АЎДЗЕЙ І МАМА
З невысокага старога ложка, які схаваўся за старанна, акуратна пабеленай у чарговы раз печкай, на якой было ўтульней за ўсё знаходзіцца, у якой абадраў я ў дзяцінстве і згрыз, чытаючы Крапіву, Купалу, Коласа, амаль усю цагліну, мама ўставала ўсё радзей і цяжэй. “Люба, – паклікала яна больш настойліва, чым у папярэднія разы, маю сярэднюю сястру-бібліятэкарку, у якой я ўзяў не пачытаць, а перачытаць кніжку земляка з Зубрэвічаў Янкі Сіпакова “Журба ў стылі рэтра”, – звані ўжо хутчэй Воўку, людзі паспелі забыць пра першы ўкос, а ў нас і конь не валяўся, перастаіць трава, якое з яе будзе сена…” І літаральна наступным днём я паехаў на сваю Аршаншыну ў чарговую камандзіроўку ад “Сельской газеты”. Адпрацаваў у ёй на розных пасадах амаль чвэрць стагоддзя. Тварыў бы там, пэўна, і далей, калі б не падступства і помслівасць бяздзетнага Альберта Страпчага, прозвішча якога яскрава гаворыць само за сябе, ды здрадніцтва старэйшага сябра Віктара Леганькова, з якім глушылі “чарніла” і ў раёнах, і ў старым Доме друку, і ў ягонай чатырохпакаёўцы ў хмарачосе з вокнамі на “салаўіны востраў”…
Трава перашэптвалася недалёка ад дому з агульным калідорам для пяці сем’яў. Бліжэй да завяршэння першага пракоса, здалося, што трымаю ў руках не касу, а кніжку Сіпакова з апавяданнем “Свята”. Адзін з яе герояў, Мікалай, прыехаў да бабкі Гарусі і дзеда Аўдзея, з якімі некалі пазнаёміўся, дапамагчы пасля атрымання ад іх пісьма, у такой жа сялянскай справе. Думкі апярэджвалі адна другую: як жа дакладна, не прыдумана, натуральна ўсё ў гэтым творы намалявана! Мне, як і Мікалаю, было прыемна не зважаючы на пачатковую стому, адчуваць,“як наліваецца сілаю цела, як нешта здаровае і спакойнае, цяжкае, але тым часам і лёгкае, напаўняе душу”. І трава была такая ж “высокая і густая, і каса важкая”, яе было нялёгка цягнуць у траве, таму часам не дацягваў да канца, і тады даводзілася даразаць другім махам ці збіваць пяткаю тое, што засталося няскошаным.
Касец з мяне, шчыра, не такі ўжо ўдалы, тым болей даволі хутка я канчаткова стаміўся і паклікаў на пакошу сябра дзяцінства, моцнага мясцовага лесніка Міколу (вось супадзенне) Шкрэдава. Ён быў адным з лепшых (нара-джаюцца ж такія!) не толькі касцоў, але і плыўцоў, і рыба-коў, і аратых, і грыбнікоў, і мясцовых футбалістаў. Ды зрабіла сваю чорную справу ўсё тая ж гарэлка, якая пера-магла ў барацьбе шмат іншых маіх сяброў дзяцінства і юнацтва.
Шкрэд касіў толькі сваёй касой і ніколі нікому яе не даваў, як і дзед Аўдзей, пакуль меў сілы і цяпер ужо не пакідаў змайстраваны самім свой ложак, назіраючы за ўсім праз вакно. Праз Гарусю ён кантраляваў усе дзеянні Мікалая: ці надзеў тое, што трэба, ці ўзяў вялікую касу, ці пачаў з саду, ад самага прагончыка, потым ад згароды, ці не падрэзаў агрэст, ці кладзе пракосы не ўпоперак, а ўздоўж, ці не зачапіў дуліну, пасаджаную ў памяць старэйшага сына Толіка, які падарваўся пасля вайны на міне (малодшы, Алік, “усё па Сібірах катаецца”). Стары да апошняга свайго імгнення перажываў, хваляваўся за сялянскія справы.
У Міколы, як і ў літаратурнага Мікалая, “каса рэза-ла шчыра, але касілася ўжо не так, як раніцою. Пера-шкаджалі кратавіны. Краты ўзварушылі, нібы паўскап-валі лугавіну, і грудкі вывернутай на паверхню зямлі заміналі касіць – і абкошваць іх было нязручна, і скошваць разам з травою не хацелася таксама”. Якое майстэрства пісьма, як дакладна, натуральна намалявана карціна!
