Якуб Колас – народны паэт Беларусі, класік нацыянальнай літаратуры, пясняр – гэтыя словы даўно і заслужана сталі неаддзельнымі ад яго асобы. Імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа сімвалізуе цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны. 3 лістапада 2022 года споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння вялікага паэта і празаіка, драматурга і перакладчыка, крытыка і публіцыста, настаўніка літаратурнай моладзі, буйнога вучонага, выдатнага лінгвіста і фалькларыста.
Краіна ганарыцца спадчынай, якая засталася нам ад вядомага ва ўсім свеце песняра беларускай літаратуры. Кожны год да дня нараджэння Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча ладзяць святы, мерапрыемствы і літаратурныя вечарыны, каб ушанаваць памяць таленавітага пісьменніка. Гэты год не стаў выключэннем. З нагоды 140-гадовага юбілею з дня нараджэння Якуба Коласа ў бібліятэках Лідскага краю былі арганізаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў.
У канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшлі літаратурна-музычныя зазімкі “Радкі, пазнаныя з маленства…”. Мерапрыемства было напоўнена чытаннем твораў народнага паэта Беларусі. Па-за ўвагай не засталася творчая і жыццёвая біяграфія пісьменніка. Разам з вядоўцамі госці прайшліся па нялёгкіх шляхах паэта, пазнаёміліся з маляўнічымі куткамі, дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, вучыліся разам з ім слухаць, “што гаворыць жытні колас і аб чым шуміць ячмень”.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 2” адбыўся літаратурны рынг “З родным словам ды з паэтычнай душой”. Удзельнікам мерапрыемства давялося ўспомніць і біяграфію паэта, і яго неўміручыя творы, дзякуючы якім беларусаў ведаюць ва ўсім свеце. Для таго, каб удзельнікі засвоілі своеасаблівы летапіс жыцця народа, падрабязна пазнаёмілі з творамі аўтара, якія ёсць у бібліятэцы, а таксама з помнікамі ў Беларусі, якія прысвечаны Якубу Коласу.
У філіяле “Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча” ладзіліся літаратурныя сустрэчы “Мой родны край, мой вырай і прытулак”. Дзеці не толькі прымалі ўдзел у выразным чытанні вершаў паэта “Савось-распуснік”, “Дзед і мядзведзь”, “Юрка і кот”, але і паўдзельнічалі ў тэатралізацыі народных казак “Зайкава хатка” і “Два зайцы” (у рэдакцыі Якуба Коласа).
“Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы – бедны чалавек”. Гэтыя словы Якуба Коласа сталі эпіграфам літаратурнай замалёўкі “Паэт зямлі беларускай Якуб Колас”, якая адбылася ў філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка”. Дзяцяй пазнаёмілі з біяграфіяй пісьменніка, расказалі аб тым, як з’явіўся псеўданім Якуб Колас. Паслухаўшы верш “Мой родны кут, як ты мне мілы”, госці адправіліся ў віртуальнае падарожжа “Па родных мясцiнах Якуба Коласа”, пабывалі на відэаэкскурсіі ў музеі Якуба Коласа. Дзеці слухалі вершы з кнігі “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” і даведаліся, што гэта кніга стала першай коласаўскай кнігай для дзяцей.
Прайсці па шляху і завітаць у госці да Якуба Коласа запрашалі і супрацоўнікі філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 4”, у якім адбылася вандроўка па творах “Творчая спадчына Якуба Коласа”. Дзеці пазнаёміліся з жыццём і творчасцю выдатнага беларускага класіка, праглядзелі прэзентацыю, выразна чыталі ўрыўкі з паэмы “Новая зямля”. Увазе прысутных была прадстаўлена кніжная выстава “І сёння з намі Колас”.
Шэдэўры літаратурнага свету “Давайце чытаць Якуба Коласа” – такое мерапрыемства прайшло ў сценах філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 5”. Літаратурная спадчына Коласа велізарна: дзеці знаёміліся з творчасцю паэта, чыталі вершы і ўрыўкі з апавяданняў і казак, якія пісьменнік пісаў на працягу ўсяго жыцця.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В.Таўлая” была праведзена літаратурная старонка “Спяшайцеся з паэтам стрэцца…”. Прыхільнікі творчасці народнага паэта Беларусі чыталі вершы і ўрыўкі з яго знакамітых твораў.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 3” ладзілася літараратурная гадзіна “Дум уладар – мудры, зямны, незабыўны”. На мерапрыемстве гучалі ўрыўкі з твораў аўтара, арганізоўваліся конкурсы “Казачны ланцужок” і “Мілагучны верш”, выконваліся разнастайныя заданні і гульні, дзе дзеці паказалі сваю зацікаўленнасць да творчасці пісьменніка.
У філіялах “Бярозаўская гарадская бібліятэка”, “Інтэграваная бібліятэка агр. Гуды” і “Дзітвянская сельская бібліятэка” адбыліся літаратурныя чытанні і паэтычныя гадзіны з нагоды юбілея народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Для ўдзельнікаў клуба “Сябрына”, якое дзейнічае пры філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 1”, ладзілася пасяджэнне пад назвай “І засталося слова ў сэрцы”. Падчас правядзення мерапрыемства прысутныя змаглі здзейсніць віртуальнае падарожжа па Коласавых мясцінах, наведаць Акіньчыцы і Ласток, Альбуць і Смольню, таксама дакрануцца да творчай спадчыны. Прыемным для прысутных было пачуць вершы пра Радзіму, беларускую мову, а таксама ўрывак з паэмы “Новая зямля” у выкананні Таццяны Макарэвіч.
Чытачы і наведвальнікі бібліятэк Лідчыны актыўна ўдзельнічалі ў “Коласаўскім тыдні на Гродзеншчыне”, яны прынялі ўдзел у абласным чэленджы “Класічна… па-трыятычна”, прымеркаваным да юбілею Якуба Коласа. Пазнаёміцца з цікавымі тэматычнымі фотаздымкамі можа кожны, яны прадстаўлены на старонках ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” ў сацыяльных сетках і месенджарах.
Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы актыўна даносілі слова Коласа і па-за межамі сцен бібліятэкі – у віртуальнай прасторы. Гледачам прапанавана ўспомніць “Крылатыя словы, выказванні, афарызмы Якуба Коласа” на бібліятэчным YouTube-канале, бо ўсё сваё жыццё пісьменнік-патрыёт змагаўся за высокі ранг роднай мовы ў Беларусі.
Бібліятэкары ўпэўнены, што ўсе праведзеныя мерапрыемствы дазволілі кожнаму адчуць глыбіню і багацце літаратурнай спадчыны народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кацярына Сандакова.