13 красавіка 2023 года ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога адбылася святочная імпрэза літаратурнага клуба “Экватар”, прысвечаная Велікодным святам. Праводзіў мерапрыемства кіраўнік літклуба, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. Гасцямі вечарыны сталі навучэнцы і педагогі сталічных каледжаў, а таксама аматары прафесійнай літаратуры і бардаўскай песні ў аўтарскім выкананні.
Распачынаючы святочную праграму, спадар Корбут зазначыў, што Вялікдзень пачаў святкавацца хрыс-ціянамі яшчэ ў першым стагоддзі нашай эры ў гонар Уваскрасення Ісуса Хрыста, якое з’яўляецца цэнтрам усёй біблейскай гісторыі і асновай хрысціянскага вучэння. Вялікдзень – гэта старажытнае і, бадай, самае важнае хрысціянскае свята, што дае вернікам светлую надзею на будучыню, на вечнае жыццё, бо ў Бога мёртвых няма… Дата ж Вялікдня прызначаецца на першую нядзелю пасля поўні, што наступае не раней дня ўмоўнага раўнадзенства 21 сакавіка, і таму гэтае светлае свята заўсёды адзначаецца ўвесну.
Прысутныя пачулі ў выкананні Вячаслава Корбута ўрывак з ягонай Велікоднай навэлы “Начны госць”, “Велікодны верш”, творы “Вясновыя кроплі дажджу”, “Як нярвуецца час”, а таксама верш “Вясновы надвячорак”:
У вясновы надвячорак
Сонца хораша садзіцца
За зямлі сваёй пагорак,
Дзе журчыць вясны вадзіца.
Дзе ў тых травах зелянее
Радасць, зорна-маладая.
Слова ціхае смялее –
Ад гусей у небе зграі.
Прыляцелі нашы гусі,
На буслянках чую клёкат.
Іх лічыць я не бяруся –
Ненадзейны гэта клопат.
Загучалі нашы песні
З жаўрукамі зноў у полі.
Сэрцу на завулках цесна,
Бо так прагнецца раздолля!
Паэтку і грамадскую дзяячку Тамару Смірнову звязвае даўняе супрацоўніцтва з Менскім габрэйскім культурным цэнтрам. Таму спадарыня пажадала паглыбіцца ў гісторыю ўзнікнення Вялікдня. Яна распавяла, што менавіта старажытнагабрэйскае слова “Пэсах” абазначае іудзейскую Пасху, што адзначаецца па месецавым календары. Яно звязана з коранем слова пасах – “абмінуў, прайшоў міма”, якое нагадвае пра тое, што Усявышні зрабіў так, каб слугі Ірада абмінулі габрэйскія дамы, знішчаючы першынцаў Егіпта. Старазапаветную Пасху святкавалі ў гонар зыходу габрэйскага народа з егіпецкага палону. У хрысціян адзначэнне свята набыло іншае тлумачэнне – “пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба”. Як Гасподзь Бог вызваліў габрэяў ад егіпецкага рабства, гэтаксама і хрысціянін вызваляецца ад рабства граху праз смерць і ўваскрасенне Ісуса Хрыста. Тым са-мым старазапаветная Пасха стала правобразам хрысціян-скага Вялікдня.
Што тычыцца выступаўшага наступным паэта Глеба Ганчарова, то заўсёды цікава назіраць за рэакцыяй людзей на ягоную творчасць: адны слухаюць з захапленнем, другія з-за лёгкага шоку пакрываюцца чырвонымі плямамі, трэція пераглядваюцца і паціскаюць плячыма. А прафесіяналы заўсёды адзначаюць, што паэзія спадара Глеба найвышэйшага кшталту: дасканалая па форме і вельмі глыбокая па змесце. Што ж да пэўнай жорсткасці, то так, напэўна, і патрэбна быць у вершах, якія напісаў мужчына-паэт. Для вечарыны 13 красавіка Глеб Ганчароў падрыхтаваў Велікодную падборку сваіх твораў. Прагучалі вершы: “Маналог Іюды”, “Адзін дзень з жыцця Пілата”, “Маці”, “Імша. Касцёл у Паставах”, а таксама твор, прысвечаны Боскай прыродзе мастацтва:
Мастак намаляваў ступнi Хрыста,
Прапахлыя сухiм пяском i кроўю,
I рушыўся туды, дзе пустата,
Да ўяленага думкай узгалоўя.
