У рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя новай, ужо восьмай па ліку, кнігі аднаго з найстарэйшых і самых аўтарытэтных пісьменнікаў Лідчыны Уладзіміра Гаўрылавіча Васько “Неабдымнае”. У кнізе змешчаны вершы, байкі і апавяданні пісьменніка, у тым ліку раннія вершы, якія не ўвайшлі ні ў адзін з яго папярэдніх зборнікаў. Радуе, што Уладзімір Гаўрылавіч працягвае актыўна праяўляць сябе як у паэзіі, так і ў прозе, пакрысе падбіраецца да свайго дзясятага зборніка. Столькі кніг мае далёка не кожны лідскі творца.
Увазе прысутных быў прадстаўлены падрыхтаваны бібліятэкай буктрэйлер (відэаагляд) па новай кнізе Уладзіміра Васько. Падрыхтавалі бібліятэкары і выставу кніг пісьменніка, якая дзейнічала тут жа, у канферэнц-зале.
Сам Уладзімір Гаўрылавіч расказаў прысутным пра тое, як стваралася яго восьмая кніга, як нараджаліся асобныя творы, якія ўвайшлі ў яе. Пісьменнік прызнаўся, што вершы ў яго нараджаюцца пераважна ноччу, а над апавяданнямі ён працуе днём. Сюжэты апавяданняў падгледжаны з жыцця, але пры гэтым творы не з’яўляюцца дакументальнымі – у іх прысутнічае аўтарскі вымысел.
Галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка і навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, адказны за Дом Валянціна Таўлая, Алесь Хітрун расказалі пра сяброўства Уладзіміра Васько са старшынём Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам выдавецкага дома “Звязда” Аляксандрам Карлюкевічам, які напісаў рэцэнзію на кнігу “Неабдымнае”. Гэтая рэцэнзія была змешчана ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Алесь Хітрун зачытаў яе падчас прэзентацыі кнігі ў Лідскай раённай бібліятэцы, паэтэса Ганна Гайдукевіч перадала аўтару кнігі экзэмпляр штотыднёвіка з рэцэнзіяй старшыні СПБ.
Словы ўдзячнасці Уладзіміру Гаўрылавічу выказвалі на пасяджэнні тыя з лідскіх паэтаў, творчаму станаўленню якіх ён некалі паспрыяў, з якімі ён шмат гадоў падтрымлівае сяброўскія адносіны. Вельмі шмат гадоў ведаюць Уладзіміра Васько паэты Міхась Мельнік (дарэчы, аўтар водгуку на яго першую кнігу “Прасветленасць”, якая выйшла ў далёкім 1981 годзе), Ірэна Сліўко (у яе хатняй бібліятэцы маюцца ўсе восем кніг Уладзіміра Гаўрылавіча). У свой час Уладзімір Васько падтрымаў у пачатку творчага шляху Алеся Хітруна, Ірыну Маркевіч, Алу Юшко і многіх іншых паэтаў Лідчыны.
Прыемным сюрпрызам стала перадача лідскім дзіцячым паэтам Канстанцінам Якубчыкам Уладзіміру Васько нумара газеты “Уперад” (папярэдніцы “Лідскай газеты”) за 1981 год, у якім змешчаны адзін з ранніх вершаў Уладзіміра Гаўрылавіча – “Сад тваёй душы” (гэты верш ёсць і ў кнізе “Неабдымнае”).
Уручаліся пісьменніку і кветкі – ад “Лідскай газеты”, у якой ён шмат гадоў працаваў, літаб’яднання “Суквецце”, якое таксама шмат гадоў узначальваў, раённай бібліятэкі. А даўні паклоннік яго творчасці, старшыня Лідскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў Уладзімір Каспяровіч перадаў Уладзіміру Васько на памяць аб сустрэчы каляндар ад згаданай арганізацыі.
Уладзіміру Гаўрылавічу жадалі моцнага здароўя, творчага даўгалецця, каб убачылі свет і дзявятая, і дзясятая яго кнігі, а па магчымасці і яшчэ.
Аляксей КРУПОВІЧ.
Уладзімір ВАСЬКО
Неабдымнае
Празрысты дзень, бы ў верасні вада.
Чапляецца дымок за тэлефонны дрот.
Хто першы руку сёння мне падасць?
Каму якое я зраблю дабро?
Дзень напачатку – і ў маёй душы
варушацца вясёлыя надзеі.
Яшчэ няма аварый на шашы,
вяршацца ўсюды добрыя падзеі.
І мне здаецца, я ўдзельнік іх –
і блізкіх, і далёкіх, што не бачна.
А як шумяць над Нёманам гаі!
Як лопае крылом па хвалях качка!
І неабдымнасць неба і зямлі
мяне не як уласніка хвалюе.
Я тут, а дзесьці ружы расцвілі,
і ў Байкануры мой зямляк стартуе.
І гэта толькі радуе мяне
і прыбаўляе сілы і натхнення.
Празрыста ў полі, на пясчаным дне,
і на зямлі, і ў небе прасвятленне.
Летнім днём
Над возерам цалюткі летні дзень
лятаюць срэбракрылыя стракозы,
і сонца ў незабруджанай вадзе
купае пазалочаныя косы.
А воблакі, як лебедзі, плывуць
і там, на дне, і ў вышыні над лесам,
і лашчыць вецер юную траву,
нібы дзяўчыну малады гарэза.
Усё так проста, натуральна тут
жыве, расце, квітнее першародна,
і я, шчаслівы, берагам іду.
Буяй, буяй, любімая прырода!
Крэпасць
Старая крэпасць помніць войны
і кветкі з дыму і агню.
Тут грунт гісторыі шматслойны
раскрыўся сённяшняму дню.
Па чарапках, таблічках, ядрах
мяркуем, як жылі раней,
як чалавечы геній ярка
над цёмнай немаччу звінеў.
То ўміг мінулае ўваскрэсне,
ва ўяўленні ажыве,
то новая дэталь, як песня,
узрушыць думкі ў галаве.
Прысніцца ўночы: я тут б’юся,
і шведы падаюць ля сцен.
Куды з палком ні пахілюся –
усюды крык і дым расце.
А ранкам раптам прахаплюся
і зразумею – гэта сон.
Акно адкрыю, пакланюся
табе, каменны бастыён.