У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пачала працаваць выстава
да 130-годдзя Канстанцыі Буйло
У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 11 студзеня адбылося адкрыццё выстаўкі “У краіне мараў”, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло.
Храналагічна экспазіцыя закранае жыццёвы шлях паэтэсы ад першых вершаў у перыядычным друку і дэбютнага зборніка “Курганная кветка” у 1914 г. да выданняў твораў 1950-х -1980-х гг.
Выстава была падрыхтавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская адзначыла, што ўдзел у гэтай выставе музей прымае невыпадкова:
– Справа ў тым, што беларуская літаратура фарміравалася пад моцным уплывам творчасці Янкі Купалы, яго матываў, яго вобразаў. І многія паэты, якія сябравалі з Купалам, знаходзіліся якраз пад гэтым плённым уплывам. Не мінула гэта і Канстанцыю Буйло. Вельмі цікава тое, што першы зборнік Канстанцыі Буйло “Курганная кветка” склаў і рэдагаваў Янка Купала.
Таксама Ганна Галінская дадала, што ўслед за Янкам Купалам Канстанцыя Буйло распрацоўвала матывы любові да Радзімы, да яе людзей. Паэтэса з павагай і захапленнем ставілася да паэзіі Янкі Купалы, і таму прысвяціла яму шэраг вершаў.
Сярод экспанатаў можна пабачыць шмат цікавага: тут і першы зборнік паэтэсы “Курганная кветка” ў мастацкім афармленні Язэпа Драздовіча, розныя выданні з музейных і бібліятэчных фондаў з дароўнымі надпісамі, фотаздымкі, аўтарскія рукапісы, перапіска Канстанцыі Буйло з Уладзіславай Луцэвіч, жонкай Купалы, а таксама асабістыя рэчы.
Наведаць выставу можна да 31 сакавіка 2023 г. Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Лізавета ГОЛАД.
Фота аўтара. Звязда.