Жароўня астывала. Шэры прах
Успыхваў ледзь, i ў водблiску, навекi
Мiгцеў агонь нягаснуты ў вачах
I расчыняў нябожчыку павекi.
Шашковы пэндзаль, што падоўжыў кiсць,
Плоць маляваў – бялявую, як перлы:
Халодную. I ўсё. I ўся карысць.
Вось лёд жывы i вось агонь памерлы.
Паэт Вячаслаў Данілаў апошнім часам рэдкі госць на вечарынах літаратунага клуба “Экватар”: складаная сітуацыя ў сям’і – вельмі хварэе матуля, за якой патрэбны догляд. Аднак на Велікодную імпрэзу ён усё ж такі патрапіў. Вячаслаў зазначыў, што гэта вельмі сімвалічна – сабрацца паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікднямі. Да таго ж, па праваслаўнай традыцыі, 13 красавіка 2023 года – Чысты чацвер. Спадар Данілаў распавёў, што ў цяперашні час піша шмат вершаў (у асноўным па начах) і што творчасць для яго зараз сапраўднае адратаванне і адхланне. Шэрагам сваіх новых “начных” твораў Вячаслаў Данілаў шчыра падзяліўся з прысутнымі.
Прадстаўляючы сабраўшымся наступную высту-поўцу, вядовец імпрэзы Вячаслаў Корбут зазначыў:
– Зараз перад вамі выступіць жанчына, дзякуючы якой штогод выходзіць альманах “Літаратурны экватар”. Сустракайце: наш шаноўны шэф-рэдактар, пісьменніца і журналістка Інга Вінарская!” Паслухаўшы апладысменты ў свой адрас, Інга зазначыла, што яшчэ іх не зарабіла. Спачатку паэтка чытала пяшчотныя і прыгожыя вясновыя вершы, а потым узгадала, што на дзявяты дзень пасля праваслаўнага Вялікдня ў Беларусі будуць адзначаць Радаўніцу – так званы Вялікдзень памерлых. Спадарыня распавяла, што даўно ўжо ў яе няма родных і заклікала ўсіх прысутных берагчы сваіх блізкіх людзей. Напрыканцы свайго выступлення Інга Вінарская прачытала некалькі вершаў, прысвечаных сваім памерлым блізкім, сярод якіх быў і пранізлівы твор пад назвай “Размова з матуляй”:
– Мама, мне нешта скажы!
Калі ласка, штось…
– Танныя стаўкі, бо край у мане…
Сёння не скардзіся: выбрала “казку” – вось… –
Так бы скрозь час адказала ты мне.
– Пагавары са мной полымем, іскрамі,
З вогнішча што падымаюцца ўверх…
– Думкі твае застануцца хай чыстымі.
Як тое трэба, то біцца не грэх.
– Мама, мне больш так,
напэўна, не вытрымаць…
Ворагаў шмат, надта многа іх зноў…
– Гэта ўсё – плюсы да іміджу спрытныя.
Смеласць і праўда – аснова асноў!..
– Мама, прабач!.. Ужо потым знайдзі мяне…
Кепскай дачкой я была, насамрэч…
– Родная, што ты, – жыву ў тваім імені.
Скрушныя думкі ты выкіні прэч!..
Цікавай асаблівасцю паэта і пісьменніка Юрася Нератка з’яўляецца тое, што ён не толькі Юрась Нераток. Ён і Нік Аблом, і Юрый Юлаў, і шмат хто яшчэ. І кожны з гэтых аўтараў ужо самастойны персанаж, а кожны персанаж – самастойны аўтар. А яшчэ цікава, што для сваіх выступленняў Юрась Нераток спецыяльна падбірае музычнае суправаджэнне. Трэба зазначыць, што вершы зусім па-іншаму ўспрымаюцца, калі аўтар чытае іх на фоне нягучнай музыкі…
На імпрэзе “Экватара” 13 красавіка Юрась Нераток выступаў ад імя Ніка Аблома. Прачытаў творы рознай тэматыкі. Сярод выкананых быў дастаткова рэзкі, але ад гэтага не менш глыбокі па сэнсе верш, які называўся “Рэлігійнае”:
Пакуль жывём – датуль грашым:
У кожным дзеянні і слове.
Ёсць план, парадак і рэжым –
Няма спагады і любові.