У нашым жа выпадку ролю дзеда Аўдзея выконва-ла мая мама Настасся Іллінічна. Яна раз-пораз пасылала на зялёны прамавугольнік Любу – ці не параніў Шкрэд на мяжы слівіну, ці пачынаў ад былога пограба, ці нізка бярэ касой, ці не робіць пропускаў, ці, ці, ці… Аўдзей памёр, калі Мікалай яшчэ шчыраваў у ягоных Журавель-ках… Мама пайшла з жыцця хутка пасля майго ад’езду з Фабрычнага пасёлка, якому я прысвяціў сваю паэтычную кніжку “Водгук фабрычнага гудка”.
ЖЫЦЦЁ І МАСТАЦТВА
Сіпакоў прызнаваўся ў сваёй творчасці ў любові да роднага краю і яго людзей, як і да ўсёў краіны, сціплым і нават крыху сарамлівым, як і ён сам, голасам. Такім, якім прызнаюцца ў сваіх самых цнатлівых і непапраўных пачуццях, каб і землякі, і іншыя насельнікі радзімы не маглі падумаць, што ён і сам у такое не верыць і крычыць так толькі таму, каб пераканаць у гэтым усіх і самога. “Дык што ж гэта за феномен такі, родная, незабыўная вёска?”, пытаўся ён часта сам усябе. Казаў, пражыў у ёй усяго толькі нейкіх сямнаццаць гадоў, а ўсё пісаў пра яе, чэрпаў з Зубрэвічаў і свае творчыя сілы, і натхненне. Ён пісаў, і здавалася, хопіць запасаў на ўсё жыццё. Пры гэтым не мог сказаць тое ж самае пра любімы, таксама дарагі яму Менск. Хоць і пражыў у ім шмат часу, зведаў яго чамусьці мала…
Нейкія 17 – гэта, вядома ж, найперш, дзяцінства, якое прыпала на час вялікай нягоды, няшчасця і гора. За сувязь з партызанамі гестапаўцы замучылі бацькоў. Клопаты аб пляменніку і ягонай сястры ўзяла на сябе бацькава старэйшая сястра Аляксандра Іванаўна. Холад і голад яны спазналі не толькі падчас варожай навалы, але і пасля перамогі. Рабілі ўсё магчымае, каб выжыць. Малым Іванка сам і касіў, і араў, і пасвіў кароў, і нарыхтоўваў дровы. Вяскова-жыццёвыя турботы спазнаў, канешне, спаўна, як і добрыя імгненні, якіх гэтаксама нямала як ў аўтабіяграфічных, так і ў іншых творах, што склалі, да прыкладу, кнігу нарысаў “Па зялёную маланку”, якая пабачыла свет у 1971 годзе. Я ўбачыў яе ў руках свайго студэнцкага сябра, з якім жылі ў адным пакоі ў інтэрнатах спачатку на Паркавай, потым на Бабруйскай, Валодзі Саламахі, сёння вядомага ў Беларусі і Расіі пісьменніка, публіцыста і крытыка.
Саламаха так захапляльна дзяліўся зместам, што я літаральна вымаліў у яго тое выданне пачытаць.
Як і яму, мне асабліва прыйшоўся даспадобы нарыс “Акно, расчыненае ў зіму”, акно, як напіша ён потым у сваёй кніжцы “Сусвет дабрыні”, у свет добрых людзей, у іх самоту і радасць. Людзей, якім “прысутны” дыягназ чалавечнасці, пра іншы дыягназ я скажу крыху пазней. Як пісаў Янка Брыль, у яго жыцці было нямала меншых і большых памылак. Але адно ён ведаў цвёрда: вышэй за ўсё і перш за ўсё – чалавечнасць. Ён верыў у гэта ўсё сваё жыццё, і толькі гэта засталося б у яго, калі б прыйшло найпершае ці апошняе гора.
