Гэта і многае іншае можна прачытаць у новым зборніку “Ад лідскіх муроў”
Днямі адбылася доўгачаканая падзея ў літаратурным жыцці Лідчыны: у выдавецтве “Пружмень” выйшаў дзясяты літаратурна-мастацкі зборнік “Ад лідскіх муроў”, у які ўвайшлі творы і артыкулы, напісаныя, надрукаваныя або перакладзеныя ў асноўным у 2020-2021 гадах. Наклад зборніка – 110 асобнікаў. Падобнага аб’ёмнага альманаха няма больш ні ў адным раённым цэнтры Беларусі. Сапраўды, Лідчына – край паэтаў і празаікаў! Прэзентацыя зборніка адбылася ў памяшканні выставы-гасцёўні “Іх слова аб’яднала…” Дома Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея.
Першы літаратурна-мастацкі зборнік “Ад лідскіх муроў” убачыў свет ва ўжо далёкім 1998 годзе. У той час было актуальным пытанне адраджэння Лідскага замка, і гэта знайшло адлюстраванне і ў назве зборніка. Той першы рэгіянальны альманах налічваў больш за 60 старонак. Дзесьці з сёмага нумара таўшчыня “лідскіх муроў” стала значна павялічвацца. Дзявяты і дзясяты зборнікі выйшлі ўжо ў цвёрдай вокладцы. Новы, дзясяты, нумар – альманах больш чым у 520 старонак, сапраўдная цвярдыня лідскай рэгіянальнай літаратуры, энцыклапедыя літаратурнага жыцця Лідчыны цяперашняга часу. Як бачна па аб’ёме зборніка, жыццё гэтае на Лідчыне б’е крыніцай. Нялёгка было падрыхтаваць да выхаду такую аб’ёмную кнігу: сабраць творы, вычытаць іх, адрэдагаваць. Але вынік карпатлівай працы рэдкалегіі зборніка таго варты.
Вось што піша аб асноўнай тэматыцы кнігі ў прадмове яе галоўны рэдактар, паэт, краязнавец, выдавец Станіслаў Суднік: “Родная зямля, родны край, бацькава хата, родная мова, каханне, звыклы побыт, прырода, гісторыя займаюць асноўную плошчу і раздзела паэзіі, і раздзела прозы. Творы лідскіх паэтаў і празаікаў самай моцнай дратвай знітаваны з рэальным жыццём, з жыццём, якое ідзе на роднай зямлі… І ўсе яны дэманструюць шчырую адданасць творцаў сваёй Бацькаўшчыне, безапеляцыйную вернасць Матулі-Беларусі”.
Акрамя самых вялікіх раздзелаў – “Паэзія” і “Проза” – у альманаху ёсць раздзелы “Эпас”, “Пераклады”, “Літаратуразнаўства”, “Літаратурнае жыццё”, “Мемарыял”, “Кнігапіс”. У зборнік увайшлі творы больш, чым 30 сучасных аўтараў, але далёка не ўсіх пішучых людзей Лідчыны. Некаторыя лідскія творцы друкуюцца тут упершыню. Прадстаўлены і аўтары, якія жывуць не на Лідчыне, але так ці інакш звязаны з ёй (напрыклад, вядомыя Віктар Праўдзін з Менска, Данута Бічэль з Гародні, Сяргей Чыгрын са Слоніма).
Значнае месца займае ў зборніку “Аповесць пра Таўлая” Уладзіміра Калесніка, якую па просьбе куратара Дома Таўлая, навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алеся Хітруна адсканавалі работнікі Нацыянальнай бібліятэкі спецыяльна для Дома-музея ў Лідзе (у свой час аповесць была надрукавана ў часопісе “Полымя”). Знайшлося ў альманаху месца і для перакладзенай з рускай мовы першай аповесці пісьменніцы пачатку ХХ стагоддзя, дырэктара Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Веры Навіцкай з тэтралогіі аб гімназістцы Марусі Старабельскай – “Добра жыць на свеце”. У гэтым жа зборніку змешчана паэма “Шчаслівая дзяўчынка”, напісаная па матывах згаданай аповесці ўжо сучаснай лідскай пісьменніцай Ірэнай Сліўко для раённага конкурсу дзіцячых твораў імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.
Цвёрдую каляровую вокладку дзясятага літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” упрыгожваюць партрэты выбітных жанчын ХІХ стагоддзя – лідскіх пісьменніц, графінь Сафіі дэ Шуазёль-Гуф’е і Ганны Патоцкай (абедзве пісалі на французскай мове, літаратуразнаўчы артыкул Леаніда Лаўрэша пра абедзвюх можна прачытаць у гэтай жа кнізе).
Лідскія пісьменнікі, якія прысутнічалі на прэзентацыі зборніка ў Доме Таўлая, назвалі выданне зборніка вельмі патрэбнай справай у папулярызацыі рэгіянальнай літаратуры і дзякавалі яго галоўнаму рэдактару Станіславу Судніку за дадзеную магчымасць выносіць сваю творчасць у чытацкія масы. Станіслаў Вацлававіч, у сваю чаргу, падзякаваў лідскім літаратарам: “Дзякуй вам, што вы ёсць і што вы пішаце! Без вас гэтай тоўстай кнігі не было б. Трымайцеся і надалей такой вялікай дружнай грамадой!”
- S. Набыць асобнік дзясятага літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” можна ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.
Аляксей КРУПОВІЧ.