Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Інга Вінарская. У чаканні вясны…

Інга Вінарская. У чаканні вясны…

17 лютага 2023, 17:34 літаратура 70
Інга Вінарская. У чаканні вясны…

***

 

Пахне ў паветры надзеяй, вясною.

Свет адкрывае павекі чаргою.

Майстра, круці круг ганчарны без крат!

Жыць ці памерці? Тут вораг ці брат?

 

Дзе вы, надзеі забытыя словы,

Ясныя, светлыя нашы галовы?

Дзе ж ты, забыты, натхнёны наш час,

Племя юначае, годнае нас?

 

Вось толькі сонца ізноў залівае

Промнем любві вокны з краю да краю,

Птушкі шчабечуць і славяць вясну…

Вы падаруйце мне трэль – хоць адну!..

 

 

***

 

Я люблю гэты горад, калі ён жывы, –

На світанку ў патоках святла залатога.

Халадок ад расы… І схавана так многа

Ў лісці птушак… Пяюць для нябеснай красы.

 

Я люблю гэты горад, калі ён маўчыць,

Калі ў цішы паўночнай міргае агнямі.

Ліхтары, іх святло. І нікога – між намі…

Ды чуваць толькі: сэрца надрыўна крычыць.

 

Я люблю гэты горад, напэўна, другім:

Многа так цеплыні ў ім, і ўсмешак, і ласкі.

Сэнс у гэтай высновы бліжэйшы да казкі –

Растаюць нашы мроі, бы ранак, як дым…

 

Я люблю гэты горад, бы раб кляты той,

Што – ужо – палюбіў свой ланцуг і галеру.

Усміхаецца сонцу ён, страціўшы веру,

Але рады ўсё ж промням, што дораць спакой…

 

Я люблю гэты горад…

 

 

***

 

Мандарынавым гаем – не хочацца снегу…

Цеплыні там і шчасця, любві не стае:

Сэрца каб задыхалася шпарка ад бегу,

Апякалі мяне пацалункі твае.

Шэпт паглядаў тых, подых, ізноў трапятанне…

Адлятае душа, стос губляючы спраў.

І здаюцца складанасці ўсе лепятаннем,

Проста попелам – ты ж гэтай стрэчы жадаў!..

 

Мандарынавым гаем – спадзевы і мары,

У тым воблаку кветак і сонца, пладоў.

Там – ні болю, ні помсты пакутлівых хмараў,

І ў жыццё не глядзішся, бы ў збан стары зноў.

 

Затрымайся даўжэй, о мой сон нечуваны:

Я запомніць хачу, хто мне сябра, дзе – дом…

Адчыняю ўсё ж вочы… Мой Божа! Зноў раны –

У рэальнасці… Звадкі, пакуты кругом…

 

 

***

 

Крыху ж усяго да вясны –

Мо тыдняў тых пару, умоўна…

Не хочацца зрэшты вайны,

А хочацца птушак, шпакоўняў,

І гнёздаў бусліных малым,

Каб клёкат адтуль – даспадобы,

Дзяцей – бестурботным усім,

Каб сталі мужчынамі з пробай.

 

Паветраных промняў намер…

Яшчэ халадок – так, міжволі…

Зіма, замаўчы ўжо цяпер –

Назад ты не вернешся болей.

 

Разлівамі рэк і любві,

Тапленнем тым снегу пад вішняй

Жыві, сакавік, зноў жыві, –

Ён, люты, цяпер ужо лішні.

 

А вецер імклівы, бы стрыж,

Парывісты, дзікі адвечна!..

А сэрца вагаецца між

Рашэнняў, такіх небяспечных.

 

А ў розуме – думак палёт:

Направа пайсці ці налева…

А можа быць, прама – там брод:

Як раз – паміж шчасцем і гневам…

 

 

***

 

Дзе тая лесвіца ў неба?

Дзе шанцаванне – каб новае?

Шчасця хоць трошачкі трэба –

Праз навальніцы вясновыя…

 

Эх вы, дарогі ды вёрсты,

Вехі ў жыцці непрыкаяным…

Многа магіл там – няпростых,

Слёз і пакутаў, раскаяння…

 

Што ж, значыць, праўду цыганка

Ў дробязях мне набалакала:

Будзе і дом, і альтанка,

І многа іншага ўсякага, –

 

Кепска з каханнем напеўным:

Шмат нарачоных, апранутых…

Небу лепш бачна, напэўна, –

Што ж выбіраць між падманутых?

 

Там, дзе паляны лясныя

Поўныя ўсе першацветамі,

Птушкі пяюць, завадныя,

Думкі плывуць запаветныя.

 

Уваскрасае прырода,

Сонца мігціць прамяністае!

Гора сыходзіць, нягоды,

Радасць на змену ім – чыстая!..

***

 

Застыла сонца ў бурштыне –

                                  бліскучае,

На снезе кроплі быццам бы –

                                  гаючыя…

 

Яшчэ так холадна. Вясна

                                  спіць у гаях.

У лесе тым, што ажыве,

                                  прайсці ёй шлях.

 

Цяпла нямнога, і капеж

                                  свой ход пачне.