Менавіта чалавечнасцю адрозніваюцца рэальныя героі “Акна…” У іх ліку дзядзькі Косця, Хрол, Нікіпар, цётка Каця, “сярод якіх рос хлопчык Іванка Сіпакоў, распазнаючы дабро і зло”. А такім людзям, як родная цётка Івана Данілавіча, Саша, як кажуць мае землякі, трэба ногі па-мыць і ваду гэту выпіць!” Цётка Саша “замяніла нам,– піша ён,- маці і бацьку. Яна чакала, што хутка прыдуць і па нас, а таму, як толькі ў вёсцы з’яўляліся немцы (у Зубрэвічах яны не стаялі), цётка цалавала нас і гаварыла: “Дзеткі, гэта прыехалі па нас ужо”. Яна не адмовілася ад нас, не кінула нас, хоць гэта і ёй пагражала смерцю”. Менавіта цётка Саша выправіла пляменніка ў вялікі свет, вучыцца ў Менск. З Оршы ягоным купэ стаў дах цягніка, адкуль яго паспяхова здымалі міліцыянеры. Але ўгледзеўшы атэстат сталасці, разам з выратавальнай “ксівай” зноў вярталі на ўтульны дах.
Вялікае ўражанне пакінула і кніжка “Крыло цішыні”, якая пабачыла свет праз пяць гадоў пасля ўзгаданай. Калі ў Зубрэвічах паглядзелі тэлеспектакль па аднайменнай аповесці (яго стварылі акцёры Купалаўскага тэатра), землякі ніяк не хацелі паверыць у тое, што ролі ў ім выконвалі сапраўдныя актрысы. Вяскоўцы прасілі, каб Сіпакоў іх не падманваў, якія, маўляў, “арцісты”, гэта ж такія самыя бабы дзеравенскія, як і яны. Пачуўшы такое, Іван Данілавіч дзякаваў не толькі ім, але і вялікай сіле творчага пераўвасаблення. Дзякаваў усім і ўсяму за тое, што жыццё, трансфармаванае ў слова, прайшоўшы мноства пераўтварэнняў, зноў стала самім сабою – тым жа самым жыццём. Пасля я знаёміўся з кнігамі Сіпакова “Жанчына сярод мужчын”, “Усе мы з хат”, “Спадзяванне на радасць”, “Пяць струн”, паўторна – з той жа “Журбой…”, якую браў у Любінай бібліятэцы. Па ацэнцы выдатнага нашага паэта (на вялікі жаль, рана пайшоўшага з жыцця) Алеся Пісьмянкова, у апошняй з названых ёсць адно з самых пранізлівых у нашай літаратуры апавяданняў. Алесь, з якім мы былі добрымі таварышамі, меў на ўвазе “Клопат”.
Галоўны герой пастух Хілюта-сухарукі памірае пасля паспяховай аперацыі ад сардэчнай недастатковасці. Разам з Алесем я быў уражаны тонкім псіхалагізмам у абмалёўцы характараў дзейных асоб і глыбінёй сіпакоўскіх абагульненняў. Вось тут, як і абяцаў, назаву зусім іншы дыягназ, які паставіў Сіпакоў сучаснаму грамадству, хво-раму на чэрствасць, абыякавасць і раўнадушша: сардэч-ная недастатковасць!
Толькі за нарысы ды апавяданні Сіпакову трэба было даваць Дзяржпрэмію, на якую яго, быццам, вылучалі. Атрымаў жа ён яе за кнігу паэзіі “Веча славянскіх балад”. У газеце “Літаратура і мастацтва” за 27 чэрвеня 1977 года Уладзмір Караткевіч, з якім яны моцна сябравалі, напісаў: “Гэты хлопец, сам таго не жадаючы, даў ладнага выспятка паэтам майго пакалення, і ў тым ліку, мне, і дзякуй Богу. Свет, дзе няма месца нечаканасцям- гэта не свет. І кніга гэта добра паслужыць людзям і Беларусі”.
Пачынаў жа гаспадар храма сваіх талентаў, як і многія паэты, з якімі мне даводзілася ды і даводзіцца сустракацца, з паэзіі, у якой ён “такі ж элегічна-раздумны, як і ў іншых жанрах”. Першы верш ( Вітай Беларусь) з’явіўся 3 ліпеня 1953 года ў аршанскім “Ленінскім прызыве”, дзе падчас вучобы на журфаку я праходзіў два гады запар вытворчую практыку. Далёка не ўсе прыхільнікі творчасці майго паважанага земляка ведаюць, што гэта была не адзіная яго сустрэча з раёнкай увогуле. Адразу пасля школы ён працаваў у шклоўскім “Чырвоным барацьбіце”. А пасля заканчэння аддзялення (тады было так) журналістыкі Белдзяржуніверсітэта шчыраваў у часопісах “Вожык”, “Маладосць”, “Беларусь.”, якія разносіў маладым паштальёнам па хатах і ўстановах вёскі.
