* * *
А дома – зямля чакае,
Мой сад і дняпроўскія поймы,
А дома нябёсы палаюць,
І зор панасыпана плойма.
А тут штодня паміраеш…
За што і чаму – невядома.
Што брацьмець між пеклам і раем?
Дарогу – дадому.
Schloss Brоllin, 28 сакавіка 2022 г.
* * *
Зорачка халодная і кволая –
хмарамі забытая ўначы –
свеціць над застылымі анёламі,
сіл не мае ім дапамагчы…
Блякне свет і патыхае холадам,
лютым холадам каменная сцяна.
Быў і я ў жыцці нядаўна волатам,
ды жыццё дапітае да дна…
Шчэцін, сакаквік 2022 г.
ФРАГМЕНТЫ
Фрагменты – аскепкі шкла, што засталіся ў целе,
дотыкі, пробліскі, шал і цьмяныя твары…
Яшчэ – гэта тое, што недасяжнасцю цвеліць,
гострыя шкельцы тугі ў месяцовым муары.
Фрагменты – эмоцый вар’ятня і невядомае заўтра,
стрэмка збянтэжанасці, водары жарсці наўкола.
Шэсцерні перамкнула і вось пачуцці – пад вартай…
праносіцца міма душы чыёсці зламанае кола.
Вусцішна бачыць, як вуглі цьмеюць і тое
што выдзіралі з мяне пад хітрушчаю поўняй…
Як мне глядзець вам у вочы душою пустою?
Толькі фрагменты…
усё, што я маю, усё што я помню.
Schloss Brоllin, 22 сакавіка 2022 г.
НЕАСТРОЖНАЕ
Прысвячаю А.Б.
Боязна нават падумаць, што недзе яшчэ ёсць жыццё…
Там ні страху няма, ні трывогі няма, ані здрады,
А ў мяне – скамянелыя вочы, ды мулкага болю асцё
Коле спацелае цела, і мне аніяк не даць яму рады.
Я шкадую? Ды не… адгарэлі знічы, адпалала даўно
На шматкі разарванага суччамі сэрца свячэнне…
Колькі мне ў гэты час не прыснілася літасных сноў?
Колькі я ў гэты час не сустрэў сярод дрэў нават ценяў?
І яшчэ… камяні – уяўляеш – не плачуць цяпер камяні…
І яшчэ… адчуваю,
як важкім і чорным становіцца неба…
Як ты чуеш мяне, мой таварыш далёкі, хутчэй прыгарні
Да халоднай душы, вось і ўсё. Больш нічога ня трэба.
Варшава, красавік 2022 г.
* * *
Стаіўся страх у квецені вясновай,
жывеш надзеяй – горшае прайшло.
Ды толькі спатыкаешся аб словы:
спакой, лагода, шчырасць і цяпло.
Ачышчаная майскімі дажджамі
чаруе Вільня, горне да грудзей,
Але няма сугучнасці між намі –
Мне Україна ў безліч раз мілей…
А мне Чарнігаў мроіцца бясконца,
Дзясна-красуня і манастыры…
Я спадзяюся зноў пабачыць сонца,
Што цешыцца на Болдзінай гары.
Вільня, 19 траўня 2022 г.
ВІЛЬНЯ ПЕРШАЯ
Блякне ўсё навокал, выцвітае…
Аж да бела-чорнага радна…
Млосна мне ў чужым нялюбым краі,
Дзе за мной як цень – мая віна.
Чуеш, Уля, бачыш, як пагана
Жыць чужынцам, здрадзіўшы ўсяму,
Блякне ўсё, і не гаяцца раны…
Можа пагадзіцца на турму?
Трэба ж вось, у час такі сустрэцца
Нам з табой у Вільні незнарок…
Як ужо зусім збялела сэрца,
І зрабіўся бела-чорным зрок.
Вільня, 25 ліпеня 2022.
ДАРОГА ПАД СОНЦАМ
сонца ўбачыць яшчэ раз, свяціцца світанкам
анямець і не мець анічога зямнога
проста выйсці аднойчы, спыніцца на ганку
перад вечна салодкай спакусай – дарогай
куды прывядзе шлях той – ужо неістотна
у Гомель слічнюткі, ці да Беластоку
абы не канчалася кропкай самотнай
дарога пад сонцам, шлях да вытокаў.
Вільня, 9 жніўня 2022.
* * *
Хацеў распавесці табе пра рабіны,
Якія няўзнак чырванець пачалі, –
Гаркавыя ягады смаку чужыны,
Крывінкі твае і мае на зямлі.
Заўважыш ці не, як згінаецца вецце,
Як ягады сок набіраюць штодня…
І вось ужо вогнішча чырвані б’ецца
І ты ў эпіцэнтры рабіна-агня.
Паслухай, хіба што зімою магчыма
На смак арабінавы водар спазнаць.
Няхай жа палаюць-гараць арабіны,
Каб верыць, каб жыць, каб кахаць!
Вільня, 15 жніўня 2022.
ВІЛЬНЯ ДРУГАЯ
Пані Уршулі
Вечар, вуркоча сытая Вільня,
Кэнаны грэюць на пузах турысты.
Sveiki, лёсаў людскіх плавільня!
Горад для чыстых і не для чыстых.
Што мне патрэбна… напэўна нічога,
Ну, заблукаў тут у пошуку раю…
Збіраю цяпер вось ключы і дарогі,
Дварамі і вулкамі нешта шукаю.
Водар нязнаны ноздры казыча,
Сэрца пульсуе, ці дзынкаюць кулі?
Тут недзе бачылі сонца аблічча?
Тут недзе бегала пані Уршуля?
Вечар… і зніклі хворыя мроі…
Жыві сабе Вільня, сыта і вольна.
Iki, прабач, але я яшчэ воін,
Якога чакаюць уласныя войны.
Вільня, 19 жніўня 2022.
СЛІВЫ
Недзе, у краі нялюбым, і месцы страшна чужым,
Дзе ўчынкі, пачуцці і словы – лазовы гаркавы дым,
Хварэў і канаў пакутліва, угрузнуўшы ў болю друз,
Не прывід, не цень крывая –
просты, як смерць, беларус…
Па-вычварэнску скуголіў, аб літасці неба прасіў,
А з неба долу звалілася некалькі спелых сліў…
Адно – мінакі дзівіліся, не зводзячы доўга вачэй
З няўлоўнай нязграбнай постаці і крочылі прэч хутчэй.
Што ў гэтых сцішаных вулках і на брукаванках старых
Знайшоў ці яшчэ шукае сівы невылечны псіх…
А ён, ну хіба ж адкажа, што дом свой даўно згубіў,
Што мае адну спатолю – жменьку саспелых сліў…
Вільня, 30 жніўня, 2022.
VIVO ET SPERO*
Азірнуся часам – спрэс адны паразы,
Ды і сам цяпер я – невылечны псіх.
Не стае аскепкаў старадаўнай вазы,
Аніяк пачуццяў не вярнуць былых.
Брамку адчыняю ў свае сны-адхланні…
Можа там, няўлоўна, затрымціць душа
Ад вяртання шчырасці і замілавання.
Дробязь застаецца: як заснуць спярша?
Кажуць, бессэнсоўна ў зжытае вяртацца,
“Толькі тут і зараз”, іншага няма.
Можа досыць, памяць, гэтых правакацый –
“Vivo et spero”, мусіць, нездарма.
Жнівень, 2021 г.
*Vivo et spero (лац.) – жыву і спадзяюся.