20 кастрычніка 2022 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыліся XIV Міжнародныя Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і 100-годдзю зборніка “Спадчына”.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі выступіла дырэктар ўстановы Ганна Васільеўна Галінская. Вельмі цікавы даклад з назвай “Ідэя нацыянальнага згуртавання ў творчасці Янкі Купалы пачатку ХХ стагоддзя” быў прачытаны прафесарам Максімовічам Валерыем Аляксандравічам. Пасля зрабіў прамову прафесар кафедры, этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі.
Далей адбылася захапляльная анлайн-канферэнцыя з удзелам дырэктара навуковай бібліятэкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Грынько Мікалая Уладзіміравіча.
Пасля слова далі маладому навукоўцу Юрыю Сігізмундавічу Барадзіну. Мне спадабаўся яго крэатыўны даклад “Пантэоны беларускіх багоў ў творчасці Янкі Купалы”.
У канферэнцыі прынялі ўдзел: Павел Каралёў, Мікалай Трус, Генадзь Кажамякін, Алена Ермалінская, Алена Міхайлава, Сяргей Шапран, Міхась Бараноўскі, Дзіяна Кавалевіч, і Лідзія Шкор.
Таксама адбылася прэзентацыя кнігі “Янка Купала” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” якая пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Складальнік доктар філалагічных навук, беларускі літаратуразнаўца і крытык, перакладчык і перакладазнаўца Наталля Васільеўна Якавенка.
Матэрыялы гэтай знакавай і вельмі цікавай канферэнцыі ў бліжэйшы час павінны выйсці асобным зборнікам.
Аляксей Шалахоўскі,
гісторык культуры.

