Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Пісанкі па-сапоцкінскім “рэцэпце”, або як лідскія школьнікі спасцігалі сакрэты велікоднага роспісу яек

Пісанкі па-сапоцкінскім “рэцэпце”, або як лідскія школьнікі спасцігалі сакрэты велікоднага роспісу яек

12 красавіка 2023, 22:39 Культура 23
Пісанкі па-сапоцкінскім “рэцэпце”, або як лідскія школьнікі спасцігалі сакрэты велікоднага роспісу яек

Упрыгожваць яйкі лічыцца ў вернікаў адным з важных элементаў падрыхтоўкі да Вялікадня. У Беларусі гэтай традыцыі прытрымліваюцца ўсе хрысціянскія канфесіі. Напярэдадні святаў у Лідскім цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў майстар-клас па вырабе знакамітых сапоцкінскіх васкаванак, якія прызнаны нематэрыяльнай культурнай спадчынай краіны. Растоплены пчаліны воск, самаробныя стрыжанькі, слоік з фарбай і, канешне, крута звараныя яйкі – усё гэта спатрэбілася лідскім школьнікам для таго, как сваімі рукамі стварыць неверагодныя святочныя сувеніры.

– Дзеці, як звычайна ў вашых сем’ях упрыгожваюць яйкі на свята Уваскрашэння Хрыстова? – пытаецца настаўніца сярэдняй школы № 14 Алена Гаўрык, якую адмыслова запрасілі ў Лідскі цэнтр дзяцей і моладзі для правядзення майстар-класа па вырабе васкаванак. Алена Іванаўна ня-даўна вярнулася з Менска, дзе праходзіла навучанне па роспісе яек, і цяпер з задавальненнем дзеліцца сваімі ведамі з вучнямі і калегамі.

– Мая бабуля акунае яйкі ў адвар з цыбулевага шалупіння!

– А мы набываем фарбу ў магазіне!

– А я ўпрыгожваю яйкі з дапамогай велікодных наклеек! – адказваюць дзеці.

– Сёння я пакажу вам, як робяцца васкаванкі. Гэта старажытная тэхніка прыйшла да нас з пасёлка Сапоцкін з-пад Гародні, дзе сакрэты аздаблення яек перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Перад тым, як прыступіць да справы, Алена Гаўрык зрабіла невялікі экскурс у гісторыю. Яна расказала, што раней роспісам яек займаліся выключна жанчыны. Да гэтай працы яны рыхтавалася доўга і карпатліва. Перад пачаткам працэсу пасцілі і малілася. Нашы продкі для гэтага выкарыстоўвалі натуральныя фарбавальнікі з пялёсткаў кветак, каранёў, лісця дрэў, кары дуба, шалупіння цыбулі. Яйкі, на думку нашых продкаў, неслі вельмі сур’ёзную інфармацыю, убіралі ў сябе адмоўную энергію. Таму дарыліся яны толькі сваякам і блізкім людзям. Кожны ўзор нёс у сабе пэўны сэнс і пажаданні. Пісанка з выявай рака прыцягвала дастатак і багацце, кветкі малявалі для жанчыны, якая хацела мець дзяцей. Ластаўкі азначалі прыход вясны, зярняты – урадлівасць, спіраль – доўгае жыццё. Але, бадай, самыя распаўсюджаныя арнаменты – гэта сонечныя знакі. Нашы продкі пры вырабе пісанак звычайна выкарыстоўвалі чатыры асноўныя колеры: чырвоны, жоўты, чорны, карычневы – адпаведна сімвалы агню (радасці), сонца, зямлі, урадлівасці. Дарэчы, сапраўдная пісанка не псавалася вельмі доўга. Жаўток і бялок проста высыхалі ўнутры. Ужо пазней з яйка пачалі шляхам праколу шалупіння выдаляць змесціва.

Але школьнікам так нецярпелася ўзяцца за работу, што настаўніца неўзабаве прапанавала прыступіць да яе. Васкаванне – працэс нанясення тонкім металічным прадметам кропкавага малюнка з гарачага воску на яйка да яго фарбавання. Таму для вырабу па такой тэхналогіі спатрэбяцца латок з яйкамі, бляшанка з фарбай, прылада для роспісу і расплаўлены воск. Важна, каб воск быў менавіта натуральны: таму купляюць яго ў пчаляроў альбо можна расплавіць васкавую свечку.

Асобна трэба сказаць пра інструмент для роспісу. Прылада не мудрагелістая, але на дарозе не валяецца. Трэба зрабіць яе самому. На канец драўлянай палачкі (можна алоўка) убіць цвік або шпільку. Тонкія лініі робяцца маленькай плешкай, а таўсцейшыя – большай. І не трэба марудзіць, каб воск не застыў. Цяпер застаецца ўключыць фантазію…

– Думайце пра нешта добрае, светлае, і рука сама пачне выводзіць узор, – падбадзёрвае сваіх вучняў Алена Іванаўна.

Нанесці ўзор воскам – гэта паўсправы. Наступны важны этап – афарбоўка. Юныя майстры па чарзе акунаюць свае васкаванкі ў посуд з фарбамі, а потым сушаць. Затым нанесены воск плавіцца пры дапамозе свечкі і сціраецца. На месцы васкавання застаецца незафарбаваны арнамент. Дарэчы, майстры раяць выкарыстоўваць белыя яйкі, бо ўзор на іх выглядае больш выразным.

Вучань сёмага класа Алесь Гурчын прызнаецца: справа не такая простая, як падалося спачатку, але вельмі займальная.

– Хочацца, каб было і сіметрычна, і прыгожа. Але замест узору з-пад стрыжня выходзяць крывыя лініі ці проста кропелькі воску. Тут, мабыць, шмат практыкавацца трэба. Зараз скончу ўпрыгожваць адно яйка і вазьмуся за другое. Абавязкова паспрабую паўтарыць гэта ў хатніх умовах, – засяроджана гаворыць Алесь.

Калі майстар-клас скончыўся, дзеці ўзяліся параўноўваць свае работы. Ніводнага паўтору! У адных атрымаліся каласкі, у другіх – сонейкі, а ў некага прасочвалася нават касмічная тэматыка. Усе пісанкі ўнікальныя, зробленыя з душой і фантазіяй. Свае рознакаляровыя шэдэўры школьнікі забралі з сабой, каб пакласці да святочнага стала.

Наталля Валканоўская.

https://lidanews.by/news/molodezh/28759news.html

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0020
Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў
Грамадства

Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў

5 снежня 2018, 08:4317
Студэнцкі хакатон у Гродна
Грамадства

Студэнцкі хакатон у Гродна

11 лістапада 2018, 00:0516
Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын
Грамадства

Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын

5 снежня 2018, 20:4616
Далучайцеся да нас