Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дом Таўлая запрашае

Дом Таўлая запрашае

26 ліпеня 2022, 20:49 Культура 10
Дом Таўлая запрашае

“Вераб’іная праСТОра”, гусінае пяро і многае іншае

Наведаць “Вераб’іную праСТОру”, пакой, у якім жыў паэт Валянцін Таўлай, праз розныя гульні больш даведацца аб паэце, аб вераб’ях, якім паэт прысвяціў свой першы верш, а таксама прасачыць развіццё пісьма, самім паспрабаваць пісаць палачкай на васковай дошчачцы або гусіным пяром на бяросце могуць малодшыя школьнікі, якія гэтым летам стануць удзельнікамі інтэрактыўных заняткаў у Доме Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

– У час летніх канікул наш Дом Таўлая “штурмуюць” дзеці, якія наведваюць прышкольныя лагеры, – расказвае куратар заняткаў, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. – Бывае, у дзень прымаем па дзве групы дзяцей. Нас ужо наведалі вучні пачатковых класаў сярэдніх школ №№ 6, 14, 16, гімназіі №1. Для іх мы праводзілі музейна-інтэрактыўныя заняткі “Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам”, “Вядзе рэй верабей”, “Доўгі шлях да мудрых кніг”. Апошні занятак, як паказвае практыка, для малодшых школьнікаў самы складаны. Ён жа і самы першы, калісьці мною распрацаваны, сярод трох пералічаных. Доўгі час мы яго не праводзілі ў сувязі з пандэміяй, і вось гэтым летам выра-шылі аднавіць. У канцы кожнага занятка дзеці атрымліваюць сімвалічныя медалі за ўдзел. Гэтыя медалі застаюцца ў іх як памяць аб наведванні Дома Таўлая.

Карэспандэнт днямі наведаў літаратурны музей разам з вучнямі чацвёртых класаў сярэдняй школы №14.

Спачатку Алесь Хітрун запрасіў дзяцей у мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая. Алесь расказаў дзецям аб тым, як паэт у першы дзень вайны пакінуў гэты дом, некаторы час хаваўся ад акупантаў у Лідзе, а пасля жыў на Наваградчыне, удзельнічаў у партызанскім руху.

Затым чацверакласнікі падняліся на другі паверх, дзе іх чакаў музейна-інтэрактыўны занятак “Доўгі шлях да мудрых кніг”, распрацаваны Алесем Хітруном паводле кнігі Анатоля Клышкі “Францыск Скарына, або Як да нас прыйшла кніга”. Дзеці акунуліся ў старажытнасць і азнаёміліся з гісторыяй узнікнення і развіцця пісьма. У даступнай форме, з элементамі інтэрактыву і гульні, куратар занятка растлумачыў ім, што ўяўляла сабой пісьмо старажытных часоў: прадметнае, вузялковае (кіпу), пісьмо на васковых дошчачках, папірусе, бяросце.

– Калі гаварыць пра два іншыя заняткі, – дадае Алесь Хітрун, – то занятак “Вядзе рэй верабей” самы новы, распрацаваны мной да 100-годдзя першага верша Валянціна Таўлая – “Верабейкі”. Асноўная тэма яго – вераб’і, аб якіх я даступна расказваю дзецям. Малодшыя школьнікі збіраюць па фрагментах “раскіданы ветрам” верш Таўлая, размалёўваюць папяровых вераб’ёў, чапляюць іх на “галінку”. Падабаецца дзецям і насіць какошнікі ў выглядзе галавы вераб’я. Яшчэ адзін музейна-інтэрактыўны занятак – “Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам”, які спрыяе вывучэнню дзецьмі беларускай мовы. Ён уключае многае: адгадванне загадак, збіранне пазлаў, складанне макета газеты “Уперад” (у якой, як вядома, працаваў Валянцін Таўлай, жывучы ў Лідзе), квэст, накіраваны на пошук прадметаў мемары-яльнага пакоя паэта, і іншае. Так, у форме гульняў, дзеці знаёмяцца з нашым Домам Таўлая і яго гісторыяй, атрымліваюць першае ўяўленне аб ім.

Аляксей КРУПОВІЧ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0320
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1420
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3420
Далучайцеся да нас