У рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “ЛідаМедыяКампанія” адбылася прэзентацыя кнігі вершаў адной з самых актыўных удзельніц літаб’яднання Ірыны Маркевіч. Гэтай падзеі літаратурная грамадскасць Лідчыны чакала некалькі гадоў – і вось кніга “Даверлівы дыялог” убачыла свет і была прэзентавана ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.
Спачатку некалькі слоў аб аўтары кнігі. Ірына Уладзіміраўна Маркевіч у свой час скончыла Гарадзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці “агранамія”, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “выкладчык біялогіі і хіміі”. Працавала ў калгасах Лідчыны, была старшынёй Дакудаўскага сельскага Савета, выкладала біялогію і хімію ў Дакудаўскай сярэдняй школе.
Вершы пачала пісаць з 1999 года, будучы настаўніцай. Сваім хросным бацькам у паэзіі лічыць Уладзіміра Гаўрылавіча Васько, які ў той час узначальваў літаб’яднанне “Суквецце” і падтрымаў пачынаючую паэтэсу. Першым надрукаваным у “Лідскай газеце” вершам Ірыны Маркевіч стаў верш “В Докудово”. Друкавалася яна і ў літаратурна-мастацкім зборніку “Ад лідскіх муроў”, выступала з вершамі на Лідскім радыё, на розных мерапрыемствах у Палацы культуры горада Ліды.
Падрыхтаваць да выдання кнігу вершаў Ірыне Маркевіч параіла сяброўка, таксама паэтэса Ірына Бараздзіна (на жаль, яе ўжо няма ў жывых). Шмат слушных парад па падрыхтоўцы кнігі далі Ірыне Уладзіміраўне старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч і сяброўка і зямлячка Ганна Гайдукевіч. Карпатлівая праца над будучай кнігай доўжылася пяць гадоў.
Кніга называецца “Даверлівы дыялог”. І сапраўды, гэта даверлівы, шчыры дыялог аўтара з чытачом на самыя розныя тэмы, якія хвалююць, натхняюць на напісанне вершаў. Паэтычны зборнік складаецца з пяці раздзелаў: “Радзіма малая нас ацаляе”, “Дакудаўскія краявіды”, “Настальгія кахання” (самы вялікі раздзел), “Гоман школьнага жыцця”, “Па жыццёвых каляінах”.
Як адзначыў аўтар прадмовы да кнігі Уладзімір Васько, дыяпазон творчасці паэтэсы вельмі шырокі, але дамінуючай тэмай з’яўляецца тэма кахання. Ёсць у зборніку вершы, прысвечаныя паэзіі і паэтам (у тым ліку пачынаючым), порам года, у кожнай з якіх паэтэса заўважае сваю прыгажосць, вершы грамадзянскага, сацыяльнага, філасофскага гучання.
Паэтэса нарадзілася і вырасла на дакудаўскай зямлі, жыве ў вёсцы Дакудава, і ў многіх яе творах паказаны прыгажосць прыроды гэтага наднёманскага краю, побыт вясковых людзей. “Дакудаўская прырода сілкавала і сілкуе Ірыну Уладзіміраўну як паэтэсу, – адзначыў падчас прэзентацыі яе кнігі Уладзімір Васько. – Жыць у Дакудаве і не быць у душы паэтам наогул немагчыма. Я ведаю гэтыя мясціны, не раз быў там, рыбачыў на Нёмане – яны сапраўды натхняюць, настройваюць на лірычны лад”.
Ёсць у кнізе і вершы для дзяцей, казкі, асобны раздзел прысвечаны школьнаму жыццю. Аўтар кнігі больш за дваццаць гадоў адпрацавала ў школе, і школьная тэма ёй вельмі блізкая.
Лідскія паэты, якія прысутнічалі на прэзентацыі, адзначылі, што кніга лёгка чытаецца, у яе аўтара выпрацаваны свой паэтычны почырк, гэтыя вершы ніколі не зблытаеш з вершамі іншых аўтараў. “Ірына Уладзіміраўна актыўная, заўзятая, энергічная і ў творчасці, і ў жыцці”, – дадаў Міхась Мельнік.
Паэтэсе жадалі заставацца такой жа энергічнай, не расставацца з музай і выдаць яшчэ не адну кнігу (дарэчы, над другой кнігай вершаў яна ўжо працуе і нават прыдумала яе чарнавую назву).
Аляксей КРУПОВІЧ.
Здымкі Лідскай ЦРБ імя Янкі Купалы.
Ірына МАРКЕВІЧ
Дакудаўскія краявіды
Нікнуць росы пад промнямі сонца,
Подых ветрыку гойдае хвалі,
Водар кветак хвалюе бясконца
І адносіць у мілыя далі.
Пробліск Нёмна між сосен мільгае,
Звонкі спеў салаўёў Пажарова,
Дзе чаромха пялёсткі губляе
І званцы зацвітаюць нанова.
Птушкі кружаць над Нёманам з крыкам,
Дзеці шумна пясок абжываюць,
А дарослым тут добра і звыкла,
Бо дзяцінства сваё ўспамінаюць.
Пах кастроў вечаровых, Казечна,
Звон гітары, тады – семіструннай,
Будзіць памяць маю, і адвечна
Мне становіцца скрушна і сумна.
Вунь красуня ідзе беражочкам,
Ціха-сціпла табе ўсміхнецца,
Сэрца стукне ў грудзях малаточкам –
Напамін пра каханне прачнецца.
Юшка з рыбы, з мясцовае рэчкі,
Пахнуць будзе табе аж да скону.
У Дакудава ехаць, бясспрэчна,
Буду я кожны раз, як дадому.
Каханне
Каханне. Каханне? Каханне!
Якое цяжкое прызнанне.
Яго ў сябе доўга нашу,
Цярпення ў Бога прашу.
Мне вербы шапочуць – кахаю,
Рамонкі варожаць – кахаю,
Лілеі ківаюць галоўкай,
Сказаць пра пачуцці няёмка.
А ты – мой адзіны на свеце,
І толькі цябе я шукаю
На нашай вялікай планеце…
Кахаю. Кахаю. Кахаю.
Зямля мая, неба, глядзіце:
Сцяжынкаю роснаю ў жыце
Бягу да цябе і гукаю:
– Кахаю, кахаю, кахаю!..
Дзе ты? Мне хутчэй адгукніся,
На сцежцы маёй пакажыся.
Чакаю я, доўга чакаю…
Кахаю! Кахаю! Кахаю!
Пачынаючаму паэту
Чым вас Бог надзяліў, не хавайце.
Музу сёння і заўтра шукайце.
Верш у вас няхай пішацца, пішацца
І, як поле са збожжам, калышацца.
Свайго твора не трэба саромецца.
Вы складайце, а што атрымаецца,
Можна выправіць сёння ці заўтра.
Муза прыйдзе – лаві яе ўпарта.
Верш ацэняць, хтось песню напіша.
Ён у словах снуе, ляціць на ўзвышша,
Радасна ў неба вось-вось шугане,
Сонца, птушак і зор не міне…
Толькі сціпласць вам дапаможа
Твор схіліць у паэтычнае ложа.