8 траўня споўнилася 140 гадоў з дня нараджэння беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча, ініцыятара стварэння і першага старшыні Інстытута беларускай культуры (цяпер – Нацыянальная Акадэмія Навук Рэспублікі Беларусь), акадэміка, ахвяры сталінскіх рэпрэсій Сцяпана Некрашэвіча (1883-1937). Разам з Яўхімам Карскім і Іосіфам Воўк-Левановічам Сцяпан Некрашэвіч уваходзіць у лік заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы.
Мовазнавец нарадзіўся 8 траўня 1883 года ў вёсцы Данілаўка Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Панявежскай настаўніцкай семінарыі (1908) настаўнічаў. Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). З 1918 года загадваў беларускай секцыяй пры губернскім аддзеле народнай асветы Адэсы, вёў арганізацыйную і культурна-масавую работу сярод дэмабі-лізаваных беларусаў-салдат і беларусаў-бежанцаў. Дзякуючы яго намаганню да пачатку 1918 навучальнага года ў Адэсе было адкрыта 30 пачатковых беларускіх школ і беларуская гімназія. З 1920 года Сцяпан Некрашэвіч працаваў ў Менску ў апараце Наркамасветы БССР, займаў розныя кіраўнічыя пасады. Ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інбелкульта і ў 1922 – 1925 гадах узначальваў яго. Арганізацыйную і навуковую дзейнасць спалучаў з выкладчыцкай у Белдзяржуніверсітэце. Напачатку 1925 года быў камандзіраваны ў Навукова-даследчы інстытут мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце, дзе да ліпеня 1925 года займаўся беларускай мовай пад кіраўніцтвам акадэміка Яўхіма Карскага. У 1928 годзе Сцяпан Некрашэвіч быў зацверджаны акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам АН БССР, адначасова з’яўляўся дырэктарам акадэмічнага Інстытута беларускай мовы, а потым стаў старшынёй Галоўнавукі пры Наркаме асветы БССР…
21 ліпеня 1930 года вучонага-беларуса арыштавалі і выслалі ў горад Сарапул Удмурцкай АССР. У канцы 1937 года ён быў арыштаваны паўторна. Яго прывезлі ў Менск і 20 снежня расстралялі.
Асноўны кірунак навуковай дзейнасці Сцяпана Некрашэвіча – гэта лексікаграфічны. Як старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі, ён непасрэдна ўдзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў. У лютым 1925 года Інбелкульт прыняў рашэнне ўкласці слоўнік жывой беларускай мовы. Была створана спецыяльная камісія, якую ўзначаліў Сцяпан Некрашэвіч. У хуткім часе ён вызначыў і навукова абгрунтаваў тып слоўніка як тлумачальны, крыніцы лексічнага матэрыялу, метады збірання і структуру слоўнікавых артыкулаў. Слоўнік павінен быў абнародаваць з навуковымі каментарыямі лексічныя багацці беларускай мовы з усёй этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі ад пачатку XIX стагоддзя да апошняга часу. 20 лістапада 1929 года быў зацверджаны канчатковы праект слоўніка, і камісія прыступіла да непасрэднай распрацоўкі слоўнікавых артыкулаў, аднак, у сувязі з арыштам Сцяпана Некрашэвіча і іншых выканаўцаў, работа над слоўнікам жывой беларускай мовы спынілася. Багатая картатэка і апраца-ваныя слоўнікавыя артыкулы загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.
Улічваючы вялікую патрэбу ў лексікаграфічных даведніках практычнага тыпу, Сцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў па даручэнні Інбелкульта ўзяліся за падрыхтоўку перакладных слоўнікаў. У 1925 годзе яны выдалі “Беларуска-расейскі слоўнік”, у 1928 – “Расейска-беларускі слоўнік”. Працы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы.
Сцяпан Некрашэвіч шмат займаўся і правапісам. У 1920 годзе ў друку з’явіўся яго артыкул “Справачнік спрэчных дзеяслоўных форм”. На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926) вучоны выступіў са спецыяльным дакладам. Паколькі прынятыя канферэнцыяй пастановы не былі прыведзены ў жыццё, 1 кастрычніка 1927 года была створана новая правапісная камісія начале са Сцяпанам Некрашэвічам. Праз два гады яна прыняла Праект беларускага правапісу, які быў разасланы для абмеркавання. У 1933 годзе перапрацаваны Праект быў перавыдадзены і на яго аснове СНК БССР прыняў вядомую пастанову “Аб зменах і спрашчэннях беларускага правапісу”, якая ўпершыню афіцыйна ўзаконіла пэўныя правапісныя і граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы.
Аб’ектам навуковых зацікаўленняў Сцяпана Некрашэвіча была і беларуская дыялекталогія. Так, разам з Пятром Бузуком ён склаў “Праграму для збірання асаблівас-цей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў” (1927). У ёй налічвалася 157 пытанняў па фанетыцы, марфалогіі, сінтаксісе і націску, даваліся каштоўныя метадычныя парады. Праграмныя распрацоўкі Сцяпана Некрашэвіча ў галіне лексікаграфіі заклалі тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялектных слоўнікаў беларускай мовы. Сцяпан Некрашэвіч даследаваў і гісторыю беларускай мовы. У працы “Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты “О уставах манастырскіх” (1928) ён упершыню прааналізаваў гэты рукапісны помнік з графічнага, фанетычнага і граматычнага бакоў. Доўга працаваў Некрашэвіч і над другой сваёй працай па гісторыі беларускай мовы – “Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелія на беларускую мову і мова перакладу”, якая, аднак, не была надрукавана. Сцяпан Некрашэвіч уважліва сачыў за навуковымі працамі па беларускім мовазнаўстве, часта выступаў у друку з грунтоўнымі рэцэнзіямі на іх. Актуальныя пытанні развіцця беларускай мовы і культуры ён узнімаў у сваіх выступленнях на розных сесіях і з’ездах.
Паволе СМІ.