Пад уражаннем ад вершаў са зборнікаў “Сонечны дождж”, “Лірычны вырай”, “Дзень”, “У поўдзень да вады” і “Усміхніся мне”, і ўвогуле, выказваючы павагу, я прысвяціў Івану Данілавічу верш, які быў надрукаваны разам з вершам Рыгора Барадуліна ў газеце “Звязда” ў студзені 1996 года. Верш носіць назву другой з пералічаных кніг:
Шмат цудоўных людзей на радзіме,
дзе нам сонечны дождж шчодра свеціць.
Дзень лірычнага выраю леціць
весну, восень, і лета, і зіму,
позірк хат пад крылом цішыні.
Так, твой вырай – твой дзень, а не вечар,
ён – славянскіх балад тваіх веча,
станаўленне людской вышыні.
На вялікі мой гонар, той нумар “Звязды” я знайшоў ў чытальнай зале “Бібліятэка Янкі Сіпакова”, якая размясцілася ў Аршанскай гарадской бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна, і расповед пра якую наперадзе.
Цягам усяго свайго жыцця я вельмі шкадую, што блізка мы пазнаёміліся даволі позна. Прычына гэтаму адзіная – розны ўзрост, розныя пакаленні… Дзякуй Богу за тое, што ён нас зблізіў, што мы да самых апошніх дзён падтрымлівалі прыязныя, душэўныя, па-сапраўднаму зямляцкія адносіны. І калі ў выдавецтве ўзнікла пытанне, хто зробіць прадмову да маёй другой кніжкі паэзіі “Запаленне душы”, я ўпэўнена адказаў: “Сіпакоў!”. Іван Данілавіч, вядома ж, не адмовіў, адзінае, запытаў: ” Калі здаваць у нумар?!” Я быў на сёмым небе ад шчасця.
А калі ён, аддаючы падрытаваны ўжо ўступ, ветліва ўсміхнуўшыся прамовіў: ” А ведаеш, не чакаў, вельмі нават нядрэнныя ёсць рэчы…”, у мяне і мову адняло! Вытрымку з уступа прывяду толькі для таго, каб паказаць, як гаворыць майстар пра нашу мову: “Паэта моцна паклікала родная матчына мова, якой ён і спавядаецца ў новым зборніку – хоць у частцы вершаў. А змяніць мову, вярнуцца да вытокаў – гэта і праўда, як усё раўно змяніць жыццё, пачаць сваё адраджэнне і ачышчэнне. І ад-разу стала відаць, як чакала родная мова звароту да сябе. Як засвяціліся словы, якой цішынёй і спакоем запаланілі яны душу. Мова сама сабою запрашае ў паэзію свае адметныя вобразы, тэмы, падзеі, сярод якіх яна жыве, якім яна не чужая”.
У сваіх жа вершах Сіпакоў гаварыў мовай простай, спрадвечнай, мовай сваёй вечнасці:
Ціша над лугам такая,
Як птушка ў гняздзечку жыве,
Сонечны промень шукае
Штосьці ў зялёнай траве.
Вецер ласкавым павевам
Перабірае лісты.
Чутна, як дыхаюць дрэвы,
І размаўляюць кусты.
На лузе, нібыта на свяце,
Стаю ў неспатольнай любві…
Як боязна ўсё гэта страціць,
Як страшна ўсё гэта згубіць.
І быццам дзіця, гэтаксама
Ў здзіўленні гляджу на траву:
Як рады, як рады я, мама,
Што проста на свеце жыву!
У свой час мне давялося па-зямляцку прысутнічаць на літаратурнай вечарыне, што ладзілася ў Зубрэві-чах, дзе ў сярэдневеччы знаходзіўся цэнтр аднайменнага княства з радавым маёнткам Дзмітрыя Зубрэвіцкага, сына славутага князя Сямёна Друцкага. Нехта запытаў у Івана Данілавіча, які ўсё ж, твор ён лічыць галоўным. І ў адказ мы пачулі : галоўны – кожны, інакш бы ён не нараджаўся. Ёсць, да прыкладу, такое васьмірадкоўе:
Тры прыгаршчы вады ў крыніцы…
Чаму ж хвалюе так яна?
