23 ліпеня ў Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны 35-годдзю Народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Народны ансамбль народнай музыкi “Гудскi гармонiк” створаныў 1988 годзе на базе Гудскага сельскага дома культуры. Першапачаткова ў яго склад уваходзiлi тры гарманiсты i барабаншчык. Калектыў выконваў, у асноўным, iнструментальныя творы. Але з цягам часу склад ансамбля пачаў паступова пашырацца. Дадалiся кантрабас, дудка, крыху пазней скрыпка, затым цымбалы. У рэпертуары ансамбля з’явiлiся беларускiя народныя i польскiя народныя песнi. Пашыралася геаграфiя выступаў. У 1994 годзе ансамблю прысвоена ганаровае найменне “Народны”.
Прайшло 35 год з дня стварэння “Гудскага гармоніка”, новыя творчыя людзі прыходзілі ў калектыў, некаторыя яго пакідалі, але касцяк заўсёды заставаўся. І сёння, у юбілейны дзень нараджэння ансамбля, мы ўспамінаем імёны першых яго удзельнікаў. Гэта – Адам Бярнацкі, Уладзімір Клябан, Альфрэд Рагойша, Віктар Казлоўскі і сам кіраўнік – Андрэй Колышка. Андрэй Антонавіч Колышка – вельмі таленавіты кампазітар і музыкант, умела валодае тэхнікай выканання народнай музыкі. За гады творчай дзейнасці Андрэй Колышка неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі Лідскага аддзела культуры, Лідскага райвыканкама, Лідскага раённага савета дэпутатаў, Гарадзенскага абласнога ўпраўлення культуры, Міністэрства культуры, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Шмат гадоў выступалі ў калектыве Сяргей Шарапаў, Леакадзія Сахонь, Людміла Шавела, Ганна Баборык, Ірына Беразун, Адяксандр Сонгін, Уладзімір Нарон, Ганна Арлова, Алёна Мілеўская.
Свой след у творчым жыцці калектыва пакінулі Святлана Валынец, Іосіф Здановіч, Валерый Колышка, Віктар Кечко, Уладзімір Нямера, Станіслаў Валюкевіч, Галіна Міхайловіч, Інэса Гук, Уладзімір Клябан.
Сёння “Гудскі гармонік” дарыць свой непаўторны талент усім, хто доўга ці коратка прайшоў разам з ім творчы шлях, а таксама усім, хто закаханы ў народную музыку.
У цяперашнi час калектыў налiчвае 11 удзельнiкаў. У яго склад уваходзяць iнструментальная i вакальная групы. У іхнім складзе:
гарманісты: Андрэй Колышка і Іван Кароль;
цымбалы: Марыя Дукі;
бас-гітара: Аляксандр Пучыла;
духавыя: Алёна Кавальчук;
барабан і вакал: Дзмітрый Пухнарэвіч;
вакалісты: Наталля Вайцюкевіч, Лілея Хвайніцкая, Вольга Троцкая, Кацярына Каспорская, Алеся Ярунічава.
Гэтыя таленавітыя музыкі і спевакі сёння робяць неверагоднае – дараць праз сваю творчасць, любоў да роднага краю тысячам слухачоў, напаўняючы душы і розумы роднай народнай беларускай музыкай і песняй.
Кіраўніцтва горада з нагоды юбілейнай даты, а таксама да 700-годдзя горада Ліды падарыла сертыфікат на набыццё новых касцюмаў для ансамбля! Гэтая падзея вельмі значная для калектыва і ўнясе новыя фарбы ў яго творчую дзейнасць. “Гудскі гармонік” у хуткім часе, на свяце да 700-годдзя горада Ліды 1-га – 2-га верасня ў Лідзе будзе выступаць у новых касцюмах!
Павіншавалі юбіляраў Адміністрацыя дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, Адміністрацыя дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” ды калегі па твочым цэху – народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёскі-калыскі” Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Кіраўнік ансамбля Аляксандр Парфенчык, а таксама народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка” з Мажэйкаўскага Дома культуры. Кіраўнік Людміла Масевіч.
Ансамбль “Гудскі гармонік” – пастаянны ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў. Калектыў ведаюць і любяць у аддаленых кутках нашага раёна і вобласці. “Гудскі гармонік” выступаў у Менску, Гомелі, Віцебску, Гародні, Скідзелі, Воранаве, Дзятлаве, Слоніме, Паставах, а таксама ў суседніх краінах – Польшчы і Літве.
“Гудскі Гармонік” – гэта адна сям’я. Тут аб’ядналіся людзі розных прафесій, рознага ўзросту, розных характараў. Але ўсіх іх вабіць народная музыка і песня. І хочацца сказаць усім удзельнікам словы ўдзячнасці за адданась народнай творчасці.
Дзякуй вам, шаноўныя, за вашу адданасць музычнаму мастацтву, любімай справе і калектыву.
Яраслаў Грынкевіч.