За тры дні да 60-годдзя
Эдуард Акулін (Эдуард Аляксандравіч Акулін) – паэт, перакладчык, бард. Нарадзіўся 7 cтудзеня 1963 года ў вёсцы Вялікія Нямкі на Веткаўшчыне. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (1984) і аспірантуру Інстытута Літаратуры НАН Беларусі (1990). Працаваў настаўнікам, загадчыкам філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка” (1990 -2001), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Першацвет” (1993), загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Полымя” (2001-2002), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў” (2002 – 2013) і намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў (2002-2013) . З 2009 па 2021 год – галоўны рэдактар часопіса “Верасень”. Вершы друкаваліся ў газетах “Чырвоная змена”, “Звязда”, тыднёвіках ” ЛіМ” , “Ніва”, “Украінская літаратурная газета”, часопісах “Першацьвет”, “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, “Наша вера”, “Верасень” і “Дзеяслоў”. Аўтар кніг паэзіі: “Лес дзённага асвятлення” (1988), “Пяшчота ліўня” (1990), “Крыло анёла” (1995), “Радно”( 2000), “Непрычалены човен” (2003), “Вітражы” (2009), “Малітва воч” (2012), “Святая ноч” (2012), ” Падзяліцца поўняй” (2020), “Плашчаніца” (2020), драматычнай містэрыі “На Каляды” (1996), шматлікіх перакладаў з украінскай, польскай, літоўскай, славенскай, балгарскай і нямецкай моваў, а таксама двух песенных магнітаальбомаў: “Мая Крывія” (1995), “Як яна і я” (2000) і кампакт-дыскаў “Напачатку была Песьня” (2003), “Песьні залатой Крывіі”(2008), “Не магу жыць без крыл…” (2012). Вершы перакладаліся на ангельскую, французскую, італьянскую, украін-скую, рускую, польскую, балгарскую, славенскую, харвацкую, сербскую, літоўскую, латышскую і нямецкую мовы. Лаўрэат Першага нацыянальнага фестывалю беларускай бардаўскай песні (1993). Лаўрэат міжнароднай прэміі імя Міколы Ганька (2013). Лаўрэат літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” (2014). Лаўрэат літаратурнай прэміі “Срэбнае лятучае пяро”, Балгарыя (2016).
Араты
І ў дзень шчаслівы, і ў момант страты,
плуг утапіўшы ў сухой раллі,
на полі Мовы паэт – Араты,
вядзе барозны з сваёй крыві…
Што нас чакае – ніхто не знае…
Пасеш Слова – узыйдзе Страх…
Вол-паднявольнік між зор ступае,
ярмом чапляе за Млечны Шлях…
Ад мігу тога, як быў зачаты,
да той хвіліны, як згасне свет, –
на полі Мовы паэт – Араты,
а поле тое – увесь Сусвет…
30 сакавіка 2020 г. 7:42.
Тур
Узваліўшы ранак хмуры
на магутнае плячо,
Князь Барыс ідзе на тура
з хітрай злобай у вачох…
Мкнуцца дзіды, гнуцца лукі,
рвуць ашыйнікі харты…
Рог турыны грозным гукам
распалохаў чараты…
Ад світання да змяркання
йдуць уцёкі ад хаўтур…
І нарэшце горда стане
перад князем вольны тур.
Вочы ў вочы, морда ў пене,
у крыві – вачэй прыжмур…
Ды ніколі на калені
не ўпадаў ад страху тур…
Не ў туманнае сутонне,
не ў дажджлівы небакрай, –
тур падаўся у паданне,
у аблозе псіных зграй…
Памыліцца не збаюся,
бо ў святое верыцца…
Тур вярнуўся ў Беларусь,
Бог таксама вернецца!
8 сакавіка 2020 г. 16:20.
Не на паказ…
Мая Вера – не на паказ…
Мае вершы – без камуфляжу…
Не патрэбен мне антураж
дзеля таннага эпатажу…
Штоначы, бы ў забой шахцёр,
я спускаюся ў прыіск зорны, –
Слова роднага валанцёр
і Паэзіі раб пакорны…
У галернай сляпой цішы,
каб народ мой не зведаў зводу, –
не на лацкане, а ў душы
я нашу Беларусь заўсёды…
26 красавіка 2020 г. 05:47.
Беларуская мова
Беларуская мова!
Ты жывеш у музеях,
у архіўных спецсховах
і ў метропалітэне…
Як матуля, якую
дзеці з дому прагналі,
ў электрычках жабруеш,
спіш на брудных вакзалах…
Ды на могілках часам
я цябе сустракаю,
калі скрушныя фразы
эпітафій чытаю…
А ні ў новенькай школе,
а ні ў храме звячэлым
не пачуеш ніколі
голас твой анямелы…
Беларуская мова!