Чаму мне адусюль відна?
Тры ж прыгаршчы вады ў крыніцы.
То я спяшаю – пакланіцца,
Запомніць, плыткую, да дна…
Тры прыгаршчы вады ў крыніцы.
Чаму ж хвалюе так яна?
Дык вось гэты маленькі верш на той час быў такім жа галоўным, як і кніга “Веча славянскіх балад”, дзе:
… І папялішча, дзе каля ганка
Сядзіць у одуме партызанка.
А на каленях – дзіцячай жменькай –
Ляжыць вузельчык, такі маленькі.
Дзе знемагае ўжо столькі летаў –
Сяўбы чакае насенне кветак;
У садку сваім семя тое
Яна сабрала перад вайною
І з таго часу з сабой заўсёды
Яго насіла на ўсе нягоды…
ПІСЬМО І РАШЭННЕ
Недзе гады за два да свайго адыходу ў Пантэон Славы Беларусі Іван Данілавіч пачаў падумваць наконт далейшага лёсу сваёй унікальнай хатняй бібліятэкі. Напрыканцы чэрвеня 2016 года я сустрэўся ў Оршы, у бацькоўскім доміку-церамку на ўзбярэжжы Дняпра (у прысвечаным Уладзіміру Караткевічу вершы “Заўжды” Сіпакоў называе раку Барысфен) з былым дырэктарам Аршанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганнай Іванаўнай Самарукавай.
Яна распавяла “ўсю праўду” пра тое, як большая частка кніг слыннага земляка пераехала са сталіцы ў райцэнтр:
“У нас у Оршы жыве і плённа працуе краявед Ігар Яршоў (ён пісаў пра мяне нарыс у кнігу “Вёрсты пройдзеных дарог” пра аршанцаў. У. Б.). Неяк ён чарговы раз набраў мой працоўны і паведаміў: прыязджае вядомы пісьменнік. Хоча пазнаёміцца з працаўнікамі гарадскіх бібліятэк і параіцца з імі па далікатным пытанні. Звяртаўся дагэтуль у Віцебск, дзе яму назвалі маё прозвішча і запэўнілі, што я змагу дапамагчы. Я кажу: “Хай прыходзіць, якія тут пытанні!” І вось я ўпершыню ўбачыла побач з сабой Івана Данілавіча. Ведаеце, ніхто раней так не скараў мяне неверагоднай звычайнасцю і інтэлегентнасцю. Я адразу адчула ягоную светлую, спагадлівую, бескарыслівую душу. Яшчэ яскрава адчувалася, што ён чалавек, як кажуць, з народа, вельмі просты ў размове і адносінах. Пагаварылі за жыццё, потым ён намаляваў мне сваю бібліятэку, і я ўсё зразумела. Павяла госця ў аддзел культуры, які ўзначальвала тады Ірына Анатольеўна Мігаль. Ні аб якім аб’яднанні горада і раёна яшчэ не гаварылася. Мігаль нас выслухала, пажадала поспехаў, і мы пайшлі ў нашу Пушкінку. Па дарозе госць пачаў цікавіцца, як канк-рэтна падарыць бібліятэку Оршы. Я сказала, што на маёй памяці і ў маёй шматгадовай практыцы падобнае ніколі не здаралася. З мецэнатамі ў свой час – вядомая справа, але ж ніякіх дакуменаў, як усё афармляецца, не засталося. Думаю, мы дамовімся з начальствам. Крыху памаўчалі, і тут я ўзяла ініцыятыву на сябе: “Іван Данілавіч, а давайце зробім, як паперы будуць падрыхтаваны, усё ў выглядзе асобнай Чытальнай залы, бо калі аддаць у агульны фонд– лёгкага жыцця не будзе ні вам, ні нам, ні кніжкам. Адзін скрадзе, другі не верне, трэці згубіць, творы распыляцца ў прасторы. Ён ухапіўся за такую ідэю, ухваліў яе і хуценька: “А пра якія вы паперы…”
Я крыху падумала, дый кажу: ” Напішыцека вы пісьмо на імя нашых мясцовых уладаў…” Ніколькі не хвалюся, але ўся мая “рыба” ўвайшла ў тое пісьмо, што напісаў Сіпакоў, як вярнуўся ў Менск, на імя старшыні Аршанскага гарвыканкама Лісоўскага.
Вось ён, гэты гістарычны ліст, які мы не без цяжкасцяў ды прыгод знайшлі, і які павінен быў вісець на самым бачным месцы чытальнай залы:
“Паважаны Мікалай Віктаравіч!
За ўсё сваё жыццё я не набыў ніякіх багаццяў апрача адзінага скарба, які маю і якім ганаруся. Ім з’яўляецца мая асабістая хатняя бібліятэка, якую я сабраў за доўгі час сяброўства з кнігаю. Яна мае звыш 10 тысяч тамоў і калісьці сярод кнігалюбаў лічылася адной з лепшых бібліятэк у Мінску.
Цяпер я па-зямляцку хачу падараваць сваю бібліятэку дарагой маёй Оршы, роднай Аршаншчыне. Бібліятэка тэматычна і жанрава разнастайная, у ёй ёсць грунтоўныя зборы сусветнай паэзіі і сусветнай прозы, літаратура па гісторыі, філасофіі, эстэтыцы, мастацтве, шматлікія энцыклапедыі, даведнікі. слоўнікі, іншая даведчая літаратура.
Я ж са свайго боку выстаўляю толькі дзве, але абавязковыя ўмовы. Першае: захаваць яе цэласнаць, не раз’ядноўваць па фондах. І другое: кнігі павінны працаваць у Оршы, для гэтага ёсць усе ўмовы: яе чытачамі могуць стаць студэнты педкаледжа (філіяла Віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава), навучэнцы чыгуначнага каледжа, вучні школ Оршы і Аршаншчыны. Дарэчы, вучні школы нумар 7 г. Оршы ў свой час зрабілі выдатную працу па творчасці Я. Сіпакова, ды і ў школьныя праграмы ўключана персаналія гэтага аўтара.
Таму, шаноўны Мікалай Віктаравіч, шчыра прашу Вас прыняць мой падарунак сваім дарагім землякам і спадзяюся на Вашу падтрымку.
Янка Сіпакоў
10 верасня 2009 г.”.
Мэр, як звычайна, напісаў на лісце: “Прашу разгледзець і ўнесці прапановы”. Самарукаву выклікала Мігаль, бо разглядаць было ёй. Спачатку хацелі назваць імем Сіпакова нейкую з бібліятэк, ды яны ўжо ўсе імянныя – Крупскай, Горкага, Караткевіча, Коласа, Корбана,тая ж Пушкінка…Тады Ганна Іванаўна прапанавала дзіцячы садок у новым мікрараёне, у яго памяшканні планавалася і бібліятэка. Сіпакоў адначасова думаў пра ільнокамбінацкую, там працавалі яго блізкія. Нічога добрага яны там не знайшлі, тым больш, кіраўніцтва збіралася ўвогуле аддаць фонд гораду. У Пушкінцы працягваўся перад “Дажынкамі” рамонт з мадэрнізацыяй. Другі паверх быў завершаны, а з першага дзіцячую бібліятэку Караткевіча перавялі ў Ратушу. Замест яе Самарукава прапанавала зрабіць залу масавых мерапрыемстваў, Заставаліся яшчэ дзве падсобкі. Адна з іх- больш за 50 квадратаў, з трыма вялікімі вокнамі ў двор, светлая, прыцягальная, утульная.
– Як вам гэта, – звярнулася Самарукава да госця.
– Божачкі, Ганна Іванаўна, родненькая, я пра такое і марыць не мог, – ускінуў рукі Іван Данілавіч і ўкленчыў перад загадчыцай.
– Вось і добра, назавём “Чытальная зала “Бібліятэка Янкі Сіпакова”.
Неўзабаве Самарукава з намеснікам пабывлі па запрашэнні ў Сіпаковых. Іх сустрэлі, як самых дарагіх гасцей. Ганна Іванаўна ўзгадала, як частавалі грыбамі, якія збіраў гаспадар у родных Зубрэвічах. Калі працавала, доўга шчэ расказвала пра іх сваім падначаленым. Пасля пачастунку зрабілі экскурсію – уся чатырохпакаёўка была ў кнігах.
– Калі ж будзеце забіраць? – пацікавіўся пісьменнік.
– Ды сёння першы транш і зробім, мы ж на бусіку, – адказалі госці.
