19 красавіка 2023 года Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы ў дзясяты раз запрасіла да сябе навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй людзей на навукова-практычную канферэнцыю “Лідчына праз сем стагоддзяў” у рамках “Х Лідскіх чытанняў”.
Распачатыя яшчэ ў 2013 годзе “Лідскія чытанні” сталі штуршком ва ўдасканаленні ведаў пра свой родны край, у назапашванні краязнаўчай інфармацыі і фармаванні краязнаўчых рэсурсаў, ушанаванні імёнаў вядомых землякоў; вывучэнні і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны Лідскага краю.
Шырокі спектр тэм – “Ліда ў гады Першай Сусветнай вайны”, “Папулярнасць творчасці Францішка Багушэвіча ў Лідзе”, “100 год афіцыйнай беларускай школе на Лідчыне”, “500-годдзе беларускага кнігадрукавання”, “Лідчына: учора, сёння і заўтра”, “Гродзеншчына: летапіс працягваецца”, “Вайна і памяць старонкі гісторыі Лідскага краю”, “Лідчына ў мастацкай літаратуры” – падымаўся падчас штогадовых канферэнцый.
У 2023 годзе навукова-практычная канферэнцыя “Лідчына праз сем стагоддзяў” з’яўляецца адной з найважнейшых падзей сярод бібліятэчных мерапрыемстваў года, прымеркаваных да 700-годдзя з часу заснавання г. Ліды.
У канферэнц-зале разганулася кніжная выстава “Горад мой, ты песня і легенда”, якая прадставіла гіста-рычныя матэрыялы аб г. Лідзе, знаёміла з яго сучасным станам, дасягненнямі і перспектывамі развіцця. На выставе былі прадстаўлены кнігі пра знакамітых людзей Лідчыны, якія ўнеслі пэўны ўклад у развіццё роднага краю. Тут жа можна было пазнаёміцца з гісторыяй правядзення “Лідскіх чытанняў”.
Пачаліся чытанні тэатралізаваным пралогам, які падрыхтавала Ангеліна Іванаўна Тучкоўская, студэнтка 3 курса гуманітарнага аддзялення Лідскага каледжа УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. У вобразе прыгожай князёўны яна распавяла легенду аб паходжанні назвы горада.
Першы даклад “Старажытная Ліда на Каменцы” падрыхтаваў Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш, які сваімі краязнаўчымі даследаваннямі робіць значны ўклад у пашырэнне ведаў пра гісторыю Лідчыны. Прадставіў дадзены даклад лідскі краязнавец Станіслаў Вацлававіч Суднік, па ініцыятыве якога некалі і пачалі праводзіцца “Лідскія чытанні”.
Літаральна нядаўна, з’явілася цікавае даследаванне на тэму “Герб горада Ліды, як гістарычна-геральдычны помнік Беларусі”, якое зрабіла Анашкевіч Наталля Мікалаеўна, выкладчык рускай мовы і літаратуры ДУА “СШ № 11 г. Ліды”, кіраўнік метадычнага аб’яднання па духоўна-маральным выхаванні. Прысутным вельмі цікава распавялі пра гісторыю і значэнне сімвалаў герба Ліды. Наталля Мікалаеўна паказала рэальныя дакуметы міжваеннай Польшчы з выявамі герба Ліды, які, што тады, што цяпер – аднолькавы.
Краязнавец Суднік Станіслаў Вацлававіч у сваім дакладзе звярнуў увагу прысутных да “Пытання існавання і месцазнаходжання Дайнаўскага княства”. Асноўныя вывады з даклада:
- Дайнаўскае або Яцвяжска-Дайнаўскае княства існавала і як удзельнае княства ўвайшло ў склад ВКЛ (яцвягі і дайнава – сінонімы, дзве назвы аднаго народа);
- Дайнаўскае княства было даменным княствам Вялікага князя Трайдзеня, а потым даменным княства наступных вялікіх князёў;
- Да апанавання яцвягаў (заходня дайнавы) Нарымонт і Трайдзень хутчэй за ўсё ўжо валодалі ўсходняй Дайнавой;
- Большасць навукоўцаў размяшчае сталіцу гэтага княства пад Лідай. Заснаванне Трайдзенем Райгорада не абазначае пераносу туды сталіцы. Райгорад – гэта фарпост Дайнаўскага княства для адпору крыжакам. Трайдзень заснаваў яшчэ і Коўню (Каўнас) з той жа мэтай;
- Ліда ў 13-м стагоддзі не была сталіцай Дайнаўскага княства. Гэта было славянскае (дрыговіцкае) паселішча;
- Пасля пабудовы Лідскага замка Вялікі князь Гедымін перанёс сталіцу Дайнаўскага княства ў Ліду. З пераносам сталіцы ў Ліду Дайнаўскае княства паступова пачало называцца Лідскім княствам і ўключала ўжо не толькі дайнаўскія, але і славянскія землі паўднёвай Лідчыны ажно да Нёмана. Пры гэтым Гедымін адрэзаў частку дайнаўскай тэрыторыі і ўтварыў Віленскае княства;
- Вялікі князь Вітаўт ліквідаваў Лідскае княства і ўключыў яго ў Віленскае княства;
- Ліда была сталіцай Дайнаўскага (пазней Лідскага) княства каля 90 гадоў (прыблізна ад 1330 да 1420 г.).
