Летнія вакацыі – час прыгод. Але прыгоды можна перажыць і з героямі на старонках добрай кніжкі. Адмыслова да летніх вакацый выдавецтва “Чатыры чвэрці” выпусціла працяг прыгодніцкага фэнтазі на падставе беларускага фальклору “Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі”. Аўтар – Алег Грушэцкі. Героі рамана – персанажы з беларускай міфалогіі – магутны Цмок, волат Вярнігара, вужалкі, гарцукі, ваўкалакі, багнік, лясун… Вас спаткаюць як старыя, так і новыя героі. А яшчэ шмат захапляльных гісторый, удзел у сапраўдным рыцарскім турніры і бітва за волю і каралеўства.
Коратка пра сюжэт кнігі.
Да канца летніх вакацый у дзедавай вёсцы застаецца зусім нядоўга, але, перш чым вярнуцца дадому, юнакі Янка і Мілана жадаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга. Толькі за гэты час адбыліся ў ім жахлівыя змены – Цмок быў забіты, Вярнігара знік, а каралеўства захапіў яшчэ больш магутны і злы вядзьмак, якім рухае толькі помста. Юныя героі ізноў выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа праз гіблыя мясціны – Чорны Лес ды Паганае Балота. І задача перад імі зараз стаіць больш складаная. Але найперш давядзецца адшукаць волата Вярнігару і ўратаваць з вязніцы караля Мацея, якога змогуць вызваліць толькі таямнічыя веды прыгажунь-вужалак, якія, апроч усяго, яшчэ пакажуць усім свой ваяўнічы характар на полі бітвы.
Юнакам належыць ізноў узначаліць барацьбу, толькі цяпер змагацца давядзецца куды з больш страшным і магутным злом, здольным вынішчыць усё на сваім шляху. Падчас прыгод юныя героі нават у такіх цяжкіх умовах завядуць сябе новых сяброў і спазнаюць прыгожае пачуццё закаханасці. А іх сябры, мужныя рыцары і ваяры, прымуць удзел у сапраўдных рыцарскіх спаборніцтвах. У цяжкай барацьбе за волю юнакам дапамогуць як старыя, так і новыя знаёмыя – брат Вярнігары асілак Вярнідуб, сёстры спрытных гарцукоў, здольныя страляць маланкамі, і іншыя міфічныя істоты. Янка і Мілана прымуць удзел у бітвах яшчэ больш гучных і слаўных. Але ці дадуць рады юныя героі тым выпрабаванням – залежыць толькі ад іх саміх, ад іх смеласці, мудрасці, рашучасці і адвагі.
Першая частка рамана, “Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства”, пабачыла свет у 2021 годзе і карысталася пэўнай папулярнасцю. Новая кніга зноў разлічана на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту і з’явіцца выдатным падарункам дзіцяці, каб цікава і з карысцю правесці час на школьных летніх вакацыях.
Ілюстрацыі да кнігі зрабіў таленавіты мастак Віктар Козел, які працаваў і над першай часткай. Набыць кнігу “Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі” можна непасрэдна ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” альбо ў кнігарні “Акадэмічная кніга”. Ёсць магчымасць замовіць на Biblio.by і OZ.by, таксама хутка можна будзе пытаць твор у бібліятэках.
Пра аўтара:
Аўтар кнігі – Алег Грушэцкі. Бацька траіх дзяцей, пісьменнік, журналіст, публіцыст, пера-кладчык. Аўтар літаратуразнаўчых і гістарычных артыкулаў як у беларускіх, так і ў замежных на-вуковых выданнях. Піша вершы, казкі і фэнтазі на беларускай мове. Лаўрэат шэрагу творчых прэмій. У мінулым – адзін з арганізатараў скаўцкага руху на Беларусі, удзельнік гістарычна-культурнага та-варыства “Талака”, першага беларускамоўнага летніка “Грунвальд”. Нашчадак старажытнага шляхецкага роду.
Наш кар.