Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Лёсу майго кірунак – роднае слова…”

“Лёсу майго кірунак – роднае слова…”

6 верасня 2022, 20:06 Культура 86
“Лёсу майго кірунак – роднае слова…”

25 жніўня беларускаму паэту, драматургу, перакладчыку Петрусю Макалю споўнілася б 90 гадоў.

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Пятрусь Макаль (1932-1996) быў і застаўся ў маёй памяці таленавітым паэтам і драматургам. Пісаў вельмі цудоўныя і шчырыя вершы, імкнуўся раскрыць духоўную змястоўнасць і складанасць жыцця, багацце перажыванняў сучасніка. Гэта было асноўнае ў паэзіі Петруся Макаля. А яшчэ паэзіі паэта ўласцівы метафарычная вобразнасць, алегарычнасць жыцця, выкарастанне сродкаў іроніі і сатыры.     

Прыгадваючы паэта, успомнілася мне позняя восень 1980 года, калі я, студэнт-першакурснік Белдзяржуніверсітэта, неяк асмеліўся занесці падборку вершаў у рэдакцыю часопіса “Маладосць”. Дужа мне хацелася хоць адзін раз надрукавацца ў папулярным тады выданні. У аддзеле паэзіі і прозы, у маленькім пакойчыку, сядзелі Уладзімір Дамашэвіч і Пятрусь Макаль. Я ўпершыню ўбачыў пісьменнікаў, кнігі якіх чытаў раней. Яны сустрэлі мяне даволі шчыра і адразу запыталі, адкуль я родам.

– Са Слоніма, – адказаў я.

– А-а, наш заходнік! – усміхнуліся пісьменнікі.

Пятрусь Макаль узяў мае вершы, уважліва прачытаў, выбраў некалькі лепшых і адразу сказаў, у якім нумары “Маладосці” яны будуць апублікаваны.

Я развітаўся, але неяк не верылася, што вершы з’явяцца ў часопісе.

Прайшло некалькі месяцаў – і сапраўды, першая падборка маіх вершаў з’явілася ў “Маладосці”. З’явілася менавіта тады, калі сказаў Пятрусь Міхайлавіч. Ён не падмануў.

Пятрусь Макаль нарадзіўся 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне ў беларускай сялянскай сям’і. Бацькі Міхаіл і Людміла Макалі мелі кавалак зямлі. Але пасля 1939 года, калі прыйшлі саветы, бацька перайшоў працаваць фінагентам у Крушынянскі сельсавет, бо прыватную зямлю ў яго забралі. Праз пяць гадоў Міхаіл Макаль з сям’ёй пераязджае ў Саратаўскую вобласць. Але радавацца не было чаму. У 1946 годзе Міхаіла Макаля рэпрэсіруюць і высылаюць у Комі АССР, а жонка з сынам вяртаюцца ў Беларусь на Гарадзеншчыну. Пятрусь вучыцца ў школе, пасля заканчэння якой паступае ў Гарадзенскі будаўнічы тэхнікум. Але тэхнікум пераводзяць у Магілёў, і Пятрусь Макаль, правучыўшыся два гады, паступае ў Гарадзенскі педінстытут.

Калі Петрусю Макалю споўнілася дваццаць тры гады, выходзіць у Менску яго першы паэтычны зборнік “Першы след”. Крытыка адразу заўважыла ўдалы дэбют маладога паэта.

Другі і трэці зборнікі нашага земляка “Вятрам насустрач” (1958) і “Вечны агонь” (1960) выявілі зацікаўленасць філасофскім асэнсаваннем сучаснасці, гістарычна-рэвалюцыйнай і маральна-этычнай тэмай. І ўсё ж скачком у развіцці паэта, словам яго сталасці сталі кнігі вершаў “Круглы стол” (1964) і “Акно” (1967), “Заручыны” (1979) і іншыя выданні.

Пасля Гародні Пятрусь Макаль пераязджае ў Менск. Вучыцца ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. Спачатку працуе ў “ЛіМе”, затым пэўны час быў рэдактарам па эстрадным рэпертуары Міністэрства культуры Беларусі, памочнікам галоўнага рэжысёра па рэпертуары ў Тэатры юнага гледача, старшым рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” і рэдактарам аддзела паэзіі ў часопісе “Маладосць”.

Але дзе б ні працаваў Пятрусь Макаль, яго ніколі не пакідала паэзія. “Ён быў паэтам, які востра і балюча адчуваў жыццё, чуйна і імгненна выбухаў сэрцам на ўсе яго змены і ўзрушэнні”, – пісаў пра яго Казімір Камейша.

Творчасці Петруся Макаля ўласціва таксама вострае адчуванне часу, імкненне зазірнуць у складаны свет сучасніка, уславіць яго стваральную працу. Радкі паэта, сугучныя сваім настроям, поўныя любові да роднай прыроды, да Беларусі і, найперш, да роднай мовы:

Лёсу майго кірунак,

Долі маёй выснова,

Як паратунак, –

Матчына слова,

Бацькава слова,

Роднае вечнае слова!   

Пятрусь Макаль шмат пісаў пра дзяцей. У гэтых творах ён умела выкарыстоўваў беларускія фальклорныя традыцыі, узбагачаў іх, адкрываў дзецям таямніцы роднага слова, вучыў іх любіць прыроду, бацькоўскую зямлю. Юным чытачам паэт прысвяціў некалькі сваіх кніг. Сярод іх – “Хлопчык будзіць сонца” (1966), “Песня згоды” (1983), “Чарадзейная скарбонка” (1987), “Я гатую абед” (1989). Наш зямляк пісаў казкі, апавяданні і нават загадкі. Іх любілі дзеці, бо яны напісаны вельмі шчыра, а найперш лёгка чытаюцца:

Па пакоі ходзіць робат –

У яго гумовы хобат…

Суне ўсюды доўгі нос.

А завецца… пыласос.

 

Пятрусь Макаль вельмі любіў тэатр. Сумесна з Артурам Вольскім пісьменнік напісаў драматычныя творы “За лясамі дрымучымі” і “Марынка-крапіўніца”. Былі напісаны і ўласныя п’есы “Адчыніце, казляняткі!”, “Дай вады, калодзеж!”, а таксама лібрэта араторыі “Запрашэнне ў краіну маленства” (музыка Яўгена Глебава).

Пятрусь Макаль пражыў не так і многа – усяго 64 гады. Яго не стала ў канцы жніўня 1996 года. Нашчадкам ён пакінуў цудоўную паэзію, прозу, драматургію. Але найперш вершы:

Няма на зямлі адзіноты –

Пустэчы, падобнай да смерці.

Мы – ноты, мы – ноты, мы ноты

У чалавечым канцэрце…

          Сяргей ЧЫГРЫН.

Фота з архіва аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас