Янка Купала – сапраўдны класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы. Выступаў як паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Сярод яго герояў шмат людзей надзвычайнага лёсу, а тэму сялянскага жыцця беларускі пясняр узняў да філасофскага абагульнення. Ён падняў беларускае мастацкае слова на небывалую вышыню, яго творчасць параўноўваюць з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, яно ўяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа. Ад першага да апошняга верша яно належыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры.
ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” адзначыла 140-годдзе паэта яскравымі і запамінальнымі мерапрыемствамі. Рознабагацце тэматык і форм мерапрыемстваў, якія праводзілі бібліятэкары, характарызуе і Янку Купалу як шматгранную асобу. Гасцей чакалі літаратурныя старонкі і гадзіны, гучныя чытанні, гасцёўні і літаратурна-музычныя вечары, віртуальныя падарожжы і імпрэзы.
Распачала свае віншаванні Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы яшчэ 5 ліпеня, калі шырока адзначала 140-годдзе з дня нараджэння славутага сына беларускай зямлі – Янкі Купалы, чыё імя яна носіць. Да свята была падрыхтавана музычна-паэтычная гасцёўня “Непаўторны талент беларускай зямлі”. Госці здзейснілі віртуальную вандроўку па родных мясцінах паэта, успомнілі купальскія традыцыі нашых продкаў, пазна-ёміліся з казачнай легендай нараджэння Янкі Купалы, даведаліся пра яго нялёгкі жыццёвы шлях і багатую літаратурную творчасць. Госці пазнаёміліся з кніжна-ілюстрацыйнай экспазіцыяй “У храме слова Купалы і Коласа” на абанеменце, пабывалі ў чытальнай зале і пазнаёміліся з абноўленай кніжнай выставай “Волат слова народнага”. На працягу дня гучалі вершы паэта, госці слухалі песні на яго словы, аповед пра сустрэчу Купалы з лідзянамі, прымалі ўдзел у літаратурнай віктарыне “Па кніжных старонках”. Усе змаглі пераканацца, што Янка Купала пакінуў нам вялікую спадчыну.
Паэзія Янкі Купалы – гэта найперш паэзія пачуццяў, эмоцый, глыбокіх роздумаў і перажыванняў. У розны час, у залежнасці ад абставін, лірык станавіўся то паэтам-грамадзянінам, то прарокам, то філосафам. Як ніхто з беларускіх паэтаў Купала садзейнічаў фарміраванню тэхнікі вершаскладання, прыўнёс свае рытмы, інтанацыі, вызначыў найбольш перспектыўныя шляхі, па якіх у наш час развіваецца беларуская паэзія.
У ходзе юбілейнага вечара “Гучыць, ляціць Купалаў голас, над гэтай вечнаю зямлёй”, які прайшоў у філіяле “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Бердаўка” прысутныя пазнаёміліся з біяграфіяй народнага паэта Беларусі. Пачуццёва і пранікнёна прагучалі з вуснаў вучняў яго выдатныя вершы. Да мерапрыемства была аформлена выстава “…Жыве неўміручы Купала”.
7 ліпеня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Таму не выпадкова ў гэты дзень у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 1” ладзіліся гучныя чытанні “Ляціць, гучыць Купалаў голас”, удзельнікамі якіх сталі вучні 8-х-9-х класаў ДУА “СШ № 6 г. Ліды”. Падчас правядзення мерапрыемства вядоўца распявала аб тым, што на золку ХХ стагоддзя на Беларусі заззяў вясёлкай цудоўны самародак, славуты сын нашай Айчыны, класік нацыянальнай літаратуры – Янка Купала. Дзеці зачытвалі ўрыўкі з п’есаў “Паўлінка”, “Магіла льва”, прынялі актыўны ўдзел у віктарыне “Жыццё і творчасць паэта”, наведалі памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, падчас віртуальнага літаратурнага падарожжа, праслухалі песні на вершы паэта ў выкананні ВІА “Песняры”.
У дзень нараджэння Янкі Купалы ў філіяле “Бярозаўская гарадская бібліятэка” было арганізавана віртуальнае падарожжа “Запрашаем наведаць Купалаўскія месцы”. Удзельнікі маршруту дакрануліся да часцінкі гісторыі, прайшліся сцяжынкамі, звязанымі з жыццём і творчасцю выдатнага беларускага паэта. Увазе прысутных быў прадстаўлены буктрэйлер “Раскіданае гняздо” да аднайменнай п’есе аўтара, праведзена віктарына па творчым шляху Янкі Купалы.

smart
Тым жа днём філіял “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча” ладзіў літаратурную імпрэзу “Спадчыне жыць і квітнець”. Прысутныя “прайшліся” сцежкамі песняра, пазнаёміліся з яго дзяцінствам, адказалі на пытанні віктарыны “Ці ведаеце вы творы Янкі Купалы?” і пазнаёміліся з выставай “Твой пясняр, Беларусь!”. На працягу імпрэзы вершы чыталі Любоў Ліхарад, Дар’я Кароль і аматар беларускай літаратуры Людміла Канстанцінаўна Белан.