Самарукава звярнула маю ўвагу на слова”транш”. Яна ведала: гэта частка міжнароднага займу для паляп-шэння рыначнай кан’юнктуры. Але расшыфравала яго, як “бязвыплатная пазыка”, што Сіпакову дужа спадаба-лася. У хуткім часе ён патэлефанаваў:
– Даражэнькая, калі там будзе другі транш?
Нягледзячы на хваробу, настрой у яго прыўзняўся. Адбыўся і другі. Шмат клопату прынесла апрацоўка. Трэба было кожны экзэмпляр “паставіць на ўлік”, неяк адрозніць яго ад іншых. Таму зрабілі штамп, які гаспадар зацвердзіў: “Бібліятэка Янкі Сіпакова”.
Кожны раз, як толькі ехаў на малую радзіму, Іван Данілавіч наведваў Самарукаву і дзякаваў ёй за пара-зуменне, высокі прафесіяналізм, цёплыя да яго адносіны. У Оршы годна адзначылі яго 75-годдзе. Яму заставалася жыць ( без пяці дзён) два месяцы. Дзясятага сакавіка 2011 года ягонае дзіўнае сэрца спынілася. Адкрыцця чытальнай залы сваёй рэдкай бібліятэкі майстар слова не ўбачыў, але добра ведаў – яна застанецца людзям, якіх ён цаніў і любіў пры іхнім жыцці. Адкрыццё адбылося ў чэрвені 2012-га , які быў аб’яўлены Годам кнігі!
За літаратурную спадчыну землякі вельмі ўдзячныя як самому пісьменніку, так і ягонай жонцы Раісе Фёдараўне і сыну Сяргею Іванавічу, якія прыклалі шмат намаганняў для ажыццяўлення мары роднага чалавека.
РОЗУМ І СКАРБ
Пазнаёміць з Сіпакоўкай (яна на першым паверсе ЦБ імя Пушкіна, справа ад увахода) мяне ветліва пагадзілася загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Пушкінкі Алена Фядосава.
Часу мы (а як бы павялі сябе на нашым месцы вы? ) не шкадавалі. Спачатку я ўсё вяртаўся да экспанатаў. Трэба аддаць належнае тым, хто іх сюды засяляў ды раз-мяркоўваў. Адразу кінуліся ў вочы два шыкоўныя светла-карычневыя сталы, на левым з якіх – югаслаўская бела-чырвоная друкарская машынка фірмы UNIS і драўляны распісны гадзіннік у форме кветкавай вазы, які паказвае палову дзявятай. Сапраўды, светла і ўтульна, нібы ў асабістай кватэры (на вокнах ральшторы). Адчуваеш нейкую цеплыню і спакой памяшкання. Справа, насуп-раць сталоў прыгожа аформленыя словы класіка пра бібліятэку увогуле. Вось тут бы, побач, я і прапанаваў размясціць ягонае пісьмо да мэра!
За сталамі, дзе мы насядзеліся і плённа папрацавалі, – паліцы, што глядзяць сваім літарным вокам у твары прысценных. На бліжэйшай – узнагароды, памятныя знакі і сувеніры, леваруч ад яе, над своеасаблівай паўкруглай кафедрай – карціна алеем мясцовага мастака, знаёмца пісьменніка. На ёй – Ільінская царква і рэчка Аршыца.
Найперш падышлі да паліцы з айчыннай літаратурай. Амаль уся яна, я спыніўся пры пераліку на сотні, калі Алена мяне пашкадавала і ўдакладніла, што кніг больш за 550 экзэмпляраў (усяго іх ў Сіпакоўцы 5268 ), з аўтографамі вядомых людзей, з якімі Іван Данілавіч сябраваў, якія яго ведалі, з якімі сустракаўся на літаратурных і проста жыццёвых сцяжынках.
Адным з першых аўтографаў стаў сяброўскі надпіс аднакурсніка Юрыя Новікава на паэтычным томе Пімена Панчанкі. Праз пэўны час з’явіліся аўтографы і самой славутасці. Сваю кніжку “Зямля пад белымі крыламі” У.С. Караткевіч падпісаў так: “Дарагому другу і земляку ва ўсіх сэнсах (і па зямлі, і па сэрцу) Янку Сіпакову на добры ўспамін. Ул. Караткевіч. 21 лютага 78 г.” На кніжцы казак “Чортаў бот” ён жа “намаляваў”: “Чорту Янку Сіпакову ад чорта Уладзіміра Караткевіча”.
