Першыя лідскія абітурыенты-стабальнікі распавялі, як ім удалося дасягнуць поспеху на ЦТ
Бліскуча прайсці ЦТ і набраць максімальную колькасць балаў атрымоўваецца далёка не ў кожнага абітурыента, таму не дзіўна, што стабальнікі заўсёды выклікаюць непадробную цікавасць.
На сённяшні дзень маюцца вынікі цэнтралізаванага тэставання па навучальных прадметах, якія здавалі ў ліку першых. Цікава, што грамадазнаўства на 100 балаў у краіне здалі 4 выпускнікі, рускую мову – 43. Колькасць чалавек, якія набралі вышэйшы вынік па беларускай мове – 67. Заўважым, што супервынік, і не адзін, штогод прысутнічае ў скарбонцы выпускнікоў Лідчыны.
Настасся Більдзь – двойчы стабальніца
Як ужо паведамлялася, у ліку стабальнікаў па беларускай мове ёсць і лідзянка. Гэта выпускніца сярэдняй школы №8 Настасся Більдзь. Атрымаць 100 балаў па гэтым прадмеце было для Насці вялікай нечаканасцю. Бо дагэтуль таленавітая вучаніца паказвала выдатныя веды ў дакладных навуках. Так, у 9-м класе, на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах Насця заваявала дыплом трэцяй ступені па фізіцы. Праз год заняла другое месца ў вобласці і трэцяе – на рэспубліцы па матэматыцы, і стала другой па фінансавай пісьменнасці сярод юных знаўцаў Гарадзеншчыны.
Бліскучы поспех у цэнтралізаваным тэставанні па беларускай мове пацешыў не толькі саму абітурыентку, якая плануе паступленне ў БДУІР, але і яе бацькоў. Застаецца дадаць, што веды, прадэманстраваныя лідзянкай у ЦТ – вынік карпатлівай працы: на працягу двух гадоў Настасся дадаткова наведвала факультатыўныя заняткі пад кіраўніцтвам школьнага настаўніка і класнага кіраўніка Наталлі Яцкевіч.
Поспех адоранай вучаніцы па беларускай мове – гэта яшчэ не ўсе дасягненні Насці. Неўзабаве сталі вядомыя вынікі ЦТ па матэматыцы. У ліку стабальнікаў ізноў лідзянка, і гэта зноў… Настасся Більдзь! Трэба сказаць, што атрымаць максімальны вынік па ЦТ двойчы да гэтага ў Лідскім раёне яшчэ нікому не ўдавалася, а выкладала матэматыку Насці настаўніца Жана Бурнос.
Яшчэ дзве “сотні” па матэматыцы
Як стала вядома далей, цэнтралізаванае тэставанне па матэматыцы на 100 балаў у Беларусі напісалі 105 абітурыентаў. Заўважым, што ў іх ліку – выпускніца лідскай сярэдняй школы № 9 Эвяліна Тарашчык і выпускніца гімназіі №1 горада Ліды Аляксандра Рудовіч.
ЦТ па рускай мове Эвяліна здала на 83 балы, аднак, у тым, што набярэ найвышэйшы бал па матэматыцы, дзяўчына была проста ўпэўнена: задачы, якія трапілі падчас выпрабавання, ёй здаліся нескладанымі. А ўсё дзякуючы таму, пераканана лідзянка, што ў свой час ёй трапіўся выдатны настаўнік – Таццяна Кавалёва, якая і прышчапіла сваёй вучаніцы любоў да прадмета. У выніку, апошнія гадоў пяць вучобы Эвяліна актыўна ўдзельнічала ў алімпіядным руху, у раённых этапах якога неаднаразова займала прызавыя месцы.
Аляксандра Рудовіч пераканана: велізарная доля поспеху ў здачы ЦТ належыць яе настаўніку, Выдатніку адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктару Даўляшэвічу.
Менавіта таму адным з першых, з кім абітурыентка паспяшалася падзяліцца радаснай навіной па тэлефоне, быў педагог. Максімальнаму выніку сваёй вучаніцы Віктар Казіміравіч таксама быў вельмі рады, як, зрэшты, і 100 балам двух іншых лідзянак, якія таксама як і Аляксандра наведвалі гарадскую алімпіядную школу, што працавала пры гімназіі пад яго кіраўніцтвам.
Застаецца дадаць, што ўзмоцнена рыхтуючыся да цэнтралізаванага тэставання, Аляксандра імкнулася раўнамерна размяркоўваць нагрузку: хоць і шмат часу праводзіла за падручнікамі, аднак і пра адпачынак не забывала, дазваляючы сабе штодзённыя шпацыры на свежым паветры. А вось з выбарам вышэйшай навучальнай установы дзяўчына пакуль яшчэ не вызначылася, у прыярытэце ў абітурыенткі – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Лілея Лапшына.