На літаратурную гадзіну “З родным словам ды і з беларускай душою” завіталі наведвальнікі прышкольнага лагера ДУА “СШ № 8 г. Ліды”. Бібліятэкары філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 2” нагадалі пра галоўныя факты з жыццёвага і творчага шляху песняра, які стаў прыкладам бескарыснага служэння Айчыне. Падарожжа пачалося з Вязынкі – “калыскі” паэта. Гучалі вершы ў выкананні дзяцей, гучалі творы Купалы, пакладзеныя на музыку: “Песня пра долю”, “Явар і каліна”, “Спадчына”. Засяродзілі ўвагу на паэтычных, драматычных, публіцыстычных творах народнага мысляра. А таксама расказалі аб помніках, якія стаяць у Маскве, Амерыцы, Кітаі, зазірнулі ў музей у Акопах.
З нагоды 140-гадовага юбілею народнага паэта Беларусі Янкі Купалы філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 3” запрасіў чытачоў на літаратурную старонку “Нам засталася Спадчына”. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі даведаліся цікавыя звесткі з жыцця і творчасці паэта, успомнілі яго знакамітыя творы, здзейснілі віртуальнае падарожжа па Купалаўскім мясцінам, паўдзельнічалі ў віктарыне. Чытанне ўрыўкаў з твораў, размова аб літаратурных героях узмацнілі цікавасць дзяцей да творчасці беларускага класіка.
З мэтай прывіцця глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, традыцый, звычаяў, культуры беларускага народа філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 4” гасцінна расчыніў свае дзверы для правядзення літаратурнай гасцёўні “Сучаснік назаўжды – Купала”, прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы. У гэты дзень у бібліятэцы гучалі фрагменты з песень на словы Я. Купалы ў выкананні ансамбля “Песняры”, дэманстраваўся відэафільм “Запрашаем да Купалы”. Кніжная выстава “Песняры роднай зямлі” пазнаёміла з творчасцю знакамітых беларускіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гучала цудоўная беларуская мова, прысутныя з захапленнем чыталі вершы Янкі Купалы, удзельнічалі ў інсцэніроўках. А напрыканцы ўдзельнікі паэтычнай гасцёўні паглядзелі сюжэты і паслухалі песні, пакладзеныя на вершы славутага песняра, у выкананні беларускіх спевакоў.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка імя В. Таўлая” была праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя “Без кахання шчасця, долі няма на зямлі”. Удзельнікі ўспомнілі змест найбольш знакамітых драматычных твораў Купалы (“Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”), якія былі пастаўлены на сцэне тэатра і з’яўляюцца выдатным адлюстраваннем жыцця беларускага народа і яго нацыянальнага каларыту. Таксама прысутныя з цікавасцю пазнаёміліся з кнігамі, прадстаўленымі на выставе “І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы”.
Ушанаваць памяць беларускага песняра запрасіў філіял “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Тарнова” падчас літаратурнай гадзіны “Сучаснік назаўжды – Купала”. Бібліятэкар вяла аповед пра жыццёвы шлях паэта, падрабязна расказала пра яго творчасць. Прысутныя пазнаёміліся з творамі аб жыцці паэта, успамінамі і матэрыяламі з перыядычных выданняў. Падчас аповяда гучалі вершы пісьменніка ў выкананні навучэнцаў.
Літаратурна-мастацкая спадчына Янкі Купалы – вялікае нацыянальнае багацце. Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы стварылі ў гонар юбіляра відэа “Купала ў творчасці пісьменнікаў Лідчыны”, з якім можна ў вольным доступе пазнаёміцца на youtube-канале ўстановы. На геаграфічнай карце Беларусі мноства мясцін, якія сведчаць аб размаху і інтэнсіўнасці творчых і жыццёвых сувязей песняра са сваім народам. Асоба класіка беларускай літаратуры заўсёды была прыцягальнай для майстроў слова. Амаль у кожнага паэта Лідчыны ёсць верш, а то і не адзін, прысвечаны народнаму песняру.
Асоба Янкі Купалы знаёмая кожнаму беларусу, творчасць аўтара ідзе па жыцці з кожным з нас з малых гадоў. Гэта невычэрпная крыніца духоўнай сілы нашага народа. Са школьнай парты мы ведаем яго вершы, яны натхнялі многіх пісьменнікаў. А спектаклі па яго творах ідуць у тэатрах і сёння. Упэўнены, што пройдуць стагоддзі, а імя Янкі Купалы будзе жыць у сэрцах і ў памяці пакаленняў беларусаў. Любіце роднае слова, любіце родную зямлю і свой край, які даў вам жыццё.
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага
маркетынгу ДУК “Лідская раённая
бібліятэка імя Янкі Купалы”
Кацярына Сандакова.