Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“ЛІТАРАТУРНЫ ЭКВАТАР” № 11 (13)

“ЛІТАРАТУРНЫ ЭКВАТАР” № 11 (13)

18 студзеня 2023, 10:26 Выданні, літаратура 29
“ЛІТАРАТУРНЫ ЭКВАТАР” № 11 (13)

Нумар адзінаццаць (трынаццаць) – з восеньскай Парыжскай танальнасцю…

 

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так кожнае друкаванае выданне пачынаецца з вокладкі – і гэта, пэўна, аксіёма для кожнага кнігавыдаўца, дызайнера ці рэдактара. І што можна пабачыць на вокладцы новага нумара альманаха “Літаратурны экватар” – 2022? Як звонку, так і знутры – жывапісныя палотны імпрэсіяніста Антуана Бланшара, французскага мастака ХХ стагоддзя. Прычым, маляваў ён выключна Парыж: ягоныя вуліцы, дамы, помнікі, і канешне, людзей – у розныя сезоны каляндарнага года.

На вокладцы новага альманаха № 11 (13) можна пабачыць восеньскі Парыж першай трэці ХХ стагоддзя, лёгкі і празрысты, – гэтую сталіцу сусветнай культуры, літаратуры і мастацтва. І якая тут сувязь з “Літаратурным экватарам”? З восенню – самая прамая: большасць работ, звязаных з новым нумарам альманаха, штогод робіцца менавіта ў гэтую пару года. У верасні звычайна пачынаецца актыўная праца над арыгінал-макетам выдання, а напрыканцы лістапада – завяршаецца. А што да Парыжа, то менавіта там альманах “Літаратурны экватар” адзінаццаць год таму атрымаў міжнародны код ISSN, што дагэтуль красуецца на ягонай вокладцы. У дужках, як звычайна, пазначаны яшчэ адзін нумар, згодна з агульнай колькасцю выдадзеных нумароў альманаха, – такое было да нас патрабаванне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. І мы гэтае патрабаванне кожны год выконваем.

Засталося разабрацца, чаму па часе быў абраны менавіта пачатак ХХ стагоддзя… Ну, гэта ўжо асабістае пажаданне дызайнера новага нумара альманаха (г. зн. маё). Калі нехта памятае фільм вядомага амерыканскага рэжысёра Вудзі Алена “Поўнач у Парыжы”, то гэтае пажаданне, можна сказаць, адтуль. А змест карціны, калі коратка, наступны: роўна ў поўнач там можна было сесці ў містычнае аўто і патрапіць у ім, згодна са сваім жаданнем, у Парыж любой часавай эпохі, і нават застацца там. Дык вось, мне дакладна туды – у Парыж першай трэці ХХ стагоддзя…

Завяршаючы тэму вокладкі новага нумара альманаха, зазначу, што на яе адвароце змешчана некалькі фота знакавых мерапрыемстваў літаратурнага клуба “Экватар”, праведзеных у 2022 годзе. Знутры знаходзяцца партрэты дваццаці чатырох аўтараў, чые падборкі склалі літартурную частку выдання. Хаця, з колькасцю аўтараў у альманаху за 2022 год ёсць нюанс: насамрэч усіх літаратараў дваццаць шэсць. Як такое можа быць? Можа. Проста ў падборцы пісьменніцы Таццяны Барысюк прысутнічаюць не толькі яе асабістыя творы – там змешчаны матэрыялы яшчэ двух аўтараў. Але рэдакцыя выдання ніколі не супраць новых людзей: галоўнае, каб іх творы былі таленавітымі.

Што тычыцца дызайну блока альманаха “Літаратурны экватар” № 11 (13), то тут абраны графічны мінімалізм, хаця нават у такім стылі ў нашым выданні ёсць схаваны дадатковы сэнс і падтэкст. Здавалася б, звычайная рамка: чатыры лініі, якія перакрыжоўваюцца па вуглах. Але тут усё ж такі меўся на ўвазе стылізаваны мальберт. Зноў вяртанне да тэмы мастакоў і мастацтва. А хіба кожны аўтар не мастак? І бялюткі аркуш паперы, ці не нагадвае ён чыстае палатно, на якім павінны з’явіцца мастацкі твор?..

Дык вось, дваццаць чатыры аўтары альманаха “Літаратурны экватар” № 11 (13), а дакладней, – дваццаць шэсць… Імі створаны празаічныя, паэтычныя, перакладчыцкія, журналісцкія палотны. Ёсць аповесці і апавяданні, вершы, паэтычныя і празаічныя пераклады, інтэрв’ю, публіцыстыка… Слабых аўтараў у новым альманаху практычна няма. У асноўным тут змешчаны творы аўтараў дастаткова высокага прафесійнага ўзроўню, што прыемна. Як і ў мінулым годзе, аўтараў-мужчын трохі болей, чым аўтарак-жанчын… Вельмі хацелася, каб у гэтым пытанні быў парытэт, але ў 2022 годзе зноў не атрымалася. З іншага боку, “Экватар”, ён жа мужчынскага роду, да таго ж яшчэ клуб. Так што, аўтараў-мужчын, напэўна, павінна быць трохі болей…

Акрамя аўтарскіх падборак, у новым альманаху ёсць пяць інфармацыйных блокаў. Прысвечаны яны рознага роду мерапрыемствам ды канцэртам, праведзеным літаратурным клубам “Экватар” у 2022 годзе. А падзей было шмат. Нажаль, не заўсёды радасных. У 2022 годзе пайшлі ад нас у лепшы свет вельмі блізкія сябры: пісьменніца Людміла Аляксееўна Сівалобава і паэт, празаік, перакладчык, бард, навуковец Серж Мінскевіч… І вось ужо да планавых літаратурна-музычных мерапрыемстваў нашай суполкі дадаліся прысвечаныя памяці памерлых сяброў жалобныя імпрэзы, правесці якія было псіхалагічна вельмі складана, але ўсё ж такі давялося…

Асобна хочацца адзначыць супрацоўніцтва аўтараў літаратурнага клуба “Экватар” з шаноўнай газетай “Наша слова”, ад якой мы атрымалі ў 2022 годзе дзевяць вялікіх публікацый, прысвечаных дзейнасці нашай суполкі. Усе гэтыя артыкулы можна пабачыць у інфармацыйных блоках новага нумара альманаха. Сяброўства аўтараў “Экватара” з газетай “Наша слова” доўжыцца ўжо тры гады, і няхай яно працягваецца далей. Мы вельмі ўдзячныя гэтаму паважанаму перыядычнаму выданню.

Напрыканцы свайго артыкула хачу зноў вярнуцца да восеньскай тэмы. Пасля жахлівых з-за смерці блізкіх сяброў сёлетніх вясны ды лета, восень 2022 года, як ні дзіўна, для мяне атрымалася ўдалай. Адбыліся ў маім жыцці лёсавырашальныя станоўчыя падзеі, нечаканыя і пазітыўныя. Можа, яшчэ і па-гэтаму я пажадала бачыць восень на вокладцы новага нумара альманаха “Літаратурны экватар”. Але, колькі б я ні распавядала пра сваю ментальную сувязь з Парыжам пачатку ХХ стагоддзя, жыву ж зараз у сучаснай беларускай рэчаіснасці. А ў рэальным часе я назаўсёды запомню гэтую прыгожую восень 2022 года – з такой непаўторнай танальнасцю, ужо беларускай…

Шэф-рэдактар альманаха

“Літаратурны экватар”,

паэтка, пісьменніца, журналістка

Інга Вінарская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3418
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0218
Далучайцеся да нас