Да 70-годдзя выдатнага беларускага журналіста Васіля Рошчына
САМАРОДАК З ВЁСКІ ПРАВІДЗІНЕЦ
Васіль, да якога вабіла ўжо само ягонае прозвішча, быў для мяне не проста сябрам. Я лічыў яго сваім братам, без якога ў свой час не ўляўляў ні сваё жыццё, ні сваю творчасць. Заўсёды адчуваў і пераконваўся: менавіта па-брацку адносіцца да мяне і ён, крыху за мяне маладзейшы. Мы пазнаёміліся ў 1978-м, калі я ўжо трэці год шчыраваў у вядомай партыйнай “Сельской газете”, а ён пачаў здзіўляць сваім майстэрствам калег і чытачоў тагачаснай “Звязды”. З’яўляўся тады яшчэ, дарэчы… студэнтам нашага незабыўнага, легендарнага ў часы Рыгора Васільевіча Булацкага журфака. “Таленавіта, надзённа, дакладна, свежа, апантана”, – дзяліліся ўражаннем пасля кожнай публікацыі Рошчына звяздоўскія “зубры”, мае добрыя таварышы Анатоль Мяснікоў, Уладзімір Гойтан, Вячаслаў Вольскі і Леанід Сузін. З імі ахвотна пагаджаліся вядучыя журналісты яшчэ дзвюх нашых партыйных газет. А як жа было не пагадзіцца, калі і да сур’ёзных праблем, і да нявырашаных надзённых пытанняў сваіх герояў з роз-нымі лёсамі Васіль, які ўвогуле першым адгукаўся на чужое гора – дапамагаў, спачуваў, раіў і шукаў выйсце – ставіўся, як да сваіх асабістых. Пасля аднаго з крытычных, артыкулаў публіцыста майстра Менскага маторнага заво-да аднавілі на працы, а вінаватых за ягонае незаконнае звальненне законна пакаралі ў залежнасці ад “заслуг” кожнага. Вось якой была ў нашыя часы журналістыка, вось якімі былі тады да яе адносіны з боку ўладаў!
Свой высокі прафесіяналізм, сваё рэдкае, непараў-нальнае майстэрства Рошчын даказваў сваім кожным чарговым матэрыялам, які з’’яўляўся ў тым ці іншым выданні. Са слязамі на вачах чытаў я ў свой час у “Рэспубліцы”, дзе працаваў намеснікам галоўнага рэдактара наш агульны сябар, цяпер галоўны ў “Сельской газете” серыю публіцыстычных нарысаў Рошчына “Сад антоновкой плачет”. Колькі журбы і болю, скрухі і смутку, тугі і жалю ўвабралі ў сабе пранізлівыя, душэўныя радкі пра пакінутыя пасля чарнобыльскай трагедыі касцюковіцкія вёскі (усяго іх 38). Пра нялёгкі лёс адкрытых, простых, працавітых сялян, якія засталіся жыць і тварыць на сваёй шматпакутнай радзіме.
Агульную мову з добразычлівым усмешлівым аптымістам мы знайшлі адразу не толькі як былыя працаўнікі прадпрыемстваў, а пасля – вайскоўцы. З самародкам з маленькай касцюковіцкай вёскі Правідзінец, які набываў першапачатковыя веды ў той жа Саматэвіцкай СШ, дзе і два народныя пісьменнікі Беларусі – Аркадзь Куляшоў і Іван Чыгрынаў – было лёгка і проста, камфортна і ненадакучліва. У яго поўнасцю адсутнічала зайздрасць да іншага, яго дасягненняў і поспехаў, а да сябрука і ягоных творчых перамог- тым болей. Ён быў шчаслівы і задаволены тым, што ніколі не перапыняў па дарозе шчасце, якое ішло-спяшалася да блізкага чалавека. А вось яму самому зайздросцілі, ды яшчэ як! І не толькі таму, што вельмі хутка атрымаў у Зялёным Лузе добрую двухпакаёўку… І на дапамогу ў патрэбную хвіліну іншыя так званыя “сябры”, якія спаўна карысталіся яго дабрынёй, прыязнасцю і шчодрасцю, залішнім даверам і пэўным статусам, не спяшаліся нават на словах. Іншая справа, ці скарыстаўся б ён той дапамогай, але ж сумленне засталося б чыстым. Пачалося ўсё, як гэта робіцца заўжды ў нас, пасля смерці… Скажуць, а што ж ты, браце, сам не праявіў рашучасці ў адказны перыяд? Адказваю: я стараўся, і ніякай віны з сябе ніколі не здымаў і не здымаю!