Ва ўвясле-хустцы пад крыжы
Ўсё цягнемся, самарыцяне!
І невычэрпны жанр ханжы –
Маралітэ без пакаяння.
Інстынкт галоўны – “Дай!” і “Хваць!”,
А шчасце бачыцца ў падкове.
…Прасцей усё-ткі існаваць
Без веры ў праўду і любові.
Сябе – хвалі, суседа – лай,
Шукай маржу ў любым эксцэсе.
Нашто такі патрэбны рай,
Як вы там разам зберацеся?!
Чароўная светлавалосая прыгажуня Таццяна Барысюк, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, у сваёй творчасці застаецца вернай сабе – на працягу, напэўна, усяго свайго літаратурнага жыцця. І асноўнай тэмай лірычнай паэзіі вытанчанай аўтаркі з’яўляецца па-ранейшаму тэма кахання, якое спадарыня Таццяна лічыць Боскім падарункам чалавеку. Нават калі каханне нешчаслівае. Таццяна Барысюк прачытала прысутным шэраг вершаў са сваёй нядаўна напі-санай паэтычнай нiзкi “Кармiчнае каханне”. Прагучала і наступнае хоку (спадарыня Таццяна часцяком эксперыментуе з формамі):
Нябёснасць вачэй.
Сабалiныя бровы.
Закаханая…
Кахаю яго.
Ён цягнецца да цёмнай.
Тая – да iншых…
Калiдор пусты.
Калiдор зацменняў –
Як памяць пра флiрт.
Клетка жаданняў.
Мой каханы далёка.
Думкi пра радасць…
Зiма i вясна
Без цябе. Як Вечнасцi
Сон у самоце…
Для паэта, філосафа, кандыдата філасофскіх навук Ігара Яўгенавіча Шыршова не праблема размаўляць з моладдзю (а менавіта маладыя людзі складалі большую частку аўдыторыі на красавіцкай вечарыне “Экватара”). Справа ў тым, што спадар Шыршоў, нягледзячы на свой вельмі шаноўны ўжо ўзрост, дагэтуль выкладае студэнтам розных універсітэцкіх курсаў філасофію, культуралогію, паліталогію і іншыя дысцыпліны. І лекцыі Ігара Яўгенавіча вельмі папулярныя ў маладога пакалення. Любіць моладзь слухаць і вершы шаноўнага філосафа. Са сваімі новымі і не вельмі творамі выступіў спадар Ігар перад прысутнымі на вечарыне.
За музычную частку мерапрыемства 13 красавіка адказваў паэт, выканаўца аўтарскіх песень пад гітару Зміцер Захарэвіч. Некалькі разоў ён выходзіў да публікі са сваімі шыкоўнымі песнямі. Моцны голас, прыгожая музыка, прафесійныя аўтарскія тэксты… Ах, пэўна, ніводнае сэрца не засталося не закранутым у той вечар. Палымяны, агністы Захарэвіч запаліў усіх!.. Прагучалі песні рознай тэматыкі: жартаўлівыя і сумныя, лёгкія рамантычныя і глыбокія пранікнёныя. Сярод выкананых быў і твор “Свечка Ефрасінні”, прысвечаны славутай Беларускай Святой:
Яшчэ наўсцяж ноч непраглядная ляжыць
Зацемненых часоў Сярэднявечча,
Аднак скрозь змрок зацепленая свечка
Прадвесцем золку недалёкага гарыць.
Друкарскай фарбай шчэ не пахнуць псалтыры,
На Грунвальд не імчыць Пагоня горда,
Хрыстос начлег не ладзіць пад Гародняй,
А свечка бліскаўкай у будучынь гарыць.
Яшчэ ладдзёю толькі суджана адплыць
У неўміручасьць велічнай Сафіі,
А ў ёй стыгмат чарніцы Ефрасінні,
Нібыта свечка малітоўная, гарыць.
І праз нягоды, войны ды стагоддзі
Святло нязгаснае на нас зыходзіць.
Вось такая атрымалася літаратурна-музычная імпрэза. Трэба зазначыць, што ўсіх выступоўцаў прысутныя ў зале першай Менскай бібліятэкі віталі шчырымі воплескамі. Завяршылася мерапрыемства, па звыклай ужо традыцыі, – агульнай фотасесіяй, у якой прынялі ўдзел усе ахвочыя.
Інга Вінарская,
Юрась Нераток.