Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дажынкі ў маёнтку Ішчална Шчучынскага павета ў 30-я гады ХХ стагоддзя

Дажынкі ў маёнтку Ішчална Шчучынскага павета ў 30-я гады ХХ стагоддзя

11 кастрычніка 2022, 16:17 Культура, Навука 45
Дажынкі ў маёнтку Ішчална Шчучынскага павета ў 30-я гады ХХ стагоддзя

Галоўнай падзеяй лета былі Дажынкі. Гэта не сямейная ўрачыстасць, а свята маёнтка, якое сімвалізуе сціслую повязь лёсу ўладальніка маёнтка і сялян. Дажынкі адбываліся пасля заканчэння жніва жыта. Звычайна перад дажджамі на св. Яна (22 – 24 чэрвеня) належала цалкам закончыць першы пакос канюшыны. Пасля таго як канюшыну звозілі з поля, пачынаўся перыяд святаянскіх дажджоў. Пасля гэтага прыступалі да сенакосу, які, калі не замінала надвор’е, закончваўся ў першай палове ліпеня. Пасля гэтага наступаў перыяд жніва жыта. Заўсёды пільнавалі надвор’е 10 ліпеня – сем спячых братоў. Калі ў гэты дзень падаў дождж, дык прагноз быў фатальны – дажджы будуць ліць да канца жніўня – сем тыдняў. Трэба было мець вялікі спрыт, каб у перапынках паміж дажджом высушыць сена і звазіць яго ў стадолы. У такія гады Дажынкі праходзілі панура.

Але спрабую апісаць нармальныя, радасныя Дажынкі, калі 10 ліпеня панавала добрае надвор’е.

 

Дажынкі заўсёды адбываліся ў суботу. Жніво заканчвалі на некалькі дзён раней і на бліжэйшую суботу пакідалі які-небудзь кавалачак нязжатай зямлі, куды і выязджала жняярка* са жнеярамі. Пасля таго, як апошні кавалак быў зжаты, работнікі забіралі адзін з снапоў і плялі прыгожы вянок з адмыслова выбраных прыгожых і моцных каласоў. У вянок упляталіся васількі, рамонкі і мак, пасля чаго мацавалі яго на верхавіну грабель жняяркі. У поўдзень работнікі ўрачыста праходзілі праз двор, дзе ўжо іх чакаў бацька з усёй сям’ёй. Згодна з традыцыйнай беларускай песняй:

“Пажалі жыта, пажалі ярку,

Пойдзем да пана аж да фальварку.

Ураджай жыта з усіх бакоў.

Не шкадуй пан сыра белага,

Дасць табе Пан Бог унука малага.

Ураджай жыта з усіх бакоў”,

уручалі вянок і апошні сноп дзедзічу, пасля чаго сыходзілі. Праз некалькі гадзін, у падвячорак, усе сходзі-ліся на ўрачыстасць, якая павінна была адбыцца адпа-ведна з падрыхтаванай праграмай.

Праходзіла ўсё гэтак:

Перад ганкам жылога дома, які служба звала “палацам”, на сярэдзіне газона ставіўся доўгі стол і да яго прыносіліся лавы для бяседнікаў. Пад кіраўніцтвам дзедзічкі ўся абслуга кухні рыхтавала прыём. Ставілі талеркі без накрывак. Уласную накрыўку кожны прыносіў сам. Ставіліся кілішкі і шклянкі. На першую страву ішла рыба – селядцы і смажаныя плоткі, акуні, ляшчы, часам ліні – усё, што злапалі. Кухар выдаваў бутэлькі гарэлкі, пільнуючы, каб пілі ў меру. Удзельнікі самі сабе напаўнялі кілішкі, і першы тост піўся разам з дзедзічам, а часам і яго сынамі, далей ужо ўсё ішло само па сабе. Пасля рыбы выносілі кацёл з гарачым супам, гэта мог быць тлусты жур (суп на мучной заквасцы), бацвінка ці капуснік і да яго чатыры нарэзаныя хлябы. Пасля супу падавалі гарачае: вялікія кавалкі мяса (часцей ялавічына) з гарачай кашай. Перад кожным удзельнікам ставілася бутэлька піва, а на стол шмат пляшак хлебнага квасу. Пад сталом круціліся сабакі і хапалі кінутыя ім косткі, а каля бацькоў – дзеці, якім жанчыны давалі самае смачнае. На дэсерт падавалі салодкія булачкі з крушонам ці кашы з яблык і груш, якія можна было есці ці забіраць з сабой. Мэтай дажынкавых пасядзелак было накарміць удзельнікаў дасыта, па-горла. Пасля гэтага адбывалася гучная вечарынка з танцамі, і на яе дадаткова выносілі квас і садавіну.

Я любіў дажынкі, якія быццам вярталі нас ў старыя часы. Дажынкі цэментавалі адносіны дзедзіча са сваімі работнікамі і нагадвалі ўладальнікам маёнткаў, што яны выйшлі з таго самага народа, з гэтай самай зямлі … нашы продкі жылі тут яшчэ за паганскімі часамі.

Паводле: Караль Лясковіч “Красовы двор і яго суседзі”. (Пераклад Л. Лаўрэша.)

*Жняярка. Ілюстрацыйнае фота. На беларускае слова “жняярка” не рэгуе ні беларуская, ні расейская Вікіпедыя. Каб знайсці фота для ілюстрацыі, давялося ўводзіць рускую назву. А ў нас жа гэтыя жняяркі працавалі яшчэ ў 60-я гады 20-га стагоддзя. Працавалі касілкі і грабілкі. Жняяркі сышлі першымі, за імі – касілкі. Грабілкі пратрымаліся найдаўжэй – да пачатку 70-х.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»
Мова

«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

12 лістапада 2019, 14:2515
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2114
Далучайцеся да нас