Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тэксты да 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Тэксты да 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

15 лютага 2023, 07:17 Мова 40
Тэксты да 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Лідскі замак

 

Наваколле Ліды ў пачатку XIV стагоддзя нагадвала сабой цяжкадаступнае месца, акружанае забалочанымі далінамі рэк Крупка, Дзітва, Лідзейка, Жыжма, непраходнымі Дакудаўскімі балотамі, Нёманам і дрымучымі лясамі. Чамусьці менавіта тут, на зліцці Лідзейкі і Каменкі, па-за вялікім горадам, за 300-400 кіламетраў ад межаў дзяржавы, Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Гедымін пабудаваў замак.

Будаваўся замак недзе ў прамежку з 1323 да 1328 года, не раней і не пазней, толькі ў гэтае пяцігоддзе. Атрымаўшы часовую мірную перадышку на заходніх межах Вялікага Княства, паабяцаўшы прыняць хрысціянства, Гедымін атрымаў магчымасць займацца стваральнай дзейнасцю.

Ставілі замак палонныя з Валыні і Кіеўшчыны. У 1320-1321 гадах Гедымін з войскам хадзіў у паход на Валынь, заваяваў дзесяткі гарадоў і прывёў адтуль тысячы палонных, якія будавалі замак. Майстры, магчыма, былі з Ганзы. Калі будаўніцтва было завершана, Лідскі замак паўстаў збудаваннем больш як са 100 байніцамі, чатырохпавярховай вежай, унутранымі замкавымі пабудовамі. Ён ахоўваўся вайсковым гарнізонам. Але ж гарнізон трэба было паіць, карміць: жыта сеяць-збіраць, малаціць, мёд круціць і варыць, жывёлу пасвіць, паляваць, паліва нарыхтоўваць. Так пры замку ўзнік горад з насельніцтвам з мясцовых жыхароў і палонных русічаў.

Бясспрэчным доказам існавання Ліды ў канцы трыццатых гадоў XIV стагоддзя з’яўляецца тастамант Вялікага князя Гедыміна сваім сям сынам, вядомы з Хронікі Вялікага Княства Літоў-скага і Жамойцкага.

Гедымін загінуў у 1341 годзе. Тастамант, як вынікае з летапісу, быў складзены задоўга да яго смерці, г. зн. у 30-х гадах. Ліда ўпамінаецца там нароўні са старажытнымі гарадамі Слонімам, Пінскам, Наваградкам, Ваўкавыскам, Вільняй, Гародняй, Коўняй, як горад, а не замак.

У адносінах да іншых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага Ліда мае дзве надзвычайныя асаблівасці – горад заснаваны Вялікім князем Гедымінам, і ў горадзе захаваўся замак, пабудаваны пры яго жыцці. 

(Кампіляцыя Лідскай РБ, 276 слоў.)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5920
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0415
Далучайцеся да нас