З табою ведалі мы ўсё

                                  наперад… Не?..

 

Няма вяртання, хоць забыць –

                                  ніяк пакуль…

Ды пройдзе боль, напэўна, так –

                                  бы след ад куль…

 

Нямнога сонца ў бурштыне –

                                  бліскучага…

Твае мне вусны, нібы сон, –

                                  гаючыя…

 

 

***

 

Ты пазвані мне – так, з зімы ў вясну –

І растапі свой холад на імгненне.

Скажы: “Люблю… Люблю цябе адну”.  

І – толькі мне. Якія тут сумненні?..

 

Ты пазвані мне… Божа, як даўно

Не чула зрэшты голас голас твой знаёмы…

Хаця, табе магчыма ўсё адно –

Ужо… І іншая там правіць домам?..

 

Не, я не веру. Нават праз гады.

Ніколі не паверу – чуеш? – пану…

З табой заўсёды. Бы прамень – заўжды.

Як дыхаеш, я на світанні гляну…

 

Крануся вуснаў ціха, бы ў журбе…

Па валасах і па шчаках нябрытых

Шмыгну… Нікому не аддам цябе!..

Прачнешся ты няшчасным і разбітым…

 

 

***

 

Так даўно мы на гэтай вайне,

Што нат выбухі ўжо не жахаюць.

Ўсё да слёз зразумела, і не, –

Нам, да болю, да нерваў, да краю.

 

За свабоду змагацца, за лёс

Мы ідзем кожны міг, неўзабаве.

Спадарожнікам – гром нам з нябёс,

Гэты свет ад брыдоты пазбавім.

 

Мо галовы складзем ля крыніц?

Можа, выжывем, іншымі станем?

Пахі пораху ці навальніц?

Ты імя напішы прад расстаннем –

 

На лістку, і маё – разам з ім,

Ды бліжэй пакладзі, побач з сэрцам.

Неба плавіцца… Выбухі, дым.

Так далёка Парыжскае скерца…

 

На Радзіме ж – пякельны разлом,

І раскол, страта ісцін – без меры.

Тут арудуе ён, стары лом,

І “саўком” зачыняюцца дзверы.  

 

Так даўно мы на гэтай вайне,

Што цяпер паміраць і не страшна:

Так, за годнасць – без розных там “не”,

І за гонар – з нагодаю важкай!..

 

 

***

 

Ці шчаслівымі могуць быць людзі?

Ды, напэўна, кароткі мо міг:

У ружовым тым воблаку-цудзе,

Нібы ў сне, – без пакут і інтрыг.

 

Так, бывае ён сонечным, ранак,

Свежым, лёгкім і яркім – бы птах!..

Ўсе рашэнні прыходзяць старанна,

Забываюцца болі і жах.

 

І душа, бы праменьчык надзеі,

У блакітны імкне неба звод,

Каб вярнуцца імгненна – для дзеі,

Толькі ўжо без бяды і турбот.

 

Лес спявае – ён поўны вясною,

І крыніцай жыццё зноў бруіць,

Так іскрыцца той подых – якое

Можа гора быць? Шчасце ляціць,

 

Каб застыць у тым мігу так файна,

Затрымацца ўсяго на крыху,

Адчыніць мімалётную тайну,

І – у шлях: да кагось пад страху!..

 

***

 

Не бывае любві на штыках,

Цеплыні ў цішыні трывожнай…

Там пустэча, дзе правіць жах

І ўзрываецца пульсам кожны.

 

Думкі, думкі – грукат у скронь –

Ад адчаю і да прасвету.

Скруха цісне, бярэ ў палон…

Выйсце з пекла, і дзе ж ты, дзе ты?

 

Ад бяссілля, бы мех праз ток,

Асядае зноў цела няжвава…

Кадры, кадры…. Стагнанні ды шок…

Так, вайна – гэта дрэнная справа.

 

Ды, напэўна, іншых шляхоў

Не знайсці, бо мэта – свабода.

У слязах дзяцей – моц праз кроў…

Столькі веры ў вачах народа!..

 

Разлятайся ж ты, чорная дрэнь.

Ты сыходзь ды вяртайся ў пекла!..

Раз пачуцці хавае цень,

Сонца свету ўжо цемра ссекла.

 

Ужо досыць крыві, забойств…

Ўзрываў, стогнаў, агню і ранаў…

І хто вораг цяпер? Мо госць?..

Бессэнсоўнасць хлусні з экранаў…

 

Вы, анёлы, марудзіце што ж?

І калі ўжо адчыніцца Неба,

Каб паслаць ачышчальны нам дождж –

Для любві, для вясны і для хлеба?..

 

 

 

***

 

Мы іншымі вяртаемся з вандровак.

Праз шторм мы ўсе мяняемся наскрозь.

Ды шчанюку імя дадзім – нанова,

І паглядзім, як абгрызае косць.

 

Няма вяртання ў змрок. Ура – свабода!..

Нам подых зноў падорыць вецярок.

І вось жыццё – да шторму – год ад году,

Пакуль нам лёс яшчэ не дасць урок.

