Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Дыханне трыснягоў” Юркі Голуба

“Дыханне трыснягоў” Юркі Голуба

7 верасня 2022, 08:28 Выданні 60
“Дыханне трыснягоў” Юркі Голуба

У Менску свет пабачыў том (560 старонак) твораў найвялікшага паэта Гарадзеншчыны, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова  Юркі Голуба (1947-2020) пад назвай “Дыханне трыснягоў”. Том твораў падрыхтаваў і напісаў прадмову да яго пісьменнік Міхась Скобла. Выхад выбранай спадчыны Юркі Голуба прымеркаваны да 75-годдзя, якое паэт адзначыў бы сёлета 20 кастрычніка. На вялікі жаль, яго раптоўна не стала 12 кастрычніка 2020 года.

Кніга Юркі Голуба складаецца з выбраных вершаў з усіх ягоных прыжыцццёвых кніг “Гром на зялёнае голле”, “Дрэва навальніцы”, “Векапомнае поле”, “Помню пра цябе”, “Сын небасхілу”, “Поруч з дажджом”, “Зажураны камень”, “Брама зімы”, “Багра”, “Краявід”, а таксама з дзіцячых зборнічкаў “У бары грыбы бяры” і “Птушыны радавод”, з нявыдадзенага зборніка “Аберуч”, пераклады паэта, эсэ, артыкулы, абразкі.

У кнігу складальнік таксама ўключыў студэнцкі дзённік паэта “Агеньчык позірку твайго…”, ліставанне з Рыгорам Семашкевічам і Ларысай Геніюш, артыкул-успамін Алеся Жука “Там, у нашай прасторы”. Том твораў пісьменніка добра ілюстраваны фотаздымкамі розных гадоў. Шмат апублікавана фотаздымкаў даволі рэдкіх.

Міхась Скобла ў прадмове да кнігі адзначыў: “Вершы Юркі Голуба ашчадныя на эмоцыі. Паэт не шкадаваў вобразаў, сыпаў іх не шчопцямі, не жменямі – цэлымі прыгаршчамі, а воклічы захаплення ці абурэння скупа адмерваў па кроплі, нібы мікстуру ў аптэцы. Я двойчы пералічыў: у зборніках “Векапомнае поле” (1976) і “Помню пра цябе” (1983) роўна па сем клічнікаў. Паэт і гаварыў нягучна, і пісаў нібы напаўголасу. Але і напаўголас ягоны (хай сабе нават і шэпт) – непадробны, яму ўласцівыя і свой тэмбр, і сваё дыханне.

Нас возера прысніла.

Нас возера вязло.

I літасці прасіла

Кляновае вясло.

Спакойная вада.

На беразе вуголле.

А нехта спіць, відаць,

У вопратцы на голлі.

Які трывожны міг –

I войны…

І радзіны…

І як блізняты – мы

Пад сэрцам у Радзімы.

 

Ці не гэтым адчуваннем сябе пад сэрцам у Радзімы тады яшчэ малады паэт прыйшоўся да душы Ларысе Геніюш. Яна заапекавалася таленавітым земляком, пісала яму сардэчныя лісты, а аднойчы прыслала з Зэльвы ў Менск цёплыя рукавіцы – каб грэўся”…

А Юрка Голуб грэўся лістамі і словамі Ларысы Геніюш. А яна яму пісала не толькі лісты, але прысвячала і паэтычныя радкі:

Дзякую, хлопча, за кніжку!

Гэй ты, з беларускім тварам,

Выжыў з іх хто ці не выжыў,

У нас ёсць свае Чэ Гевары!..

 

Ларыса Геніюш дзякавала Юрку Голубу за яго першы зборнік вершаў “Гром на зялёнае голле”, які паэт даслаў ёй у 1969 годзе.

 А яшчэ паэт ствараў вершы. Першыя зборнікі Юрка Голуб пісаў з юнацкім захапленнем  пра непаўторную прыгажосць роднага краю, вёў шчырую размову са сваімі сучаснікамі, якім, як самому паэту, выпала тады шчасце дбаць пра нашу будучыню. А ў зборніку “Векапомнае поле” (Мн., 1972) паэт пісаў больш пра нашу радзінную зямлю, якая нясе ў сабе балючую памяць пра барозны варожых танкавых гусеніц, і якая цяпер абходжаная людскімі рукамі, дае чалавеку сілу і хлеб:

…А пакуль што – кастрычнік.

Смуга.

Руні выпадзе белая доля:

Снезе,

Хутка табе замільгаць

Матыльком векапомнага поля.

 

У наступных сваіх зборніках паэзіі Юрка Голуб застаецца верным сваім вытокам – непаўторнай Бацькаўшчыне, глыбінным карэнням чалавечай душы, усяму, што створана людскім розумам і рукамі. Арыгінальныя па думцы і па выкананні, насычаныя нечаканымі метафарамі і параўнаннямі, вершы Юркі Голуба хвалююць да сённяшніх дзён, яны запамінаюцца, чытаюцца, вучаць, як трэба пісаць сапраўд-ныя паэтычныя творы. У тым жа зборніку “Сын небасхілу”, частка вершаў увайшла і ў кнігу “Дыханне трыснягоў”,  чытачы прачытаюць паэтычныя радкі пра канкрэтныя зямныя рэаліі, убачаць постаці сваіх папярэднікаў і сучаснікаў. Вось як пачынаецца верш “Вуліца Пестрака”:

Піліп Сямёнавіч тады

У жарт казаў з прыціскам,

Што рады з хлопцам маладым

І да дзяўчат прайсціся…

 

Пры сустрэчы з Юркам Голубам, я заўсёды прасіў яго распавесці мне пра пісьменніка Піліпа Пестрака (1903-1978).  І ён распавядаў розныя гісторыі пра Піліпа Сямёнавіча, якія чуў ад яго ці ад іншых літаратараў. Я слухаў іх з захапленнем.

Вершы ў кнізе “Дыханне трыснягоў” абгрунтавана пранізлівай думкай, насычаны адмысловай метафарай, выкананы выразным і дакладным радком майстра з адпаведным почыркам і светапоглядам. Рух чалавечай душы ў атачэнні самых розных зямных праяў і здарэнняў – гэта маральны і існы змест усёй кнігі Юркі Голуба, якую прафесійна, далікатна і па-зямляцку шчыра склаў Міхась Скобла. Таму тыя чытачы, ка-му трапіць у рукі гэты вялікі том Юркі  Голуба, атрымаюць пэўную асалоду і задавальненне ад прачытанага. А аўтару – гэта будзе помнік і памяць пра яго.

І хоць вялікі том твораў Юркі Голуба падрыхтаваны і выдадзены, як адзначае Міхась Скобла, не ў самы спрыяльны для паэзіі час у Беларусі, але час працуе на Беларусь, на нашу літаратуру, на творчасць тых таленавітых літаратараў, якім быў Юрка Голуб.  І гэты час не за гарамі.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3621
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3118
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0418
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Далучайцеся да нас