Як не будзе дзе дзецца, —
я заўсёды гатовы
прытуліць цябе ў сэрцы!
21 лютага 2020 г. 6:25.
Залатамытнік
Ахвярую Уладзіміру Чараухіну
Анёл – гасподні мытнік,
глядзіць з нябёсных меж,
як, слоў залатамытнік, –
паэт складае верш.
Як гукаў залацінкі,
бы знічкі у кашы,
да сподняе гадзіны
прасейвае ў душы…
Нікому невядома –
які ў яго намер…
Навобмацак ён словы
знаходзіць, як Гамер…
На тле вялікай бітвы
сярод начной цішы
ён светлую Малітву
дастане з дна душы…
2 красавіка 2020 г.
Дарога дадому…
Дарога дадому – з вершаў…
Душа, як страла, ляціць
туды, дзе пад лаўку пешшу
наўчыўся калісь хадзіць…
Дарога дадому – з грому,
з маланкі крутым сярпом,
якая штоноч без стомы
выкошвала выспу сноў…
Дарога дадому – з болю…
Як скрушна, калі глядзіш
на цэркаўку ў чыстым полі,
што моўчкі нясе свой крыж…
Дарога дадому – Шчасце,
якое нам Госпад даў…
Яна – як душы Прычасце
да самых высокіх спраў!..
28 красавіка 2020 г. 6:52.
Лістапад
Гляджу на сумны сад
і сам між дрэў знікаю…
Так блізка Лістапад, —
што я яго кранаю…
У вогнішчы прысад
разгублена блукаю…
Так блізка Лістапад, –
што я у ім згараю…
Ніякіх больш парад
ад Бога не чакаю…
Так блізка Лістапад, –
бліжэй чым брама раю…
Дух Паэзіі
Ні церпкім кубінскім ромам,
ні свежым фабрычным хлебам, –
Паэзія пахне громам,
Паэія пахне небам…
Ні пылам арэны цырка,
ні потам пуант балетных, –
Паэзія пахне жвірам,
дастаным з глыбі Сусвету…
Ні прытарнай цукраватай,
ні ліпкай душой каштана, –
Паэзія пахне Здрадай,
крывёю з Гасподніх ранаў…
28 красавіка 2020 г. Радаўніца.13:16.
Мала…
Ісціну вядомую спрадвеку
суджана не кожнаму спазнаць, –
мала нарадзіцца чалавекам,
Чалавекам трэба яшчэ стаць…
Каб даваць адпор хлусні і здзекам,
каб душу за грошы не прадаць, –
мала нарадзіцца чалавекам,
Чалавекам трэба яшчэ стаць…
Каб не страціць Боскую апеку,
каб бяздушным зверам не сканаць, –
мала нарадзіцца чалавекам,
Чалавекам трэба яшчэ стаць…
20 сакавіка 2022 г. 15:53.
Шлях
Валуны на палях –
знак таемнай заклятасці…
Трэба доўжыць свой шлях, –
нат калі ён бязрадасны.
Па дзядоўскіх касцях,
што ў разорах завораны, –
трэба доўжыць свой шлях
грамадой непакорнаю.
І калі чорны страх
вочы выдзеўбе воранам, –
трэба доўжыць свой шлях
да вяршыняў няскораных.
І калі у грудзях –
сэрца стомленым молатам, –
трэба доўжыць свой шлях,
што вякамі намолены.
Трэба доўжыць свой шлях
з непахіснай упартасцю,
бо хто сее ў слязах, –
жне заўсёды у радасці…
11 снежня 2022 г. 21:49.
Прызнанне
Хоць часцей нябёсы сталі хмарыцца,
зімна на душы без халадоў…
– Любая, хачу з табой састарыцца,
вымаліўшы ў Госпада Любоў…
Хоць радзей аб шчасці стала марыцца,
і глыбей трывога за сыноў…
– Любая, хачу з табой састарыцца
у Эдэме залатых гадоў…
Хоць няма прычын у нечым каяцца, –
каюся, святлеючы ў журбе…
Я старэю, а Яно не старыцца,
– Любая, – Каханне да цябе…
16 сакавіка 2022 г. 8:00.
Давайце дзяліцца Святам!
Пакуль над азяблым садам
сярпок-маладзік не згас, –
давайце дзяліцца Святам,
каб Бог не пакінуў нас!..
Пакуль між сняжын-аплатак
анёлы танцуюць вальс, –
давайце дзяліцца Святам,
каб Бог не пакінуў нас!
Я ведаю – нас багата,
хто верыць у светлы час…
Давайце дзяліцца Святам,
і Бог не пакіне нас!
24 снежня 2022 г. 20:49