3-4 верасня ў Добрушы на Гомельшчыне праходзіла традыцыйнае свята беларускага пісьменства. На працягу двух дзён у выступленнях, прамовах і спевах гучала сакавітая і мілагучная беларуская мова.
У рамках свята ўдзельнікі і госці азнаёміліся з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэліся з літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухалі выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў.
3 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка народнаму пісьменніку Беларусі, Івану Пятровічу Шамякіну, герою сацыялістычнай працы, старшыні Вярхоўнага савета БССР, члену-карэспандэнту АН БССР, ураджэнцу в. Карма Гомельскай вобласці. Госці свята наведалі рэканструяваны працоўны кабінет пісьменніка ў Добрушскім краязнаўчым музеі.
У праграме свята былі тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі і інтэрактыўныя пляцоўкі ў павільёнах: “Бацькаўшчына” – сумесны праект Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” У. Ліхадзедава, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці (папярова-белавая прадукцыя Добрушскай фабрыкі, вырабленая ў розныя часы; фотавыстава, кнігі, каляндар, выдадзеныя ў рамках праекта “Бацькаўшчына”.
На працягу двух дзён працавалі літаратурныя падворкі “Гомельшчына літаратурная”: з прэзентацыямі лепшых праектаў бібліятэк. Госці свята змаглі пазнаёміцца з выставачным праектам “Песняры зямлі беларускай” Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прысвечаным 140-годдзю з дня нараджэння беларускіх класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Падчас свята праходзіў Фестываль кнігі і прэсы.
Наведвальнікі Добруша пазнаёміліся з праектам, прысвечаным 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Дыяменты стагоддзя”, наведалі літаратурны салон княгіні Ірыны Паскевіч, дзе былі прадстаўлены салонныя гульні, віктарыны, конкурсы з гледачамі, тэатралізаванае дзеянне, выставачны праект “Паскевічы і сведкі эпохі”), наведалі літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны: І. Шамякіна, І. Мележа, І. Навуменкі, А. Макаёнка (экскурсію па банернай выставе, інтэрактыўную гульню па літаратурнай карце Гомельшчыны, тэматычныя конкурсы і віктарыны, кніжная выстава, фотазону “Кабінет пісьменніка”); выставачны праект “З любоўю да Гомельшчыны”; выставачны праект “Летапісец эпохі”, прысвечаны творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна; · дзіцячую пляцоўку “У краіне беларускіх казак”.
3 верасня ў краязнаўчым музеі Добруша адбылася прэзентацыя кнігі, якая папулярызуе творчасць мясцовага мастака Акіма Міхайлавіча Шаўчэнкі, ураджэнца в. Карма на Гомельшчыне, які зрабіў свой унёсак у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва. У музеі працуе таксама выстава новых твораў Уладзіміра Пракапцова “Мая Беларусь”.
3 верасня на галоўнай сцэне ў Добрушы адбыўся ўрачысты лірычны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. Гасцей свята прывіталі міністр інфармацыі Ула-дзімір Пярцоў і Мітрапраліт Менскі і Заслаўскі Веніямін.
Галоўны змест урачыстасцяў – не ў афіцыйных цырымоніях, а ў тым, як мясцовыя людзі шануюць сваіх знакамітых землякоў, папулярызуюць іх творчасць, імкнуцца распавесці пра іх ўсяму свету!
Асабліва шчыравалі сёлета прадстаўнікі бібліятэчнай, культурнай сферы розных раёнаў Гомельшчыны. Кожны раён і кожная бібліятэка прадстаўлялі творчасць класікаў беларускай літаратуры, якія нарадзіліся ці жылі і працавалі ў гэтым рэгіёне.
Кожны раён праводзіў свае інтэрактыўныя віктарыны на веданне гісторыі і літаратуры. Зацікавілі аўдыторыю прадстаўнікі Рагачоўскага раёна. Каля іх стэнда можна было сустрэць герояў аповесці У. Караткевіча Бону Сфорцу і Гервасія Выліваху. Працаўніца бібліятэкі падзялілася буклетам, які нагадвае пра тое, што У. Караткевіч пачаў пісаць раман “Каласы пад сярпом тваім” 7 жніўня 1959 года на Рагачоўшчыне. У ліпені-жніўні 1964 года ў Рагачове была напісана легенда ” Ладдзя роспачы” пра сярэднявечнага героя Рагачова Гервасія Выліваху. Многія вершы і кнігі У. Караткевіча былі напісаныя ў Рагачове. Прапрадзед У. Караткевіча па мацярынскай лініі Фама Грыневіч валодаў маёнткам у Ніжняй Тошчыцы.
Вельмі шануюць жыхары Рэчыцкага раёна Рыцара дзяцінства, нястомнага рэдактара “Вясёлкі”, аўтара пазнавальных кніг для дзяцей Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага. Яго творчасці быў прысвечаны спецыяльны стэнд, на якім госці і вучні школ маглі хутка знайсці в. Шоўкавічы, дзе нарадзіўся пісьменнік. І ён сам быў сярод гасцей свята разам са сваімі паплечнікамі.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.