Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“АЛЬТАНКА” – ДЛЯ АДПАЧЫНКУ І ТВОРЧАСЦІ!

“АЛЬТАНКА” – ДЛЯ АДПАЧЫНКУ І ТВОРЧАСЦІ!

2 жніўня 2023, 07:33 Культура 228
“АЛЬТАНКА” – ДЛЯ АДПАЧЫНКУ І ТВОРЧАСЦІ!

Што такое “альтанка”? У перакладзе з беларускай мовы на рускую гэта – беседка, крыты лёгкі будынак у садзе і парку для адпачынку і абароны ад сонца і дажджу. Але, мабыць, не ўсе жыхары горада і раёна знаёмыя з іншай “Альтанкай” – яркай, бліскучай, жыццярадаснай.

Увесну 2019 года, з лёгкай рукі загадчыка аддзела нестацыянарнага абслугоўвання ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, Юрыя Матуйзы, нарадзіўся новы творчы калектыў – аматарскае аб’яднанне “Альтанка”. Ён згуртаваў у сваіх шэрагах таленавітых і крэатыўных людзей: музыкаў, паэтаў, салістаў.

Эмблема “Альтанкі” – белакрылы бусел, які вольна лунае над беларускімі лясамі, сенажацямі, палямі. Мабыць, таму галоўныя гледачы і слухачы канцэртнага калектыва – жыхары аддаленых сёлаў і вёсак Лідскага раёна. Калі вяскоўцы з прычыны пажылога ўзросту самі не могуць прыехаць у гарадскі цэнтр культуры, значыць артысты едуць да іх!

Кожныя выходныя, нягледзячы на прыродныя капрызы і змены надвор’я, аўтобус з “альтанцамі” бойка курсуе па канцэртных пляцоўках. Да прыезду артыстаў у глядзельных залах пад голым небам становіцца шматлюдна. Ганаровыя месцы займаюць прыбраныя і памаладзелыя мясцовыя жыхары. У адпачынак і на летнія вакацыі да іх прыязджаюць з горада дзеці, унукі, праўнукі: наведаць бацькоў, адпачыць душой ды прыезджых артыстаў прывеціць.

Вялікая цікавасць да выступоўцаў праяўляюць і шматлікія гарадскія дачнікі, якія трывала абаснаваліся на шчодрай вясковай зямлі. Удзячныя слухачы дораць лідскім артыстам бурныя апладысменты, шчаслівыя ўсмешкі і бярэмі духмяных кветак з любімых кветнікаў.

У чым сакрэт папулярнасці і поспеху ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Альтанка”?

Самая галоўная місія артыстаў-валанцёраў – дарыць землякам цяпло сваіх сэрцаў і пазітыўны настрой. Цешыць гледачоў цудоўнымі песнямі і вершаванымі радкамі. Зараджацца дадатнай энергетыкай і нагадваць, што не хлебам адзіным сыты чалавек. Для “альтанцаў” бескарыслівае служэнне людзям – не пустыя словы.

Хто ж яны такія, гэтыя “альтанцы”?

Неацэнны досвед працы ў сферы культуры ў нашага галоўнага музычнага “боса” – Юрыя Матуйзы. Ён жа – гукааператар і каардынатар. Адказны кіраўнік. Строгі, але аб’ектыўны крытык. Годны калега і добры дарадца.

Непараўнальныя пявунні “Альтанкі” – салісткі Валянціна Тарашкевіч і Галіна Коўзель. Душэўныя песні ў іх выкананні напаўняюць сэрцы вяскоўцаў светлым сумам і настальгіяй па маладосці якая прайшла. Забіяцкія напевы запрашаюць нават самых уседлівых прыхільнікаў пайсці ў скокі. Дзяўчаты спяваюць песні на беларускай, рускай, украінскай мовах.

Арыгінальная адметная “фішка” “Альтанкі” ў параўнанні з іншымі канцэртнымі калектывамі ў тым, што вялікі адсотак рэпертуару займаюць аўтарскія працы. Паэтка-песенніца Людміла Краснадубская дрыготка і пранікліва дзеліцца з землякамі сваімі лірычнымі і патрыятычнымі песнямі. У іх аснову пакладзены вершы ўласнага сачынення.

Вядоўца канцэртнай праграмы калектыва – Тарэза Смольская. Лідская паэтка самастойна піша сцэнары праграм выступу. Чытае аўтарскія вершы. З гумарам дэкламуе ёю ж складзеныя жыццесцвярджальныя байкі на побытавыя тэмы.

Рэпертуар “Альтанкі” разнастайны і ўвесь час абнаўляецца.

У 2023 году ў рамках культурна-інфармацыйнага праекта “Клопат” і “Года міру і стваральнай працы” калектыў прадстаўляе канцэртныя праграмы “Памяць, якой не будзе забыцця…” і “Прывітанне, землякі!”

“Альтанку” рэгулярна запрашаюць удзельнічаць у гарадскіх і раённых мерапрыемствах, фестывалях, фэстах, святах вёсак. Зносіны з пазітыўнай публікай заўсёды цешаць. Толькі за 2022 год на рахунку “Альтанкі” 66 канцэртаў у вёсках і сёлах Лідскага раёна. За першае паўгоддзе 2023 года артыстаў ветліва сустракалі на 48 канцэртных пляцоўках!

Гастролі па беларускай зямлі працягваюцца. “Альтанку” з нецярпеннем чакаюць новыя ўдзячныя прыхільнікі.

“… будзем жыць, кахаць і ўсміхацца,

цешыцца жыццю ўвесь час,

і, вядома ж, зноўку сустракацца!

Мы гатовы выступаць для вас!”

А 30 ліпеня дзяўчаты аматарскага аб’яднання “Альтанка”” былі запрошаны ў якасці ганаровых госцяў на Дзень Ваенна-Марскога Флота, дзе ўдзячныя землякі ўшаноўвалі сваіх герояў – бравых маракоў Лідчыны. “Альтанка” падрыхтавала для годных мужчын – маракоў святочную канцэртную праграму.

У гонар удзельніц калектыва “Альтанка” і ў знак падзякі за падораны святочны настрой ад бравых маракоў Лідчыны прагучала трохразовае: “Ура!”

“Сем футаў пад кілем! Здароўя! Удачы!

Жадаем вам, нашы героі!

Журбінкі па службе! А як жа іначай?

І хай часцей мора вяртаецца ў мроі!”

 

Наш кар.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»
Мова

«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

12 лістапада 2019, 14:2515
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0514
Далучайцеся да нас