Да святкавання 140-годдзя з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа далучыўся і Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Гэтая падзея прыйшлася на восеньскія школьныя канікулы. У час канікул у Доме Таўлая для школьнікаў праводзіўся відэалекторый “Неўміручы голас нам пакінуў Колас”, які наведалі вучні гімназіі №1, сярэдняй школы №13 горада Ліды і Беняконскай школы Воранаўскага раёна.
Падчас відэалекторыя, які праводзіў навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун, дзеці даведаліся аб тым, ці сустракаўся Якуб Колас з Валянцінам Таўлаем, які след пакінуў класік беларускай літаратуры ў суседніх з Лідай Наваградку, Бярозаўцы, Дзятлаве, які выраб шклозавода “Нёман” захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Менску, і інш., пачулі занатаваныя ўспаміны лідчанак Алесі Бурак і Веры Ляцецкай пра сустрэчу з вядомым творцам. Вучні таксама пабачылі прыжыццёвыя выданні твораў класіка (“Сымон-музыка” за 1928 год, “У глыбі Палесся” за 1931 год), якія захоўваюцца ў фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея, паглядзелі дакументальныя фільмы пра Якуба Коласа, пачулі голас класіка ў архіўных аўдыязапісах.
– У Наваградку Якуб Колас некалькі разоў – у 1946, 1950 і 1954 гадах – абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, – расказвае Алесь Хітрун пра сувязь класіка з бліжэйшымі да Лідчыны раёнамі. – Сустракаўся ён у тыя гады і з жыхарамі Бярозаўкі, якая ўваходзіла ў Наваградскую выбарчую акругу. У музеі Якуба Коласа ў Менску захоўваецца посуд, выраблены ў 1950 годзе на шклозаводзе “Нёман” (гэтым посудам карыстаўся сын паэта Міхась Міцкевіч пасля смерці класіка). Удзельнічалі ў выбарах Якуба Коласа ў Вярхоўны Савет і жыхары Дзятлава. На аснове фотаздымка, на якім адлюстравана сустрэча кандыдата ў дэпутаты з дзятлаўскімі выбаршчыкамі ў 1954 годзе, праз шмат гадоў, у 2013 годзе, створана карціна “Якуб Колас у Дзятлаве”. У нас ёсць копія гэтага фотаздымка і іншых, на якіх можна ўбачыць Якуба Коласа ў якасці кандыдата ў дэпутаты на сустрэчы з выбаршчыкамі.
– Валянцін Таўлай быў знаёмы з Якубам Коласам, – працягвае Алесь Часлававіч. – Пасля вайны яны жылі ў Менску па адным адрасе: вуліца Пушкіна, 56 (на ўскраіне парка Чалюскінцаў, недалёка ад акадэміі навук). Дом Коласа знаходзіўся праз дарогу ад дома, у якім жыў Таўлай. Пра гэта згадвае ў сваіх успамінах сястра Таўлая Ніна Паўлаўна. У 1952 годзе, да 70-годдзя Якуба Коласа, дом у Менску, у якім жыў пісьменнік, быў рэканструяваны – так кіраўніцтва горада праявіла сваю пашану да народнага паэта, дэпутата, віцэ-прэзідэнта акадэміі навук. У гэтым доме класік беларускай літаратуры пражыў да самай сваёй смерці – 13 жніўня 1956 года. Цяпер у гэтым будынку – Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
Алесю Хітруну не раз даводзілася бываць у гэтым музеі і нават сустракацца з малодшым сынам Якуба Коласа – Міхасём Міцкевічам. Першы раз ён сустрэўся з ім у 2007 годзе ў Вязынцы ў час святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, куды Алесь Хітрун ездзіў у складзе дэлегацыі лідскіх паэтаў. Міхасю Канстанцінавічу Алесь Часлававіч перадаў ксеракопію графічнага партрэта Якуба Коласа ўласнай работы. У 2017 годзе навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея сустракаўся з Міхасём Міцкевічам у Менску, дзе ён жыў недалёка ад музея свайго знакамітага бацькі. Падчас сустрэчы Міхась Канстанцінавіч, доктар тэхнічных навук, паведаміў, што для Лідскай мэблевай фабрыкі вырабляў пэўныя дэталі для механізмаў. У 2020 годзе яго не стала. Пахаваны на вайсковых могілках побач з бацькам – там, дзе спачываюць яшчэ адзін юбіляр гэтага года Янка Купала і іх таварыш па пяры Валянцін Таўлай.
Аляксей КРУПОВІЧ.