 

Якія ж мы, усё-такі, якія…

Перажываем хутка смерць сяброў.

Не добрыя мы, людзі, і не злыя –

Прыстасаванцы проста, без умоў.

 

Вось так. І скажаш што яшчэ тут?

Хапае ў нас звярынага – пад гмах, –

Мярзотнасці і боязі прышчэпкаў,

Гавэнды той – сляпой, дурной, бы жах.

Ды ёсць яно, геройства ў некаторых,

Сумленне, гонар, праўда – дзеля нас.

Вось толькі забываем мы так скора

Герояў… Топіць іх хлусні каркас…  

 

 

***

 

Маёй найгоршай рэінкарнацыі

прысвячаецца…

 

Неба, поўнае срэбраных зор, –

Твой Парыж, ён бясконцы і чорны…

Вось адказ на пытання той змор –

Да рання промень ззяючы зорны…

 

Дзесь блукае душа тут твая –

Нераскаянай грэшніцы ў Вежы.

І чакае штоноч салаўя,

І шкадуе аб жарсцяў адзежы…

 

Вось дваццаты ўжо век. Правады.

Ўпершыню ўсё калісьці бывае…

Журналісткаю з “Рэйтэр” – тады…  

Тэлеграф… Ты ў Парыжы, Дубаі,

 

І ў Нью-Ёрку, канешне, – між куль…

Дэмакратыя ў духу гранітным.

Столькі жарсці ты возьмеш адсюль,

І любві, што застыгне, бы бітум…

 

Так няспынна трашчыць тэлеграф.

Інфармацыя, дым цыгарэтны.

Сэрца б’ецца тваё – цераз жах

Не пачуць яго смех запаветны…

 

Як жа звалі яго? Бары? Джон?

Ўсё схавана – у вечнасці дыме…

Закаханы, ты думала, – ён,

Толькі не: ён не твой, бо – з усімі.

 

Мроі, слёзы струменем, дакор…

Аддалася пачуццям свабодна…

З небам ты, поўным срэбраных зор,

Праляцеўшы, навек стала роднай…

 

 

***

 

Выдумляюць аб маёй блізарукасці

І пайшоўшай – не туды – дальназоркасці.

Гэта, можа быць, ад скончанай тупасці?..

Ці, здаецца ўжо, ад кропкавай “зорнасці”?..

 

О, правінцыя жыве перасудамі!..

І клапоціцца грамадства мяшчанскае,

Каб часцей былі тут людзі іюдамі,

Дапамогі не чакалі каб – Панскае…

І канешне, за сцяжкі каб не скочылі,

Свет паслаўшы, – вось з такімі “клапотамі”!..

Трэба ж грошы тут, каб не скасабочылі,

Што за продаж душ, альбо – чагосці там…

 

Прыдумляюць і каленкамі дрыгаюць…

Пазатоптваць мары ўсе, думкі гожыя

Брудам, плёткамі, скразнымі інтрыгамі –

Вось іх мэта. Не да промыслу Божага…

 

Толькі Неба ўсё ж не купіш “карцінкамі”:

Лёс такі – нібыта калька бязродная.

А паэты ўсіх здзіўляюць учынкамі,

І жыццё ў іх, нібы вецер, – свабоднае!..

 

Узгадваючы Булгакава…

 

Трынаццатае. Май. Вядзьмаркі, чэрці,

Не ведаючы меж, “у свет” ляцяць.

Шкілеты абрастаюць плоццю, верце,

У чорных “птушак” фракі так трымцяць.

 

Я там была жывою каралевай –

Крыві “хапіла”. Сорам быў – жабрак.

“Вялікасць” там мая пайшла “налева”,

Каб толькі мне тваё пачуць зноў “так!”,

 

Крануцца вуснаў, пажадаць палону…

Няма ў жыцці ж мне шчасця нат на чвэрць…

Навек твая: ад стрэчы і да скону, –

Не страшна ў пекле потым мне згарэць…

 

Калена цалаваць – чарцям, вядзьмаркам –

У Донны: так заведзена даўно.

Ў палоне я ці вырвалася шпарка?

А зрэшты, сёння мне – усё адно.

 

Карона цісне… Кроў са скронь сцякае…

У вочы глянуць мне б твае яшчэ…

Ці чорная ўжо скончыцца тут зграя?

Ад слоў ліслівых зноў сляза цячэ…

 

Камін чартоўскі сціхнуў вось, здаецца.

Ды не, не ўсё – яшчэ аблёты зал…

Балюча як… Шчыміць стамлёна сэрца…

Бясконцы баль якісьці, – ты б сказаў…

 

Шмат кветак, музыкі. Шампанскае – ракою.

О, вальсы Штрауса! Маэстра, стыне кроў…

А створана ўсё – чорнаю рукою…

Якая розніца? Баяцца – мне – злых слоў?

 

Гары агнём, маленькая кватэра!..

Магутны Воланд. Вершнікі – ваш ход…

З табою буду, нат не ў гэтай эры,

           Мой Майстар… Гэта ў вечнасць наш палёт!..

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5017
Далучайцеся да нас