 2018, 10:0720
Далучайцеся да нас