Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён напісаў каля 600 кніг. Да 210-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага

Ён напісаў каля 600 кніг. Да 210-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага

10 жніўня 2022, 19:57 Грамадства, Культура 6
Ён напісаў каля 600 кніг. Да 210-годдзя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага

28 ліпеня споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння беларускага польскамоўнага пісьменніка, фалькларыста, публіцыста, гісторыка і выдаўца Юзафа Крашэўскага (1812-1889). Юзаф Крашэўскі – аўтар найбольшай колькасці выдадзеных кніг у гісторыі сусветнай літаратуры: яго літаратурная спадчына складае каля 600 тамоў раманаў і аповесцей, паэтычных і драматычных твораў, а таксама прац па гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, падарожных замалёвак, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў. За гэтае дасягненне пісьменнік занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як “чэмпіён эпохі гусінага пяра”.

Юзаф Крашэўскі нарадзіўся ў Варшаве ў 1812 годзе, а паходзіў са шляхецкага роду з вёскі Доўгае, што каля Пружан, дзе правёў сваё дзяцінства. Атрымаўшы ў Свіслачы першапачатковую адукацыю, вучыўся ў Віленскім універсітэце. Гэты край быў яму родным, і ён лічыў сваім абавязкам пісаць пра яго, захапіўся гісторыяй, мастацтвам, а пазней этнаграфіяй і археалогіяй. Шмат падарожнічаў па беларускай і суседніх землях, што дазволіла яму не толькі весці назіранні, але і збіраць краязнаўчы матэрыял. Юзаф Крашэўскі заўсёды выступаў супраць самадзяржаўя, дэспатызму і грамадскага застою, за што не раз прыцягваўся да адказнасці. Ён быў рэдактарам часопіса “Атэнэум”, дзе друкавалася шмат беларускай і польскай інтэлігенцыі. Як “небяспечнага для публічнага парадку” Юзафа Крашэўскага царскія ўлады ў 1863 годзе пазбавілі права жыць у краі, і ён перасяліўся ў Дрэздан, дзе працягваў літаратурную, навуковую і выдавецкую справу.  “Пінск і яго ваколіцы” – найболыш ранні літаратурна-краязнаўчы нарыс Крашэўскага, які быў напісаны пад уражаннем “Старажытнай Польшчы” Балінскага. У папулярнай форме, на канкрэтным гістарычна-краязнаўчым матэрыяле, аўтар расказаў пра горад, спа-сылаючыся на “Повесть временных лет”, прывёў дату яго першага ўпамінання – 1097 год. Аўтар краязнаўчага нарыса цікавіўся і мясцовай тапанімікай, гідронімамі. Амаль у такой жа манеры напісана і яго кніга падарожжаў “Успаміны Палесся, Валыні і Літвы”, куды ўключаны і нарыс “Пінск і яго ваколіцы”. Наступнай працай з’яўлялася гісторыя Вільні. Аўтар пісаў не толькі пра горад, але і пра падзеі, якія звязвалі яго з наваколлем, са старой беларускай дзяржавай.  Юзаф Крашэўскі пакінуў невялікую гістарычна-краязнаўчую нататку і пра Берасце. Ён не толькі выкарыстоўваў, але і аналізаваў гістарычныя крыніцы. Так, ім былі заўважаны недакладнасці ў “Хроніцы” М. Стрыйкоўскага, паколькі, як выказаўся Юзаф Крашэўскі, многае там узята ад анекдотаў і легенд. Як археолага, Юзафа Крашэўскага цікавіла праблема паходжання славян, якія, на яго думку, пад уздзеяннем кельтаў і пад іх націскам прыйшлі з захаду.  Гістарычныя аповесці Юзафа Крашэўскага грунтуюцца на дакументальных асновах, у іх выкарыстаныя факты з жыцця. Ён добра ведаў гісторыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, быў знаёмы з летапісамі, хронікамі, паданнямі, у час сваіх падарожжаў наведваў мясціны, дзе разгортваліся падзеі ягоных твораў. Як сведчаць сучаснікі, гэтыя творы мелі вялікае выхаваўчае і патрыятычнае значэнне… На беларускую мову творы Юзафа Крашэўскага перакладалі Янка Купала, Уладзімір Мархель, Васіль Сёмуха, Міхась Кенька, Мікола Папека і іншыя літаратары.

Перад 200-годдзем з дня нараджэння Юзафа Ігнацыя Крашэўскага ТБМ звярталася ў пасольства Польшчы з прапановай пасадзейнічаць выданню поўнага збору твораў Крашэўскага на беларускай мове, на што атрымалі адказ, што беларусы хочуць занадта многага, бо поўны збор Крашэўскага не выдадзены нават у Польшчы.

Сяргей Чыгрын.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Творчая вечарына Міколы Канановіча ў роднай вёсцы
Выданні

Творчая вечарына Міколы Канановіча ў роднай вёсцы

22 ліпеня 2019, 11:1321
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы! Хрыстос уваскрос!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы! Хрыстос уваскрос!

7 красавіка 2021, 00:3518
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3418
Вернісаж выставы “Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”
Грамадства

Вернісаж выставы “Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”

26 кастрычніка 2018, 08:4517
Далучайцеся да нас