АПОШНЯЯ ПРОСЬБА МАЦІ
Прыемна і светла ўзгадваю сёння, як шчыра радаваўся Рошчын выхаду ў свет чарговых ваенных раманаў свайго старэйшага сябра, з якім часта ездзіў разам на малую радзіму, Івана Гаўрылавіча Чыгрынава “Апраўданне крыві” і “Свае і чужынцы”. Правобразам адной з гераінь згаданых твораў земляка з вёскі Вялікі Бор стала родная маці журналіста Вольга Васільеўна. Найперш, менавіта яна “надыктоўвала” пісьменніку радкі пра ня-лёгкія выпрабаванні сваіх аднавяскоўцаў у гады фашы-сцкай навалы. Некалькі гадоў гэтая разумная, жвавая, гаваркая, неверагодна ўважлівая і паважлівая да людзей, паблажлівая, памяркоўная. спагадлівая худзенькая жанчынка пражыла ў чатырохпакаёўцы сына на Пуліхава, 29, куды сям’я перасялілася ў 1988-м, праз тры гады пасля таго, як былы адказны сакратар “Звязды” пачаў працаваць асабістым карэспандэнтам “Социалистической индустрии”, а пасля “Рабочей трибуны” па Беларусі. Перад смерцю Васільеўна сказала сыну; “Завязеш мяне ў вёску, хай сабе там і чарнобыльскае пекла, але ж усё там, сынок, маё, наша…”. Рошчын быў самым маладым з усіх прадстаўнікоў саюзных газет, тым не менш, карыстаўся сярод іх і вялікай павагай, і заслужаным аўтарытэтам. Аксакалы абралі Дзмітрыевіча сваім партыйным кіраўніком і ніколі яго не падводзілі, гэтаксама не падводзіў і ён іх.
Як самых жаданых і дарагіх гасцей, сустракала Васільеўна нас з нашым агульным сябрам, выдатным спецыялістам па экіпіроўцы народнага ансамбля “Харошкі” Сашам Чабанавым прыгатаванымі сваімі залатымі спрацаванымі рукамі “прысмакамі”. Яна мужна перамагла інсульт, сцвярджаючы, што лепшым лекарам стаў… сіямскі кот Барон. Яго, з адчувальнай вагой, калі ў чатырохпакаёвай кватэры было халаднавата, мы насілі на плячах па чарзе з гаспадаром, маці якога працягвала складаць нам кампанію, падрабязна распавядаючы пра вялікую нягоду, няшчасце і гора, якія давялося вытрымаць. “І Чыгрынава чытаць не трэба!” – жартавалі мы, калі яна рабіла перапынак для таго, каб зрабіць маленечкі глыточак вінца. Нельга было не заўважыць, як мама перажывала і хвалявалася за Васятку, якім па-праву дужа ганарылася. Як да роднага сына ставілася яна да Чабанава. І зусім не выпадкова камуніст Рошчын, не пабаяўшыся магчымых непрыемных наступстваў, стаў хросным бацькам цудоўных дачок Аляксандра і яго жонкі, таксама Вольгі Васільеўны (!) – Таццяны і Веранікі. Старэйшая, якая ўжо шмат гадоў жыве са сваёй сям’ёй у Амерыцы, нават напісала сардэчную, шчымлівую замалёўку ў “Вячорку” пад назвай “Мой хросны”. Але падрыхтаваць яе да друку я, на вялікі жаль, за што сёння яшчэ раз прашу ва ўсіх прабачэння, так і не знайшоў часу… Таццяна і за акіянам помніць пра свайго хроснага. Падчас нядаўняй тэлефоннай размовы з бацькамі “нага-дала” ім пра юбілей Васіля Дзмітрыевіча… Ніколі не забываў пра дзяцй сябра і Васіль. Аднойчы мы ішлі наведаць сямейства (да пераезду ў 2000-м у Лошыцу яно жыло ў Зялёным лузе побач з намі) і перад самым уваходам у пад’езд 47-га дома на Мірашнічэнкі Васіль глянуў у торбу, рэзка ўскінуў левую руку ў гару і гучна выпаліў: “Стой! Я ж не ўзяў з дому падрыхтаваны пачак цукерак, пайшлі назад у магазін!”. Мы вярнуліся і набылі, адпаведны ласунак…
Разам заходзілі мясцовую краму даволі часта, і я ўсялякі раз міжволі заўважаў, як ляцелі ў бок прыгожага, падобнага на артыста, чарнявага хлопца з вялікімі шэра-зялёнымі вачыма цёплыя, зацікаўленыя позіркі дзяўчат-прадаўшчыц. І сёння не ўцямлю, каму не пашанцавала больш – жонкам з намі, ці нам з імі. Але адзіны ў нашым жыцці раз мы ўсё ж былі некалькі гадзін разам сапраўды шчаслівыя. Здарылася гэта сонечным ліпеньскім днём, калі Рошчыны прынеслі нам маленечкую сіямскую котку, якую мы назвалі Жулькай. Гэтак хацелася, каб узніклы тады надзвычай добры настрой і прыязныя адзін да аднога адносіны ў сем’ях заставаліся надоўга, ды, на вялікі жаль, не атрымалася. Свой унёсак у гэта зрабілі, акрамя ўсяго, і… сваякі, і тыя ж “сябры”…
ДАЗВОЛ ДАЛА МАСКВА
Сам Рошчын лічыў сяброўства святой справай і гатовы быў дзеля яго на многае. Я доўгі час ніяк не мог заняцца рукапісам ўраджэнца Гомеля Івана Ігнатавіча Сечкі, якога ў траўні 1939-га няправедна асудзілі за выпадковы пераход беларуска-польскай мяжы “у мэтах шпіянажу” і які адседзеў у лагерах у агульнай складанасці 16 катаржных гадоў. Не атрымлівалася не тое што ўглыбіцца ў тэкст, але разабраць усё дасланае на шматлікіх папяровых кавалачках. І папрасіў “глянуць” Васіля. Літаральна праз тры дні прада мною ляжаў надрукаваны на машынцы ўнушальны нарыс “Узник Норильлага” за… маім подпісам. Яшчэ тры дні я ўгаворваў сапраўднага аўтара, каб ён паставіў і свой подпіс, бо ўвогуле адмоўлюся і праца пойдзе дарэмна. Толькі тады ён пагадзіўся, і матэрыял заняў цэдую старонку вялікага фармата “Сельской газеты”.
Пра ўменне сябраваць, пра бескарыслівасць Рош-чына сведчылі і ягоныя адносіны да калег з іншых рэгіёнаў Саюза, у першую чаргу, з асабістым карэспандэнтам па Украіне Міколам Пасечнікам, з якім ён мяне пазнаёміў. У 1986 годзе Васіль рэгулярна паведамляў яму, як у Менску ў будынку акруговага ваеннага трыбунала праходзіў закрыты судовы працэс (ён пачаўся 12 снежня і працягваўся некалькі тыдняў) над здраднікам Рыгорам Васюрам – былым начштаба 118-га па-ліцэйскага батальёна, якім камандаваў былы белагвардзейскі афіцэр Канстанцін Смоўскі. Ягоным шэфам быў немец-афіцэр Р. Кернер. У лістападзе 1942-га гітлераўцы сфарміравалі гэтую зондэркаманду ў Кіеве спецыяльна для знішчэння партызананаў і мірнага насельніцтва. У яе ўвайшлі ў асноўным палонныя украінцы, кадравыя афіцэры і чырвонаармеёцы, якія добраахвотна пагадзіліся супрацоўнічаць з аку-пантамі.