Шчырыя дароўныя подпісы Рыгора Барадуліна стаяць, лічы, на ўсіх яго ранніх творах. На адным з падарункаў прачытаў: “Дарагому Янку Сіпакову – паэту ва ўсіх адносінах і шчыраму сябру. Успомні, дружа, студэнцкія гады і наш 54-ы. З пажаданнем Нёмана радасці і Мінскага мора натхнення. Твой сябра Рыгор Барадулін”.
Сваё месца займаюць серыі “ЖЗЛ”, рускай і замежнай літаратуры: серыі “Бібліятэка сусветнай літаратуры”, “Майстры сучаснай прозы”, зборы твораў М. Дастаеўскага, А. Чэхава, Т, Драйзера, Д, Стэйнбека, М. Твэна… У серыях “Скарбніцы лірычнай паэзіі” і “Бібліятэка паэта” – вершы і паэмы Т. Шаўчэнкі, А. Фета, Яніса Райніса, Лесі Украінкі, А. Блока, Баратынскага, можна працягваць… Аматараў зацікавіць серыя “Творы беларускага фальклору”.
Асабістую каштоўнасць уяўляюць рэдкія выданні. З павагай і ўсхвалявана гартаю “Сочинения графа Сологуба” (1885 г.) , “Сочинения Николая Гречи” (1885 г.), “Сочинения Г. П. Данилевского” (1901 г.) , “Бярозку” Ядвігіна Ш., выдадзеную “Віленскім выдавецтвам Б.А. Клёцкіна” ў 1923 годзе, зборнік вершаў Янкі Купалы “Шляхам жыцця” таго ж года і таго ж выдання, “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік Вацлава Лас тоўскага, выдадзены Міністэрствам Беларускіх спраў у Літве (Коўна, 1924 год.), выданне Беларускага Грама-дзянскага Сабрання ў Вільні “Беларускі каляндар на 1925 год”, “Беларускі арнамент” (1953 г.). І тут можна працяг-ваць…
І вось яна, даражэнькая паліца самога Сіпакова. З яе пазіраюць на нас з надзеямі і пажаданнямі дабра і шчаслівых дзён нарысы і апавяданні, вершы і эсэ, навелы і аповесці, прытчы і мініяцюры, гумарэскі і фантастыка, а гэтаксама пераклады. Дзякуючы апошнім, на беларускай мове пачалі размаўляць А. Пушкін і А. Міцкевіч, Т. Шаўчэнка і А. Блок, К. Чукоўскі і дзясяткі іншых знакамітых паэтаў. Сіпакоў прыручыў, нібы птушак, а затым выпусціў у вольны палёт вершы кітайцаў Ду Фу і Ван Міна. Пераклаў “Боскую камедыю” Дантэ Аліг’еры. Творы самога Івана Данілавіча размаўляюць на ангельскай, балгарскай, польскай, сербскай і іншых мовах сусвету.
У лістападаўскім нумары “Полымя”за 2012 год я прачытаў заканчэнне лебядзінай песні слыннага земляка “Мая бібліятэка” з падзагалоўкам “Кніга пра кнігі”. Ён яшчэ не ведаў, што гэты твор стане для яго апошнім. Між тым, ва ўступным слове напісаў: “Час збіраць камяні, і час думаць пра тое, што ўрэшце рабіць з імі, сабранымі”. І я думаю, менавіта пішучы гэта, Сіпакоў вырашыў перадаць бібліятэку яшчэ пры жыцці. Дарэчы, для тых, хто зацікавіцца, скажу: першая частка “Бібліятэкі” пабачыла свет у 1-3 нумарах “Маладосці” за 2011 год, яшчэ пры жыцці аўтара.
Другая “паліца” – у 2-3, 5-6 і 10-11 нумарах часопіса “Полымя”. Рукапіс падрыхтаваў сын Сяргей.
На погляд майстра залатога беларускага слова, бібліятэка – гэта сабраны разам увесь розум чалавецтва за ўсе часы і народы з таго часу, як патухлая зорка Зямля зрабілася жывою, скарб, якім можна бесперашкодна і з радасцю карыстацца кожны чалавек на планеце. Давайце ж далучымся да тых, хто гэта, нягледзячы на электроніку, робіць і паразумнеем, дзякуючы майму непаўторнаму земляку, Чалавеку і Творцу з вялікай літары.