- Даўнішнішнія яцвяжскія землі на сёння разарваны на тры вялікія часткі:
– частка Дайнавы і Яцвягіі, Нальшаны і ўласна летапісная Літва – у Беларусі;
– частка Дайнавы (Віленскі край) і Дзяволтва – у Літве;
– частка Яцвягіі (Падляшша) і ўсходняя Судавія (Сувалкія) – у Польшчы, а разам гэта адзін этнас.
Вельмі змястоўнымі атрымаліся выступленні студэнтаў Лідскага каледжа УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. Адметна тое, што іх работы другі год займаюць годнае месца сярод прац сталых навукоўцаў у зборніках матэрыялаў, што рыхтуюцца раённай бібліятэкай.
Ус Настасся Аляксандраўна, студэнтка 2-га курса гуманітарнага аддзялення, пазнаёміла з адной са старэйшых вуліц нашага горада падчас даклада “Ад Віленскай да Савецкай: гісторыя вуліцы Савецкай”.
Жэбянёва Паліна Іванаўна, студэнтка 1 курса будаўнічага аддзялення, узгадала гісторыю выдатнага помніка абарончага мастацтва ХІV стагоддзя – Лідскага замка.
Пра “Гісторыю завода “Лідскае піва””, які з’яўляецца найстарэйшай з дзейных піваварных вытворчасцей Беларусі, паведаміла Ярэц Настасся Сяргееўна, студэнтка 1 курса будаўнічага аддзялення. Удзельнікі чытанняў з захапленнем слухалі гісторыю лідскага бровара, які зрабіў горад піўной сталіцай Беларусі.
Выступленне Дудзевіч Валерыі Станіславаўны, студэнткі 2 курса гуманітарнага аддзялення, дапамогло здзейсніць віртуальнае падарожжа па галоўных святынях горада Ліды. Між іншым цікава было пачуць, што падзячны медальён князю Канстанціну Астрожскаму, які так няпроста ўстанаўліваўся, цяпер з’яўляецца мастацкай каштоўнасцю Свята-Георгіеўскай царквы-помніка.
Смаляк Іван Аляксандравіч, вучань 11 класа ДУА “Ліцэй № 1 г. Ліды”, прадставіў даклад “Цяпло школьных сцен: побыт выхаванцаў і настаўнікаў ліцэя ўчора і сёння”. Былі разгледжаны два бакі гісторыі навучальнай установы: архітэктурная гісторыя і гісторыя навучальнага працэсу.
Галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Курбыка Галіна Раманаўна пазнаёміла прысутных з гістарычнымі творамі, якія паказваюць шырокую панараму жыцця лідзян з традыцыямі, укладам жыцця, гістарычнымі падзеямі.
Жыццё звязала з Лідскім краем імёны многіх вядомых у Беларусі майстроў слова, мастакоў, музыкантаў, артыстаў, спартсменаў, навукоўцаў з розных сфер. Даклад Хітруна Аляксандра Часлававіча, навуковага супрацоўніка ДУ “Лідскі гістарычна-мастацкі музей”, дазволіў пазнаёміцца са знакамітай ураджэнкай Лідчыны, заслужанай артысткай Беларусі – Ганнай Радзько.
Цікавым і пранікнёным было выступленне Кір’янавай Алесі Сяргееўны, афіцэра па арганізацыі вольнага часу і тэхнічных сродках выхавання, начальніка клуба 116-й Лідскай гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы. Удзельнікі чытанняў з вялікай увагай слухалі пра мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку лётчыкамі Андрэем Нічыпорчыкам і Мікітай Куканенкам, і пра мемарыялізацыю іхняй памяці на Лідчыне і ў Баранавічах.
Важна адзначыць, што па выніках канферэнцыі супрацоўнікамі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы будзе выдадзены друкаваны зборнік дакладаў “Х Лідскія чытанні”, а потым прапанаваны карыстальнікам і ў электронным варыянце на сайце галоўнага кнігасхові-шча Лідчыны. Папаўненне краязнаўчай скарбонкі стане здабыткам шырокай аўдыторыі аматараў мясцовай даўніны.
Публікацыя матэрыялаў папярэдніх канферэнцый “Лідскія чытанні” выклікае цікавасць з боку спецыялістаў-гісторыкаў і шматлікіх чытачоў розных пакаленняў.
Дар’я Марцінкевіч,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.