Наконт акрэдытацыі на працэс журналістаў не было і гаворкі. І толькі Рошчын дамогся праз Маскву дазволу на наведванне судовых паседжанняў. Распавядаў, як тагачасны загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ Савелій Паўлаў папярэдзіў, каб ні пра батальён , ні пра Хатынь у матэрыяле не было ніводнага слова! Рошчын (а што было рабіць?!) пагадзіўся, але ў выніку завізіраваны старшынём суда Глазковым матэрыял усяроўна свет так і не ўбачыў. І толькі праз чатыры гады, 10 лістапада 1990-га, у вялізным дакументальным нарысе “Неизвестная Хатынь”, надрукаваным у “Рабочей трибуне”, настойлівы журналіст-патрыёт змог распавесці, як 22 сакавіка 1943 года разам з фашысцкай нелюддзю беларускую вёску ў Лагойскім раёне выпальвалі і нелюдзі-бандэраўцы. Падчас жорсткай расправы, якую Васюра арганізаваў і ўчыніў разам з маёрам Кернерам, белагвардзейцам Смоўскім, іх падначаленымі з паліцэйскага батальёна і карнікамі батальёна Дзірлевангера 140 жы-хароў, у тым ліку 43 жанчыны і 79 дзяцей, былі сагнаны ў хлеў, расстраляны і спалены. Вёску звяры і вылюдкі знішчылі, а маёмасць разрабавалі. Толькі трое хатынскіх падлеткаў цудам засталіся ўжывых, каб працягнуць свой выпалены род. Васюра асабіста забіваў ні ў чым не павінных людзей. Праз два тыдні пасля гібелі Хатыні ён атрымаў водпуск, а потым, адным з першых у сваім варварскім падраздзяленні, фашысцкі медаль. Батальён Васюры, якога суд прыгаварыў да расстрэлу, прымаў самы актыўны ўдзел яшчэ ў дзвюх буйных карных апе-рацыях – “Котбус” і “Герман”. Напрыканцы траўня 1943-га вылюдкі роду чалавечага спалілі 25 дамоў у Новай Вілейцы і 40 у Вілейцы, дзе сем жанчын і 17 дзяцей загналі ў хлеў і закідалі гранатамі. На наступны дзень гэтакі ж лёс чакаў і мясцовых мужчын. У той жа час 90 двароў перасталі існаваць у вёсцы Ніўкі, а ў Асовах згібелі ў агні больш за 50 іхніх жыхароў. І гэта, вядома ж не поўны пералік трагедый. Увогуле ж за гады навалы гітлераўцы спалілі разам з жыхарамі 186 нашых вёсак. Гэтая лічба, кажучы словамі Рошчына, “захоўваецца ў бетонных пісьмёнах Хатынскага мемарыялу”.
Вядома, што Прэзідэнт даручыў пабудаваць у Хатыні да 80-годдзя трагедыі новы музей і правесці ўсе неабходныя рэстаўрацыйныя работы. Ужо ачышчана скульптура “Няскораны чалавек”, адрамантаваны п’едэстал, манументы “Дах гумна” і “Вянок памяці”, прыведзены ў належны стан гранітныя пліты дарогі “Апошні шлях”. Праведзены гэтаксама рамонт мемарыялаў “Могілкі вёсак” і “Дрэвы жыцця” і урнаў з зямлёй. Сёння дабудоўваецца музей “Кожны трэці”, экспазіцыя якога размесціцца ў шасці залах з кругавым рухам. За сваё кароткае жыццё (04. 02. 1953 – 28. 06. 1997) журналіст з Божай ласкі Васіль Рошчын паспеў заявіць пра сябе, як паэт, падтрымаць сваім высокім майстэрствам не толькі згаданыя вышэй выданні, але яшчэ і “Нацыянальную эканамічную газету”, і “Беларускі час”, і “Советскую Белоруссию”, у якой 1 чэрвеня 1997-га быў надрукаваны его апошні, перадсмяротны, матэрыял пра грымасы рынку і грымасы жыцця…
Фота аўтара.